Вы тут

Беларускія і індыйскія кампаніі падпісалі 10 кантрактаў


Кіраўнік БелГПП расказаў аб выніках дыялогу беларускіх і індыйскіх бізнесменаў

Падводзячы вынікі форуму дзелавых колаў у Нью-Дэлі, які адбыўся напярэдадні афіцыйнага візіту Прэзідэнта нашай краіны ў Індыю, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч адзначыў, што двухбаковыя эканамічныя адносіны сапраўды выходзяць на новы этап.


«На мой погляд гэта таксама і новы этап у развіцці знешнеэканамічнай палітыкі нашай краіны. Згодна з нацыянальнай стратэгіяй падтрымкі экспарту да 2020 года важнай задачай для нас з'яўляецца прасоўванне беларускіх зборачных вытворчасцяў на новыя рынкі. Сёння мы назіраем упэўненае іх развіццё», — растлумачыў Уладзімір Улаховіч.

Ён таксама нагадаў, што індыйскі рынак аналізуецца беларускімі дыпламатамі і спецыялістамі ўжо доўгі час. Гэта значна паўплывала на эканамічны дыялог дзвюх краін. «На маю асабістую думку, для Беларусі і Індыі перайсці за мільярд долараў узаемнага тавараабароту — рэальна», — адзначыў Уладзімір Улаховіч. У першым паўгоддзі сёлета ўжо назіраецца рост гэтага паказчыка. Паводле яго слоў, калі ўлічыць кантракты, якія падпісалі на форуме, то ў гэтым годзе павінен быць яшчэ большы прырост.

«На бізнес-форуме было падпісана ў суме 10 мемарандумаў, пагадненняў і кантрактаў. Больш за 20 айчынных кампаній наведалі Нью-Дэлі. Кампанія БелАЗ падпісала пагадненне на пастаўку 50 велікагрузаў сумесна з індыйскімі партнёрамі на рынак Мазамбіка і кантракт на пастаўку 10 кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 136 тон для пастаўкі ў Індыю», — расказаў Уладзімір Улаховіч. Таксама ён адзначыў, што абмяркоўвалася адкрыццё сэрвіснага цэнтра БелАЗ і пытанне аб стварэнні зборачнай вытворчасці ў далейшым. «Кампанія БелАЗ паспяхова канкурыруе ў Індыі з тэхнікай Kоmаtsu і Саtеrріllаr. Наступны тэндар, які абвясціў урад гэтай краіны, — 250 велікагрузных аўтамабіляў. Ведаючы рэпутацыю нашых велікагрузаў, магу сказаць, што ў нас ёсць вельмі вялікі шанц атрымаць гэты кантракт налета», — адзначыў Уладзімір Улаховіч.

Што датычыцца МТЗ, то пытанне аб стварэнні зборачнай вытворчасці, па словах старшыні БелГПП, ужо прапрацавана. «Магчыма будзе забяспечыць выпуск 4 тысяч трактараў з узроўнем лакалізацыі да 50%. Гэтыя машыны будуць найбольш прымальнымі для прыватнай фермерскай гаспадаркі Індыі», — растлумачыў ён. Акрамя таго, зараз ідзе абмеркаванне зборачнай вытворчасці седлавых цягачоў сумесна з МАЗ. Вывучаецца і айчынны электробус.

Кампанія Гомсельмаш таксама падпісала падчас форуму кантракт на пастаўку абсталявання і камплектуючых на суму больш за 730 тысяч долараў. У сферы фармацэўтыкі падпісана тры пагадненні. «Фармацэўтыка для нашай краіны з'яўляецца вельмі важнай тэмай. Падпісанне гэтых дакументаў у будучыні дазволіць панізіць кошт для грамадзян Беларусі лекавых прэпаратаў вельмі шырокага профілю», — растлумачыў Уладзімір Улаховіч.

Таксама варта адзначыць, што на мерапрыемстве быў заключаны дагавор стратэгічнага характару кампаніяй «Белзамежбуд» з Нацыянальнай будаўнічай карпарацыяй Індыі. Гэта доўгатэрміновы дакумент, які прадугледжвае ўдзел беларускіх спецыялістаў у праектаванні і будаўніцтве на рынках трэціх краін з удзелам айчынных праектных інстытутаў, інжынераў і іншых спецыялістаў. Акрамя таго, Уладзімір Улаховіч адзначыў важнасць мемарандума, які падпісала Беларуская калійная кампанія. Згодна з ім, Беларусь і Індыя павялічаць пастаўкі калійных угнаенняў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: 10 кантрактаў і тавараабарот у $1 млрд

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».