ІT-лагер — сумесны праект Міністэрства адукацыі і кампаніі МТС, які быў рэалізаваны ў жніўні. Яго партнёрам выступае Адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій.
У рамках праекта ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «На ростанях» былі арганізаваныя курсы «Праграмаванне гульняў на мове Sсrаtсh». На занятках дзеці вучыліся ствараць уласныя анімаваныя і інтэрактыўныя гісторыі, прэзентацыі, мадэлі і гульні. Усяго для дзяцей ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў было праведзена 16 урокаў. Школьнікі займаліся ў групах бясплатна, а напрыканцы навучання прадставілі журы ўласныя
ІT-праекты — мультфільмы і інтэрактыўныя гульні на мове Sсrаtсh.
З дзятвой працавалі супрацоўнікі Адукацыйнага цэнтра ПВТ, у якіх ёсць адпаведны досвед. У выніку ў летнім ІT-лагеры дзеці пазнаёміліся з асновамі праграмавання, навучыліся працаваць у камандзе і аналітычна разважаць, паўтарылі школьную праграму па інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы і нават літаратуры.
— Міністэрства адукацыі ўдзяляе асаблівую ўвагу лічбавай трансфармацыі галіны. Адна з найважнейшых задач, якую мы ставім сёння перад сабой, — навучыць дзяцей адаптавацца да дынамічнага развіцця тэхналогій, — пракаментаваў падзею дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел ЛІС. — Праграма навучання ў лагеры была складзена такім чынам, каб вучні маглі раскрыць свой патэнцыял, ператварыць ідэі ў канкрэтныя праекты. А дапамаглі ім у гэтым вопытныя ІT-спецыялісты.
— Мэта сумеснага праекта МТС і Міністэрства адукацыі — навучыць дзяцей выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі кваліфікавана і з карысцю, бо за гэтым будучыня. У ІT-лагеры школьнікі не толькі атрымалі ўяўленне аб праграмаванні, але і навучыліся рашаць нестандартныя лагічныя задачы, атрымалі стымул развівацца далей. ІT-лагер — гэта пілотны праект, які мы плануем працягваць, — дадала кіраўнік праекта Надзея БАС.
Дарэчы, сёлета адзначаецца 10-годдзе стварэння Sсrаtсh. Да юбілею быў прымеркаваны шэраг міжнародных канферэнцый, якія прайшлі ў Францыі, Коста-Рыцы, Чылі, Бразіліі, Кітаі і Венгрыі.
Прафесар Мітчэл Рэзнік, кіраўнік даследчай групы Lіfеlоng Kіndеrgаrtеn Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, на міжнароднай канферэнцыі Sсrаtсh Соnfеrеnсе 2017 у Будапешце высока ацаніў працу беларускіх настаўнікаў.
«...Я з захапленнем даведаўся пра тое, як вы выкарыстоўваеце Sсrаtсh у Беларусі. Дзякуй вам за дапамогу ў навучанні школьнікаў крэатыўным магчымасцям праграмавання ў асяроддзі Sсrаtсh», — выказаў Мітчэл Рэзнік словы падзякі беларускім педагогам.
Надзея НІКАЛАЕВА
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».