Вы тут

Дзяўчына ў шлеме хакейнага галкіпера


Думаеце, хакей — мужчынская гульня, а дзяўчатам застаецца толькі танцаваць у групе падтрымкі або хварэць за каманду на трыбунах? Тады знаёмцеся: мінчанцы Юліі Абасавай 29 гадоў, яна працуе ў сферы ІT, апроч гэтага, мая суразмоўніца — варатар аматарскай каманды сталічнага хакейнага клуба «Саюз». Юлія не па чутках ведае: у гэтага віду спорту, без сумненняў, можа быць і жаночы твар!


У клубе дзяўчына займаецца са снежня мінулага года. Гэта яе першая каманда, раней Юлія нідзе не гуляла. Дарэчы, у асноўным складзе ёсць яшчэ адна прадстаўніца жаночага полу, яна — нападаючы. Усе астатнія гульцы — хлопцы. Па словах хакеісткі, калі па-за гульнёй мужчыны і ўспрымаюць яе як дзяўчыну, то на лёдзе гэта не мае значэння. Юлія з задавальненнем падзялілася сваім жаночым пунктам гледжання на хакей.

— Як даўно з'явілася цікавасць да гэтага віду спорту?

— Колькі сябе памятаю, столькі люблю хакей. У нас на дачы былі старыя савецкія канькі вялізнага памеру. Калі была маленькай, абувала іх і хадзіла па хаце, уяўляла, быццам я на лёдзе. З дзяцінства марыла стаць менавіта варатаром. Зімой мы часта гулялі з сябрамі ў хакей, і ніхто чамусьці не хацеў станавіцца на вароты, а мяне пра гэта і прасіць не трэба было! Праўда, у якасці варотаў тады выкарыстоўвалі металічныя скрынкі ад малочных бутэлек.

— Як ставяцца да захаплення сябры і блізкія?

— Бацькі адзін раз схадзілі на гульню, пасля гэтага мама прызналася, што падчас матча ў яе ледзь сэрца не спынілася. Таму больш стараюся яе не запрашаць, бо яна вельмі за мяне хвалюецца. Тата таксама не разумее, навошта яго дачцэ хакей. Але блізкія людзі ўсё роўна ведаюць, што гэта важная частка майго жыцця. У іншых такое захапленне заўсёды выклікае здзіўленне.

— Якімі якасцямі павінен валодаць хакеіст?

— Самае галоўнае — гэта жаданне перамагчы самога сябе. Калі толькі пачынала гуляць у варотах, то пры кідку нападаючага заплюшчвала вочы. Так, гэта нармальная рэакцыя, але для варатара вельмі важна заўсёды бачыць момант кідка. Каб пераадолець свой страх, я кожны раз гучна сабе казала: «Глядзі на шайбу!» Самаўнушэнне і ўпартасць дапамаглі. Цяпер ужо нічога не баюся.

Кожны хакеіст павінен успрымаць каманду як адзіны арганізм. Важна разумець, што гол — гэта памылка ўсіх, а не канкрэтнага чалавека. Членам каманды не варта вінаваціць адзін аднаго ў няўдачах, бо гульня будуецца на ўзаемным даверы. Слабая, але з'яднаная каманда можа адолець нават больш моцнага саперніка.

— Самы яркі ўспамін, звязаны з гульнёй?

— Аднойчы мне выпала магчымасць пабываць на матчы каманд НХЛ «Нью-Ёрк Рэйнджэрс» і «Караліна Харыкейнз» у Нью-Ёрку. Білеты мне падарылі на дзень нараджэння. Я сядзела за варотамі «Караліны», ім тады забілі, калі не памыляюся, шэсць галоў. Гэта быў вопыт!

Канешне, прыгадваецца і мая першая гульня — таварыскі матч у Беразіне. Усё праходзіла зімой на адкрытай пляцоўцы, мароз быў амаль 20 градусаў. Сустрэлі нас вельмі ветліва, было шмат мясцовых балельшчыкаў. А самае галоўнае — ніхто не паверыў, што на варотах стаяла дзяўчына! Для мяне гэты дзень стаў сапраўдным святам!

— Чаму найперш навучыў хакей?

— На гэтае пытанне я б адказала англійскім словам «оvеrсоmе», што перакладаецца як «пераадолець». Бывалі моманты, калі хацелася ўсё кінуць: настолькі нічога не атрымлівалася, што здавалася, «хакейныя багі» проста здзекуюцца! Цяжка захоўваць прысутнасць духу, калі ў твае вароты залятае па 10—12 шайбаў. Я навучылася ставіцца да няўдач спакайней, бо ў перажываннях няма сэнсу — яны толькі перашкаджаюць.

— Якіх мэт хацелася б дасягнуць у будучым?

— Галоўнае — павышаць свой узровень майстэрства. Яшчэ шмат чаму трэба навучыцца. Хацелася б прадстаўляць Беларусь на спартыўных спаборніцтвах. На жаль, у нашай краіне пакуль няма жаночай зборнай па хакеі. Але ж з-за гэтага не варта апускаць рукі, праўда?

Ганна ЯЎСЕЙЧЫК, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?