Вы тут

Як працуе рэспубліканскі Цэнтр рэагавання на надзвычайныя сітуацыі


Стужкі навін сусветных агенцтваў ужо другі тыдзень поўняцца навінамі з амерыканскага кантынента. На змену ўрагану «Харві» прыйшла не менш страшная «Ірма». І ўзнікае лагічнае пытанне: а наколькі добра працуе сістэма папярэджання аб такіх пагрозлівых з'явах надвор'я? Карэспандэнт «Звязды» шукаў адказ на яго з дапамогай супрацоўнікаў Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Беларусі.


Адначасова са стварэннем Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі ўзнікла патрэба ў адмысловай рэгулюючай структуры. Меркавалася, што яна арганізавала б узаемадзеянне з усімі дзяржаўнымі органамі нашай краіны, узяла на сябе абавязкі па апавяшчэнні органаў і камісій, а таксама насельніцтва аб пагрозе і ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі. Такой структурай і стаў Рэспубліканскі цэнтр кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі.

Ён да 2015 года знаходзіўся ў Мінску на Лагойскім тракце. Два гады таму скончылася будаўніцтва новага комплексу на вуліцы Іерусалімскай. Будынак ужо ўзводзіўся пад сучаснае абсталяванне — тэлекамунікацыйныя сістэмы кіравання і сувязі, якое дазваляе працаваць як з абстаноўкай унутры дзяржавы, так і на міжнародным узроўні ў адпаведнасці з пагадненнямі, якія заключылі ўрады і МНС. Абмен інфармацыяй ідзе штосутачна, пры пагрозе надзвычайнай сітуацыі — неадкладна. Цяпер, сярод іншага, з'явілася магчымасць праводзіць і сеансы відэаканферэнцсувязі для таго, каб прыцягваць экспертаў і ў рэжыме анлайн абмяркоўваць бягучую сітуацыю.

Структура, падобная на беларускі Цэнтр, яшчэ з 1995 года працуе ў Расіі. Яна шмат у чым нагадвае нашу, але мае зусім іншыя маштабы. У нас яна — адна на ўсю краіну, у іх — такіх некалькі з-за куды большай тэрыторыі. Амаль поўнасцю аналагічныя нашаму Цэнтру структуры існуюць у нашых суседзяў — Польшчы, Украіны, Літвы і Латвіі.

Асноўная работа Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі праходзіць у зале аператыўнага кіравання. Адразу ж на ўваходзе кідаецца ў вочы велізарны панарамны экран. Тут збіраецца інфармацыя аб здарэннях, якія запатрабавалі ўдзелу ратавальнікаў з усёй краіны. На падставе яе штораніцы рыхтуецца зводка, якая трапляе на сайт МНС.

— Давайце паглядзім, што ў нас на панарамным экране, — кажа галоўны аператыўны дзяжурны Валерый Рослік. — Адну яго частку запаўняе інжынер аддзела маніторынгу. Тут выводзіцца інфармацыя з сайтаў надвор'я, якія адсочваюць абстаноўку ва ўсім свеце. Можна, напрыклад, паназіраць за праходжаннем навальнічных франтоў, станам водных аб'ектаў... Адзін з сектараў прысвечаны дарожнай абстаноўцы ў Мінску. Датчыкі паказваюць тэмпературу паветра і пакрыцця. Практычна на ўсіх праблемных участках, дзе ўзнікаюць заторы, устаноўлены відэакамеры, якія транслююць сітуацыю на іх у рэжыме анлайн.

Большую частку экрана займае інтэрактыўная карта Беларусі. Там паказваюцца паведамленні аб надзвычайных сітуацыях, якія паступілі да нас. Месца здарэння абавязкова суправаджаецца GРS-каардынатамі. Пры ўнясенні ў журнал яны звязваюцца з картай, і таму можна паглядзець, дзе менавіта адбыўся пажар, ДТЗ... Адзін клік камп'ютарнай мышы — і перад вамі з'явіцца кароткая інфармацыя з датай і часам здарэння, апісаннем і храналогіяй ліквідацыі, а таксама аб пацярпелых.

