Вы тут

Сіла думкі


Да нядаўняга часу была ўпэўнена, што на здаровы лад жыцця сёння «падсеў» ледзь не кожны другі. Сябры посцяць у сацыяльных сетках фота запечанай курынай грудкі і фруктовых перакусаў, трыкатажныя фабрыкі выпускаюць спартыўныя касцюмы не толькі для школьнікаў, а трэнажорныя залы адкрываюцца па прынцыпе крамаў крокавай даступнасці. Але статыстыка, як аказалася, фіксуе зусім іншы вынік.


Паводле звестак Белстата, толькі 9,4 працэнта гараджан і 3,8 працэнта вяскоўцаў вядуць здаровы лад жыцця. Яшчэ 90 працэнтаў беларусаў лічаць, што гэта важна, але самі не прытрымліваюцца яго. Нечакана, праўда?

Чаму так? У навукоўцаў якраз ёсць версія. Кажуць, карысную звычку набыць нашмат складаней, чым шкодную. Даследчыкі з аддзялення эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Універсітэцкага каледжа ў Лондане правялі эксперымент. 96 добраахвотнікаў на працягу 12 тыдняў прымушалі даводзіць да аўтаматызму такія рытуалы, як піць сок, есці фрукты і бегаць па 15 хвілін. Каб прывучыць сябе да рэгулярных прабежак, удзельнікам спатрэбілася ў сярэднім 66 (!) дзён (а шэсць чалавек увогуле кінулі гэту задуму). А вось шкодныя звычкі прычапляліся імгненна. Быццам бы справа ў хуткім задавальненні, якія прыносяць пірожныя і мяккая канапа. Як у анекдоце: «Зрабіў пяць падыходаў па 50 і адчуваю сябе цудоўна. Мой сакрэт у тым, што я замяніў прысяданні на каньяк».

І сапраўды: як знайсці час на спорт, калі вакол столькі спакус? Фестывалі вулічнай ежы, рэстараны хуткага харчавання... У трэнажорцы, дзе я займалася, бегавыя дарожкі стаялі перад акном, адкуль адкрываўся цудоўны від на... бургерную. Стрымлівала толькі тое, што яна была зачынена на рамонт.

Хоць была спроба ўпісаць фастфуд у канцэпцыю здаровага ладу жыцця. Адзін інтэрнэт-партал паспрабаваў запусціць эксперымент: трое хлапцоў збіраліся прывесці сябе ў форму, і пры гэтым ім дазвалялася з'ядаць па бургеры ў дзень. У тэорыі ўсё павінна было атрымацца. Але на практыцы мужчыны справіліся на выдатна толькі з другой часткай задання — з'ядаць па бургеры (якраз, напэўна, спонсар пастаўляў іх бясплатна). А вось са спортам нешта не заладзілася. Ну і з вынікамі такога эксперымента, як вы здагадаліся, таксама. За месяц вага хлопцаў не зменшылася і на кілаграм.

Але ідэя добрая — час ад часу паддавацца спакусам, каб фітнес і здаровае харчаванне не здаваліся катаргай (памятайце, што, па абяцаннях вучоных, гэта адчуванне павінна знікнуць праз 66 дзён). Я, напрыклад, пасля трэніроўкі дазваляю сабе з'есці што заўгодна. Але не ўсю патэльню і не менш чым за дзве гадзіны да сну. Такі вось кампраміс.

І не стамлюся казаць, што трэба выбіраць той від фізічнай нагрузкі, які прыносіць вам задавальненне. Сілавыя трэніроўкі, аэробіка, ёга, пілатэс, тэніс, балет... Балет, дарэчы, ідэальны варыянт не толькі для цела, але і для душы. Чытала, што салдаты арміі Паўднёвай Карэі займаюцца ім, каб знізіць стрэс. Кожны тыдзень пераабуваюцца з берцаў у балеткі і развучваюць танцавальныя па.

Мне здаецца, што фітнес-студый будзе адкрывацца яшчэ больш. Бо калі ў цябе сядзячая работа, трэба недзе дабіраць актыўнасць (а з беларускім надвор'ем рэгулярныя вулічныя трэніроўкі сабе можа дазволіць толькі вельмі загартаваны чалавек). І лепш уцягнуцца раней, каб фітнес быў прафілактычным, а не лячэбным. Маёй знаёмай, якая працуе праграмістам, ужо даводзіцца хадзіць на масажы, каб пазбавіцца ад боляў у спіне. А яна, між іншым, мая аднагодка.

І напрыканцы — рэцэпт, як усё ж такі «падсесці» на здаровы лад жыцця. Ад вучоных са Стэнфарда. Яны запэўніваюць, што, каб быць актыўным, трэба... думаць, што ты актыўны. Маўляў, нашы чаканні ўплываюць на фізічныя паказчыкі. Не ведаю, як гэта працуе, але, думаю, варта паспрабаваць. Пайшла на трэніроўку. У думках.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.