Вы тут

Беларусь зацікаўлена ў дыялогу з міжнароднай бізнес-супольнасцю


Беларусь зацікаўлена ў канструктыўным дыялогу з міжнароднай бізнес-супольнасцю, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на сустрэчы з актывам Міжнароднага кангрэса прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.


Паводле слоў прэм'ер-міністра, нягледзячы на ўсе цяжкасці, унутраныя і знешнія праблемы, у Беларусі забяспечваецца макраэканамічная збалансаванасць, устойлівасць на фінансавым і валютным рынках. Значна палепшылася сітуацыя на крэдытна-дэпазітным рынку. Стаўкі па крэдытах для рэальнага сектара эканомікі істотна зніжаны. Стабільны валютны і цэнавы фон далі магчымасць толькі ў 2017 годзе на 8,2% знізіць цану запазычанасці для рэальнага сектара.

Забяспечваецца знешнегандлёвы баланс. Сальда гандлю таварамі і паслугамі за студзень — ліпень сёлета склалася станоўчым для Беларусі ў памеры 490 млн долараў. Зніжэнне ўплыву манетарных фактараў дазволіла выйсці на мінімальны за апошняе дзесяцігоддзе прырост інфляцыі. Паляпшаюцца і агульныя фінансавыя паказчыкі работы эканомікі. Разам з тым ёсць і праблемы, якія паэтапна вырашаюцца, канстатаваў кіраўнік урада. Як і любая іншая краіна, Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве з міжнароднымі карпарацыямі.

«Ва ўмовах велізарнай канкурэнцыі, а лепш сказаць — жорсткай барацьбы за інвестыцыі і тэхналогіі, Беларусь пастаянна працуе над паляпшэннем інвестклімату і ўмоў для стварэння і функцыянавання вытворчасцяў. У нас дзейнічае прасунутае інвестыцыйнае заканадаўства з рознымі прэферэнцыйнымі рэжымамі», — звярнуў увагу прэм'ер-міністр. Гэта стварае эканамічныя перадумовы для прыцягнення інвестараў і размяшчэння імі свайго бізнесу, асабліва ў малых і сярэдніх гарадах і сельскай мясцовасці, у свабодных эканамічных зонах, Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень», Парку высокіх тэхналогій. Індустрыяльны парк «Вялікі камень» арыентаваны на развіццё высокатэхналагічнай прамысловасці, лагістыкі, стварэнне навукаёмістых вытворчасцяў. Парк высокіх тэхналогій з'яўляецца адным з найбуйнейшых ІT-кластараў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што кампаніі-рэзідэнты вызваляюцца ад усіх карпарацыйных падаткаў, уключаючы ПДВ і падатак на прыбытак. У нашай краіне функцыянуюць шэсць свабодных эканамічных зон са спецыяльным мытным, рэгістрацыйным і падатковым рэжымамі. «Усе прапанаваныя на выбар інвестару рэжымы і тэрыторыі маюць сур'ёзныя падатковыя, мытныя і іншыя прэферэнцыі пры гарантаванай дзяржавай абароне інвестыцый», — падкрэсліў прэм'ер-міністр. Андрэй Кабякоў таксама нагадаў, што ўрад працуе над стварэннем максімальна спрыяльных умоў для фарміравання і функцыянавання прадпрымальніцкага асяроддзя.

Сяргей КУРКАЧ

kurkach@zviazda.by

Загаловак у газеце: Эканамічныя перадумовы для інвестараў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.