Вы тут

Як жыве знікаючая вёска Концыкі Пружанскага раёна


Хутка дзясятак гадоў, як Аляксандр і Марыя Фаўстаўна Петруковічы застаюцца адзінымі жыхарамі невялікай вёскі Концыкі, што схавалася ў лясах, на самай мяжы з Бярозаўскім раёнам. За лесам крыху прайсці — і бярозаўская Малеч. А назва, паводле меркавання маці і сына, паходзіць ад слова «кончыкі», што значыць на канцы, на рагу былой панскай сядзібы, якая тут раней размяшчалася. Ад таго маёнтка фактычна нічога не засталося.


— Але памяць, аказваецца, жыве. Бо перыядычна наведваюцца нейкія людзі з металашукальнікамі, — расказвае Аляксандр. — Адзін раз яны нават паказвалі карту 1900 года, на якой сядзіба пазначаная. Ды ніколі не чуў, каб тыя чорныя капальнікі знайшлі што каштоўнае. Забаўляюцца людзі, калі работы не маюць.

Работы ж у жыхароў Концыкаў хапае. Аб гэтым сведчыць агарод, кветнікі, двор — усё ідэальнай чысціні. Мы са старшынёй Ліноўскага сельскага Савета Таццянай Мардань вымушаны былі прызнацца, што такога парадку не бачылі на сельскіх падворках наогул. Звычайна ў гэту пору агароды стаяць ну не вельмі чыстыя. А тут: ні зялінкі там, дзе нядаўна была бульба, і там, дзе яшчэ растуць памідоры, а іншыя былыя градкі выглядаюць як здымкі на старонках спецыялізаваных часопісаў. Усё б нічога, каб нашы героі былі маладыя і здаровыя. А тут крыху іншы выпадак.

Аляксандр — інвалід па зроку першай групы, яго 87-гадовая матуля перасоўваецца толькі з дапамогай кійка і то з вялікай цяжкасцю, бо моцна баляць ногі. «Калі часам упадзе, даводзіцца паднімаць, сама ўжо не здолее», — расказвае сын. Але свае немачы бабуля Марыя не лічыць прычынай для таго, каб сесці ў крэсла і нічога не рабіць. У агародзе яна ўсё роўна ўмудраецца шчыраваць. Гэтым летам яшчэ і калодзеж сама пафарбавала.

Яна і сняданак, абед, вячэру сама гатуе. Сын прыносіць усе інгрэдыенты для супу альбо другой стравы, маці і агародніну пачысціць, і ўсё пакрышыць, уладкуе ў каструлю, яму застаецца паставіць пасудзіну на агонь. Таццяна Мардань звяртае маю ўвагу на алюмініевыя каструлі, што стаяць на пліце. Яны выглядаюць нібы ўчора купленыя, бо да бляску начышчаны. І ў доме ўсё нібы перад святам: стол з чысцюткім абрусам, квяцістыя занавескі, саматканыя ходнікі. Ды і сама гаспадыня сядзіць у надзвычай акуратненькім адзенні. А мы ж зазірнулі сюды па дарозе, загадзя не папярэджвалі.

— Усё ж ёсць арыстакратычная жылка ў нашай Марыі Фаўстаўны, — гаворыць Таццяна Мікалаеўна. — І выяўляецца яна ў ладзе жыцця, які мае на ўвазе абсалютную чысціню і парадак, што не залежаць ад здароўя, самаадчування гаспадароў. Ужо колькі гадоў сюды заязджаю і любуюся імі.

Цяпер, вядома, маці ў многім дапамагаюць дачка з мужам, якія жывуць у Пружанах. Ужо некалькі гадоў, як апошнія жыхары Концыкаў не трымаюць падсобную гаспадарку. Раней і куры, і свінкі былі. Цяпер, паводле слоў Аляксандра, жывуць з аўтакрамы. Два разы на тыдзень машына прыходзіць пад хату, і ўсе неабходныя прадукты можна купіць.

Марыя Фаўстаўна сама родам з суседняй вёскі Занявічы. У Концыках яны з мужам купілі невялікую хату ў 1964 годзе. Цяпер гэта хата выкарыстоўваецца як летняя кухня. Побач гаспадар узвёў новы прасторны дом для сям'і. Уладзімір Мікалаевіч працаваў на пілараме і быў выдатным цесляром. Не адзін дом пабудаваў людзям у ваколіцы. «А тут кожная дошчачка ім аблюбаваная», — успамінае бабуля Марыя.

Успаміны даюцца нялёгка галоўным чынам таму, што бабуля амаль зусім не чуе. «Ідзі сюды, Саша, — кліча яна сына, — будзеш маім перакладчыкам». А ён неяк прызвычаіўся гаварыць з матуляй, яна і па губах яго разумее. Дык вось з дапамогай сына гаспадыня расказала, што больш за дваццаць гадоў працавала на ферме, цялят глядзела.

— У групе налічвалася 30 бычкоў. Усё рукамі трэба было рабіць: і кармы нацягаць, і вады, гной са стойлаў выбраць. Часам здавалася, што па пояс таго гною нагорнеш. Цяжка было, і плакала, і звальнялася, а потым зноў выходзіла на ферму, бо дзе тут яшчэ работу знойдзеш. Цяпер і даяркі, і даглядчыкі працуюць у чысціні. А мы тады... Вось і ў нас у 80-х пабудавалі новую ферму, а мне час прыйшоў на пенсію ісці, — расказвае Марыя Фаўстаўна. — Ды і ўсе жанчыны з Концыкаў працавалі на ферме. Таццяна і Алена Мацкевіч, Марыя Кавальчук, Таццяна Ярась, Ганна Панасенка... Добрыя былі, працавітыя кабеты. Усе ўжо мае сяброўкі паўміралі. Па трое-чацвёра дзяцей мелі. Дзеці раз'ехаліся, у бацькоўскія хаты заязджаюць рэдка. Раней часта хадзіла на могілкі. Цяпер там уся вёска. А я ўжо не дайду туды.

— Яшчэ колькі гадоў таму маці ездзіла на веласіпедзе ў Бакуны ў краму, на ФАП, — дадае сын. — Цяпер вось фельчар з Бакуноў Вольга Патапчук да нас часам заязджае. Ну а яшчэ міліцыя зазірае, — дачнікі выклікаюць, калі ў іх зладзеі ў хлеў ці гараж залезуць. Летам у некалькі хат прыязджаюць людзі з горада. А восень прыйдзе — застаёмся адны, сядзім тыдзень, чакаем, пакуль сваякі ў выхадныя прыедуць. Але з Концыкаў сваіх нікуды не паехалі б.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Чысціня як лад жыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?