— Але мы назіраем і за міжнароднай абстаноўкай, — працягвае Валерый Рослік. — Вось зараз мы можам адсочваць ход таго, як у Карыбскім моры бушуе «Ірма». І калі да нас пойдзе магутны цыклон, як тое было ў 2013 і 2016 гадах, то мы гэта заўважым за некалькі дзён да таго, як яго траекторыя закране Беларусь. Акрамя таго, мы назіраем за сітуацыяй па лініі МАГАТЭ.

Мы мусім ісці з часам у нагу. Новыя тэхналогіі заўважна спрашчаюць работу. Раней жа было як? Дзяжурны прыняў паведамленне і запісаў яго ў журнал. А пасля змена пачынала апавяшчаць усе дзяржаўныя органы па тэлефоне. Гэта было вельмі нязручна і займала шмат часу.

Сістэма работы залы аператыўнага кіравання вельмі лагічная. Ёсць тры рэжымы сістэмы рэагавання на надзвычайныя сітуацыі: усядзённы, павышаны і надзвычайны. У залежнасці ад іх і працуе належным чынам зала аператыўнага рэагавання. Дзяжурная змена збірае інфармацыю, аналізуе яе і прымае неабходныя рашэнні. Сярод іншага, і апавяшчае дзяржаўныя органы пры неабходнасці — скажам, калі на краіну насоўваецца ўраган. Тут жа працуюць спецыялісты сувязі, каб ратавальнікі маглі ў найкарацейшыя тэрміны праінфармаваць насельніцтва аб пагрозе. Зараз гэта праяўляецца ў рассыланні sms і з'яўленні бягучага радка ў эфіры радыё і тэлебачання. Напрыклад, для Мінска даволі актуальнай апошнім часам стала праблема вельмі інтэнсіўных ліўневых дажджоў. А спецыяліст маніторынгу і прагназавання адсочвае інфармацыю з усіх датчыкаў у краіне, узаемадзейнічае з Гідраметам, запаўняе мабільную праграму МНС «Дапамога побач», складае карты надзвычайных здарэнняў.

— Разам з тым ні мы, ні сіноптыкі не могуць сказаць, дзе цыклон зменіць сілу і дзе менавіта ён пройдзе, — гаворыць Валерый Рослік. — Нас папярэджваюць, і мы ў сваю чаргу інфармуем дзяржорганы аб тым, каб па сістэме апавяшчэння яны паведамілі кіраўнікам прадпрыемстваў і галін улады, каб яны падрыхтаваліся да неспрыяльнай з'явы. І вельмі часта папярэджанне пацвярджаецца, але маштабы непагадзі, як правіла, меншыя. Таму гэта варта ўспрымаць як перастрахоўку, а не заяўляць, што прагноз чарговы раз апынуўся недакладным.

З нядаўняга часу Беларусь падключана да Еўрапейскай сістэмы апавяшчэння аб паводках ЕFАS. Гідралагічная інфармацыя штодня перадаецца з Цэнтра. А на інтэрактыўнай карце можна паглядзець, дзе зараз узровень вады можа павысіцца. Для Беларусі ж трансгранічныя паводкі бываюць актуальныя ўвесну. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці шмат прытокаў Прыпяці цякуць з поўдня на поўнач, дзе яшчэ лёд можа не растаць.

— Акрамя таго, мы збіраем і аналізуем радыялагічную і пажарную абстаноўку, — кажа інжынер аддзела маніторынгу Таццяна
Вараб'ёва.
 — Таксама працуем і з касмічнымі здымкамі. Выявіць цеплавыя анамаліі можна са спадарожніка. Вось, напрыклад, у жніўні ў Беларусь усё-такі прыйшла 30-градусная спякота, ды і моцных дажджоў даволі доўга не было, але з дапамогай апаратуры мы змаглі кантраляваць абстаноўку ў нашай краіне.

Тым часам

На базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» распачаўся XX Рэспубліканскі злёт юных ратавальнікаў-пажарных. У ім паўдзельнічаюць амаль 200 юнакоў і дзяўчат з усёй краіны. Дэлегаты з'яўляюцца членамі Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных.

На працягу трох тыдняў 8 камандаў будуць спаборнічаць за права стаць лепшымі ў многіх конкурсах. Хлопцы і дзяўчаты пакажуць свае ўменні падчас самых разнастайных сітуацый, сярод якіх — выратаванне чалавека на вадзе, аказанне першай медыцынскай дапамогі. Таксама яны паўдзельнічаюць у зводных палявых вучэннях.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

sсhklеnnіk@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?