Вы тут

Чым зоны адчужэння вабяць сталкераў?


Сталкерам называюць чалавека, які наведвае і даследуе закінутыя месцы. Упершыню гэта слова было выкарыстана Аркадзем і Барысам Стругацкімі ў 1972 годзе ў аповесці «Пікнік на абочыне» і папулярызавана ў фільме Андрэя Таркоўскага «Сталкер». Цікавасць да такіх месцаў, асабліва сярод моладзі, актывізавалася пасля аварыі на ЧАЭС. Пра тое, што даюць чалавеку гэтыя падарожжы, са свайго вопыту расказаў знаўца закінутых месцаў Пётр Філон.


Пётр у пятым недабудаваным энергаблоку ЧАЭС, з гайкай ад яго.

Хлопец вырас у Гомелі. З наступствамі аварыі на ЧАЭС знаёмы з дзяцінства — быў адным з першых удзельнікаў праграмы «Дзеці Чарнобыля», у рамках якой некалькі гадоў ездзіў у Італію на летніх канікулах.

Па адукацыі Пётр — фізік, спецыялізуецца ў оптыцы. Падчас навучання ў магістратуры ён працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту, дзе, на яго погляд, была адна з найлепшых у краіне навучальных лабараторый радыяцыйнай бяспекі. Там і захапіўся гэтай тэмай. Цяпер наш герой — экскурсавод па зоне адчужэння, дарэчы, універсітэцкія веды яму вельмі спатрэбіліся.

— Калі я служыў у арміі, наша часць размяшчалася ў былой лакацыі ракетных войскаў СССР. Вакол было вельмі шмат закінутых ангараў і бункераў. Тады ў мяне і з'явіўся запал да даследавання закінутых аб'ектаў. Калі атрымлівалася палазіць па тых бункерах, гэта было для мяне адначасова і адпачынкам, і захапленнем. Часта я сам напрошваўся на збор грыбоў для афіцэрскай сталовай, каб там пагуляць. Гэта былі першыя закінутыя месцы, якія я наведаў. Шкада толькі, што не было добрага фотаапарата, — успамінае хлопец.

У 2013 годзе Пётр Філон ператварыў хобі ў работу — стаў арганізоўваць туры ва ўкраінскую зону адчужэння. Ён быў там ужо больш за 60 разоў, але, як прызнаецца, нават за свой пяты сезон даследаваў не ўсё.

— Застаў ЧАЭС яшчэ ў старым выглядзе, з трубой ВТ-2 і старым саркафагам. Затым быў сведкам будаўніцтва новага канфайнмента, — расказвае Пётр.

У Беларусі ён наведваў закінутыя месцы толькі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Падарожнічае хлопец у асноўным на аўтамабілі — так дабрацца і прасцей, і хутчэй. Звычайна вылазка займае ўсяго адзін дзень.

— Маё любімае месца — сядзіба Герардаў у вёсцы Дзям'янкі — гэта зона адсялення ў Добрушскім раёне. Месца напоўнена гісторыяй і легендамі пра прывідаў. Кажуць, падчас Першай сусветнай вайны полк рускіх войскаў спыніўся ў маёнтку Герарда. Адзін з афіцэраў і дачка гаспадара Рыта закахаліся адно ў аднаго. Полк пайшоў на фронт, і Рыта збегла ўслед за каханым. Герард загадаў дагнаць яе. Пасля вяртання дзяўчына выйшла ў парк і застрэлілася з пісталета бацькі. Цяпер кажуць, яе прывід блукае па наваколлі.

Загарызонтная радыёлакацыйная станцыя «Дуга».

Таксама Пятру запомніўся паход з сябрамі ў вайсковую часць каля вёскі Баршчоўка, таму што з-за яго наш герой спазніўся на ўласны дзень нараджэння — госці пачалі свята без яго.

— Мы вырашылі пакінуць машыну за 15 кіламетраў ад часці і прайсці да яе пешшу. З мабільнымі праграмамі заблукаць складана, але гэта быў пачатак вясны — мясцовасць забалочаная, прайсці нідзе нельга. Патрэбнае месца знайшлі толькі праз пяць гадзін блуканняў, мокрыя і стомленыя, — расказвае Пётр.

Дарэчы, гэта далёка не адзінае экстрэмальнае падарожжа ў сталкерской біяграфіі героя.

— Ва ўкраінскай зоне праводзіў індывідуальны тур. Вёз хлопцаў з Брэста, у іх кампаніі была госця з Кентукі (ЗША). На адной з дарог зоны (якраз насупраць ЧАЭС), каля рудога лесу, мы прабілі на выбоінах паддон рухавіка. Рухацца далей — нельга, праграма — строга па часе, начаваць у Чарнобылі — таксама ніяк... Але Чарнобыль — маленькі горад, усе адзін аднаго ведаюць. Суправаджальнік знайшоў тых, хто змог адбуксіраваць нас за межы зоны. Адначасова даведваліся, ці ёсць патрэбная дэталь дзе-небудзь паблізу. Запчасткі не было, але знайшлі сэрвіс у Іванкаве, дзе маглі б узяцца за рамонт. Угаварылі ўсіх, хто нам дапамагаў, пачакаць, пакуль мы паглядзім (ужо пешшу) Прыпяць, бо з Кентукі кожны дзень туды не наездзішся! У Іванкаве, ужо пасля закрыцця, нас чакаў майстар у аўтасэрвісе — дзякуй богу, сюрпрызы скончыліся.

