Вы тут

Прапалоць елкі? Зможа і падлетак!


Мінула лета... Падчас канікул падлеткі імкнуліся цікава і з карысцю адпачыць, каб вярнуцца на вучобу з новымі сіламі. Хтосьці ездзіў з бацькамі за мяжу, нехта забаўляўся дома, а некаторыя вырашылі падзарабіць на кішэнныя выдаткі.


...У лесагадавальніку на ўскрайку Чэрвеня чакалі «пяшчотнай» праполкі елачкі, якія ледзь дараслі да дзесяці сантыметраў. Клапаціцца пра маленькіх лясных «жыхароў» даручылі руплівым падлеткам.

— Сёлета мы запрасілі школьнікаў на праполку пасля доўгага перапынку, — расказвае начальнік лесагадавальніка Таццяна Мароз. — У нас працавалі падлеткі, пераважна ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў. Хоць прыходзілі таксама і студэнты. Хтосьці даведваўся пра магчымасць падзарабіць праз абвестку БРСМ, хтосьці — праз «сарафаннае радыё». На работу чамусьці хадзіла больш хлопцаў. Па шчырасці я сумнявалася: «Няўжо будуць палоць?!» Але вырашыла: няхай паспрабуюць. Аказалася, працуюць яны лепш за дзяўчат!

— А кагосьці з дзяўчынак можаце адзначыць?

— Была такая! Яна ва ўсіх гарадскіх святах удзельнічае. Спявае, танцуе. Мабыць, без яе не абыходзіцца ні адно мерапрыемства. Я спачатку здзівілася: «Даша, і ты тут?». Яна прыходзіла штодня больш за месяц. Выконвала сваю работу як мае быць. І зарабіла, дарэчы, больш за ўсіх.

— А колькі маглі зарабіць падлеткі?

— Мы плацім ім па агульных расцэнках, як і пастаянным работнікам. Але не за гадзіну, а за пэўную колькасць зробленага. Каб атрымаць прыкладна 10 рублёў, трэба прапалоць адну сотку — метр на сто метраў. Калі дарослы гэтую норму выконвае, то дзецям мы даём толькі палову, мінус пятнаццаць працэнтаў. Атрымліваецца 0,4 соткі. Хоць насамрэч яны спраўляюцца і з большымі аб'ёмамі.

У сярэднім у падлеткаў выходзіла прыкладна па 120 рублёў. Самы вялікі заробак — 350 рублёў — атрымалі толькі трое. Яны хадзілі кожны дзень на працягу месяца. Так зможа не кожны, бо праца ўсё ж цяжкая.

— А самыя складаныя ўмовы, пры якіх даводзілася працаваць? Гарачыня?

— Так, але калі было больш за трыццаць градусаў, я ім не дазваляла выходзіць на поле ўвогуле. З васьмі раніцы да апоўдня можна было і сонечны ўдар атрымаць. Хто хацеў, прыходзіў а шостай раніцы. А хто не мог прачнуцца — увечары, а пятай: у нас спецыфічная праца, таму графік дазваляе.

— А калі дождж?..

— Тады ў нас выхадны! Калі ён моцны... А калі дробненькі — наадварот, добра. Прахалода, ніякіх насякомых...

...А восьмай раніцы, пахмурнае неба, збіраецца на дождж. Але на гадавальніку ўжо шчыруюць тры дзяўчынкі і два хлопчыкі.

Знаёмімся: Максім Сячны, Даніла Альховік, Ганна Касцевіч, сястрычкі Марына і Ліза Смяцкія. Першым чацвярым — па пятнаццаць гадоў, вучацца ў школе. А мініяцюрнай Лізе — дваццаць, яна студэнтка педагагічнага ўніверсітэта. Аднак мэта аказалася ва ўсіх адна — зарабіць грошай, каб не напружваць бацькоў. Максіму, напрыклад, яны патрэбныя, каб пайсці вучыцца ў аўташколу. Марына займаецца ў мастацкай школе і плануе набыць для сябе добрыя фарбы. Ліза зарабляе на студэнцкае жыццё і моднае адзенне. А вось Ганна і Даніла не задумваліся пра грошы, проста не хацелі марнаваць свой вольны час... Усе працуюць з сур'ёзнымі тварамі, рэдка перамаўляюцца. Дзяўчаты яшчэ і трэцяй часткі не прайшлі, а Максім ужо ў канцы свайго ўчастка! Кажа, што натрэніраваўся рабіць усё хутка.

Гледзячы на старанную працу дзяўчат і хлопцаў, прыгадала ўласны працоўны вопыт падчас школьных канікулаў. Здаецца, не так даўно сама выходзіла на поле. Калі вярталася дадому — клалася на канапу і не магла зварухнуцца. Але на наступны дзень уставала разам з сонцам, каб зноў убачыць сяброў-калег. Атрымаўшы грошы, адчула пэўную незалежнасць ад бацькоў...

Так і гэтыя падлеткі. Пазнаёміўшыся з імі бліжэй, зразумела, што ў іх — падобныя пачуцці. Зарабляючы свае першыя грошы, яны імкнуцца да самастойнасці...

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».