Вы тут

Ці ёсць у вас уласнае жыллё і як вы яго набылі?


Гэтае пытанне актуальнае ва ўсе часы, таму мы задалі яго тым беларусам, якія маюць уласныя кватэры, і тым, хто не спяшаецца ўвязвацца ў куплю свайго жылля.


Натарыус Марыя ЯРМОЛЕНКА:

— Бацькі з самага майго дзяцінства практычна ва ўсім адмаўлялі і сабе, і мне, і майму старэйшаму брату. У нас не было нейкіх цацак, таму што яны збіралі грошы нам на жыллё. У іх была такая мэта: каб дзеці выраслі і кожны меў свой уласны куток. Спачатку атрымалася набыць кватэру брату, для гэтага бралі крэдыт, які склаў каля траціны кошту кватэры. Астатняе — гэта тое, што назбіралі, чым дапамаглі бабулі і дзядулі. Як гавораць, збіралі «з міру па нітцы». У гэтай кватэры з братам жыла і я, паколькі на другую жылплошчу грошай не было. Потым, калі памерлі бабулі і дзядулі, — якія, дарэчы, жылі ў вялікіх гарадах, — засталася спадчына. Яе частка і склала пачатковы капітал для куплі маёй кватэры. Астатняе — гэта таксама крэдыт, у кагосьці нешта яшчэ пазычылі. Так я і пераехала ва ўласнае жыллё. Мне здаецца, калі браць крэдыт, то пабудаваць жыллё самому можна, але стаяць у той жа чарзе — гэта ж вельмі доўга. Калі ты жывеш на здымнай кватэры, то тую частку грошай, якую мог бы адкласці, ты плаціш арэндадаўцу. Якая б зарплата ў цябе ні была — як назбіраць, калі значная частка ідзе на арэнду?

Лагіст Ганна ВІЛЬЧЫНСКАЯ:

— Я нарадзілася ў Мінску і пражыла тут шмат гадоў. Жыла ў адной кватэры з мамай і братам. Потым брат пераехаў, я выйшла замуж, пераехала да мужа, нарадзіла дачку. У шлюбе мы пражылі нядоўга, пасля чаго я з дачкой вярнулася назад да маці. Грошай было няшмат, аб уласнай кватэры ў сталіцы і гаворкі быць не магло. І я вырашыла ўсё змяніць: паехаць у Маскву, знайсці добрую працу... У Маскве на здымных кватэрах я пражыла 8 гадоў, пасля чаго вырашыла, што з мяне хопіць. Мы з другім мужам пазычылі траціну сумы на кватэру, астатняе ўзялі ў крэдыт. Наша кватэра знаходзіцца недалёка ад кальцавой аўтадарогі, аднак усё роўна каштуе немагчыма дорага. Зараз мы зрабілі рамонт, абжываемся, аднак наперадзе яшчэ доўгія гады вяртання грошай. Але я шчаслівая: жыць ва ўласнай кватэры і ведаць, што цябе дакладна не выселяць, не павысяць арэндную плату, — гэта здорава.

Прадавец у краме тэхнікі Сяргей ДУБРОЎСКІ:

— Зараз гэтае пытанне для мяне як ніколі актуальнае, таму што ў дадзены момант я займаюся афармленнем крэдыту на ўласную кватэру. Нам з жонкай ужо за 30 гадоў, пажаніліся мы зусім юнымі. Жылі дзе прыйдзецца: спачатку ў маіх бацькоў, потым у бабулі, потым здымалі кватэру, потым са сталіцы пераехалі ў Барысаў, дзе спачатку жылі ў сваякоў, а потым арандавалі жыллё. У выніку мы вярнуліся ў Мінск і знялі жыллё. Пра сваю кватэру марылі даўно, аднак наша «сярэдняя» зарплата не дазваляе нам ні адкласці, ні тым больш што нешта купіць. Дапамаглі мае бацькі: яны прадалі сваю кватэру і пераехалі ў аднапакаёвую, а тыя грошы, што засталіся ад продажу, аддалі нам. Гэтага хапіла на першы ўзнос, астатняе вырашылі браць у крэдыт. Штомесячныя плацяжы будуць, мякка кажучы, немаленькія. І пакуль не зусім ясна, як іх выплачваць. Што ж, будзем старацца выплачваць, таму што вельмі хочацца жыць ва ўласнай кватэры.

Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю кампаніі Vіzor Іnteractіve Вераніка РЭЎТ:

— У мяне свайго жылля няма. І калі шчыра, то я разумею, што купіць кватэру ў мяне адной шанцаў вельмі і вельмі мала. Нават пры несярэдняй зарплаце па Мінску трэба адмовіцца ад усяго на шмат гадоў, каб набыць сваё жыллё, хутчэй за ўсё, давядзецца ўзяць крэдыт у банку... Таму будаўніцтва жылля ў Беларусі я зараз не разглядаю, паколькі планую з'ехаць у іншую краіну. Магчыма, за мяжой у мяне атрымаецца купіць кватэру, а да гэтага планую яе здымаць. Жыллё ў Мінску для мяне — гэта нешта недасягальнае. У мяне ёсць знаёмыя, якія куплялі кватэры ў Мінску, але ім гэта ўдавалася толькі дзякуючы бацькам і сваякам. Акрамя таго, яны сур'ёзна эканомілі. І зноў паўтаруся: калі ты адзін, дапамогі бацькоў, сваякоў няма, спадчына адсутнічае, — купіць жыллё ў Мінску нерэальна. І я ведаю вельмі шмат людзей, якія доўгія гады адкладалі і эканомілі проста на ўсім, а потым яшчэ і аддавалі даўгі. Падумайце, ці трэба вам гэта.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.