Падкормка ліса Мікіты.

Тое, што далёкія госці наведваюць зоны адсялення, Пятра не здзіўляе. Ён расказвае, што гэта даволі частая з'ява. Часам прыязджаюць цэлыя аўтобусы з кітайскімі або амерыканскімі групамі, шмат турыстаў з Польшчы і Японіі. У гэтых краінах нямала арганізатараў такіх паездак, а адкрыты нядаўна «бязвіз» ва Украіну прыцягнуў яшчэ больш цікаўных. На экскурсіі да Пятра прыязджалі турысты з Чыкага, Чэлябінска, Алматы, Тэль-Авіва, Мюнхена, Парыжа і іншых гарадоў. Паводле слоў сталкера, на іх за пяць гадоў пабываў таксама хоць бы адзін жыхар кожнага, нават самага маленькага беларускага гарадка.

Бліц

— Што найперш узяць у дарогу сталкеру-пачаткоўцу?

— Галоўнае, не забыцца на фотаапарат, каб потым асвяжыць у памяці ўражанні.

— Самы папулярны сталкерскі сняданак?

— «Мівіна» з тушонкай.

— У колькі (па часе і фінансава) звычайна абыходзіцца падарожжа?

— Усё залежыць ад маршруту. Мае асноўныя траты — на бензін, астатнія выдаткі можна назваць неістотнымі.

— Дзе шукаць кампанію?

— У тэматычных групах сацсетак, але і сярод сваіх знаёмых заўсёды можна знайсці тых, каму гэта будзе цікава.

— Топ месцаў, якія трэба наведаць, каб лічыць сябе сапраўдным сталкерам?

— Аб'ект Гомель-30, стары аэрапорт у Зябраўцы, бункер Гарбачова (сам не быў, але мару пабываць там), Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік і вёскі ў яго наваколлі. Цікавых месцаў — сотні, але абавязкова трэба паглядзець самую зону адчужэння.

У градзірні трэцяй чаргі ЧАЭС.

Пытаем у героя, чаму суайчыннікі даволі актыўна цікавяцца наведваннем закінутых мясцін.

— У першую чаргу, гэта пазнавальны інтарэс. Рызыкі і экстрыму дадае тое, што патрэбныя мясціны трэба шукаць, часам блукаючы па лесе. У адрозненне ад культурнага турызму, на закінутых тэрыторыях не сустрэнеш соцень людзей. Выключэнне можа скласці толькі Прыпяць — перад накрыццём новага саркафага на ЧАЭС у Прыпяцкім парку было людзей больш, чым да аварыі.

— Пасля даволі экстрэмальных падарожжаў цікавасць да стандартных трыпаў не знікла? З'ездзіць на мора і г. д.?

— Да звычайнага турызму інтарэс таксама ёсць, па магчымасці імкнуся куды-небудзь ездзіць. Нядаўна быў, напрыклад у Піцеры.

Аб'ектыў Чарнобыль-2.

Будзь у курсе!

Экскурсіі праходзяць па праграме, падпісанай кіраўніком зоны і рэжымным аддзелам, і строга ў адпаведнасці з ёй. Менавіта турызм у зоне забаронены. Туры называюцца «наведваннем групай грамадскасці з азнаямленчай мэтай», яны не патрабуюць дамоваў.

На кожнай экскурсіі прысутнічае супрацоўнік зоны адчужэння, які суправаджае групу.

Ёсць дазвол на кожнага ўдзельніка, а таксама пропуск на транспарт.

Мяжа перасякаецца ў пунктах пропуску афіцыйна, са штампамі, мытняй і пашпартным кантролем.

Кампетэнтна

Сталкерам-пачаткоўцам неабходна памятаць, што незаконнае наведванне зоны адчужэння цягне за сабой наступствы. Як паведаміў Канстанцін ШАЛЬКЕВІЧ, афіцыйны прадстаўнік МУС, з пачатку 2017 года супрацоўнікамі АУС Гомельскай вобласці ў дачыненні да 120 чалавек былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па арт. 16.3 КаАП Рэспублікі Беларусь за парушэнне патрабаванняў рэжыму радыяцыйнай бяспекі ў мясцовасцях, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню. Згодна з другім пунктам гэтага артыкула, парушэнне патрабаванняў рэжыму радыяцыйнай бяспекі ў спецыяльна адмежаванай зоне радыеактыўнага забруджвання, якое праявілася ў пранікненні ў гэтую зону <...>, цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь <...>. Дзеянне, учыненае паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, цягне спагнанне штрафу ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь.

Дар'я СПЕВАК

dashaspevak@gmaіl.com

Загаловак у газеце: Зоны прыцяжэння

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.