Разам з камандай праекта «Наперад у мінулае», што выходзіць па нядзелях у эфіры тэлеканала «Беларусь 3», традыцыйна вандруе і наш карэспандэнт. На працягу верасня выпускі праграмы расказваюць, як на Асіповіччыне, Калінкавіччыне ды ў Ельскім раёне спрадвек адзначалі вяселле і дажынкі. Часта ў жыцці беларусаў гэтыя ўрачыстасці суседнічалі і прыпадалі на канец лета — пачатак восені. Сёння згадваем самыя яркія моманты з гэтых вандровак.
Каласок і Калінка запрашаюць
На ўездзе ў сталіцу гумару, знакамітыя Вялікія Аўцюкі, што на Калінкавіччыне, вас прывітаюць Каласок і Калінка. Калінка — так мясцовыя жыхары называюць жонку — мажная жанчына, Каласок — муж — худзенькі мужчынка з чаркай у руках. У Аўцюках любяць пажартаваць, таму тлумачаць, што Каласок не вырас высокі, бо надта любіць хмельныя напоі.
Звычайна шмат гасцей сюды прыязджае на фестываль гумару, які праходзіць на скрыжаванні дарог паміж Вялікімі і Малымі Аўцюкамі. Тут гучаць частушкі, жарты, смешныя гісторыі з жыцця. Удзельнічаюць і прадстаўнікі мясцовай улады. Неяк паводле сюжэта кіраўнікі сельвыканкамаў пасварыліся і знайшлі паразуменне толькі на спецыяльна ўстаноўленай да свята «лаве прымірэння». Дарэчы, і сёння на ёй могуць памірыцца тыя, хто нешта не падзяліў.
Нас жа запрасілі на вяселле, якое паводле старажытных традыцый ладзіць мясцовы фальклорны калектыў.
Спявачкі расказалі, што раней вяселлі ў Аўцюках спраўлялі толькі ў мясаед, у пост ніколі не рабілі. Найбольш спрыяльныя часы — Каляды, пасля Вялікадня і летам — пасля Пятроўкі і Спасаўкі. Спачатку жаніх з сям'ёй ішлі ў сваты да маладой, а назаўтра адзначалі змовіны: дарылі падарункі самым родным. На змовіны запрашалі і сябровак маладой. Існаваў адметны звычай. Паколькі дзяўчатам было шкада адпускаць сяброўку ў іншае жыццё, то яны раптоўна прыходзілі да сватоў з талеркай і пустой бутэлькай і казалі: «Наша маладая вялікая, а бутэлечка — маленькая. Налівайце, каб была нам паўненькая».
Дзе сапраўдныя, а дзе — падробныя?
Вяселле тут святкавалі тры дні. Пачыналася свята ў хаце маладой. Усе госці жаніха — баяры і нявесты — баяркі збіраліся разам.
Спявалі такую песню:
Замкні-замкні мяне,мамка, у каморы,
Каб не ўзялі тыя госцікі нас з сабою.
Ці я цябе, мая донька, гадавала,
Каб я цябе ў каморы замыкала?
Я цяпер, мамка, не гарую,
Што ты аддаеш мяне замуж маладую
Ды купі мне зязюленькулугавую.
Лугавая зязюленька будзе кукаваць
І будзе мяне, маладую,пабуждаць.
Бо чужая мамка не пабудзіць,
Толькі выйдзе на вуліцу ды пасудзіць.
Калі прыходзілі баяры ў хату, абносілі стол караваямі (ад сям'і маладога і маладой) тры разы, спаборнічаючы, «чый каравай вышай». Але перад тым, як госці заходзілі ў хату і сядалі за стол, бацькам трэба было «знесці свечкі» — як сімвал новай сям'і. Спявалі пры гэтым песню з такімі словамі: «Прыступі, сваха, да мяне, і ў цябе свяча, і ў мяне, і ў цябе дзіця, і ў мяне...».
Другі дзень вяселля святкавалі ў маладога. Тут замужняя жанчына і заставалася начаваць. Сімвалічнай песняй «Заграбай, мамка, жар-жар» яна развітвалася з роднай сям'ёй і пераходзіла ў новую. Пасля таго як вясельны каравай быў падзелены, гулялі ў «запарожцаў». Два мужчыны станавіліся спінай адзін да аднаго, іх звязвалі посцілкай. Так атрымліваўся «конь», на які сядаў «запарожац». Запарожца трэба было пачаставаць і адарыць з усіх бакоў.
На трэці дзень былі ўжо так званыя пярэзвы: сваякі і сяброўкі нявесты ішлі ў госці да маладажонаў, каб праверыць, ці добра да дзяўчыны ставяцца, ці прынялі яе ў новую сям'ю. Тут цешча правярала зяця, пякла яечню з сарака яек і загадвала яе з'есці. Дапамагаць яму маглі і сябры. Жартавалі і з маладых: аднавяскоўцы часам прыводзілі пару «падробных» маладажонаў, вельмі няшчасную жонку, якая ўжо паспела нарадзіць уяўнае дзіця і зацяжарыць яшчэ адным, і змучанага мужа. А вясёлая бяседа павінна была паказаць, што тыя маладыя і напраўду «падробныя».
«Ніўка-ніўка, аддай нашу сілку...»
А вось на Асіповіччыне нас пазнаёмілі з адметнасцямі тутэйшых дажынак. Аднавіць старажытны абрад калектыву народнай песні «Вяселле», які створаны пры Каўгарскім сельскім клубе, дапамаглі мясцовыя носьбіты традыцый. Яны ж перадалі маладзейшым і песні, што спрадвек спявалі, завяршаючы жніво, і замовы, якія нібыта гарантавалі захаванне сёлетняга і багацце наступнага ўраджаю.
З апошніх зжатых каласкоў у полі складалі апошні дажыначны сноп. Яго старэйшыя жнеі перадавалі маладзейшай, а потым дарылі гаспадару. Апошні сноп трэба было захоўваць на покуці да наступнага ўраджаю. Некалькі каласоў пакідалі нязжатымі. Іх упрыгожвалі стужкамі і завівалі так званую бараду. Пад упрыгожаную бараду клалі хлеб і соль — як ахвяры духам ніўкі, каласкі крыху прыкопвалі зямлёй — каб духам было ўтульна зімаваць і яны паспрыялі налета ўрадлівасці поля і багаццю ўраджаю.
Правёўшы такі рытуал, жнеі качаліся па зжатай ніве, прыгаворваючы: «Ніўка-ніўка, аддай нашу сілку, дай Божа другое лета даждаці, гусцейшае, каранейшае жыта жаці».
Вяртаючыся са жніва ў вёску, да гаспадара поля, жнеі спявалі такую песню:
А ў нас сёння вайна была,
Мы ўсё поле зваявалі,
Усё жыта дажыналі,
Сноп апошні дажалі.
У ваш двор шырокі прынеслі.
Прымі, гаспадар, дажыначны сноп.
Вітаючы жней на парозе дома, гаспадар мусіць іх пачаставаць, прывітаць хлебам-соллю. Сімвалічным быў абрад выкупу снапа — так працаўніцы атрымлівалі грашовую ўзнагароду за жніво. А пачастунак за сталом і бяседа з песнямі і танцамі, якія доўжыліся ледзь не да раніцы, адзначалі завяршэнне важнай працы і служылі добрым адпачынкам.
Марына ВЕСЯЛУХА
Наперад да актыўнага даўгалецця.
Размова з мастацкім кіраўніком тэатра імя М. Горкага.
«Мы не можам расчараваць сваіх вучняў».