Вы тут

Як у Мінску прайшло закрыццё мотасезона


Не паспела сталіца адысці ад маштабнага святкавання Дня горада, як на змену яму прыйшла не менш гучная, у прамым сэнсе, падзея — H.О.G. Rаllу Mіnsk. Для таго каб афіцыйна завяршыць сезон, у Мінск з'ехаліся матацыклісты з 15 краін, а ў мотапарадзе прынялі ўдзел больш за сем тысяч чалавек.


Пунктам збору ўжо традыцыйна быў выбраны Курган славы, адкуль шматкіламетровая калона ў суправаджэнні спецпадраздзялення дарожна-патрульнай службы «Страла» УДАІ МУС рушыла ў бок Палаца спорту, дзе праходзілі асноўныя мерапрыемствы. Прынялі ўдзел у масавым мотапарадзе памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч і начальнік УДАІ МУС Дзмітрый Карзюк.

— Мотасезон 2017 года, я лічу, прайшоў добра. Былі нюансы, звязаныя з ДТЗ, бо ёсць пэўная колькасць недысцыплінаваных байкераў і матацыклістаў, на жаль. Аднак мы назіраем пазітыўную статыстыку. Матацыклісты і байкеры сталі больш дысцыплінаванымі і больш паважліва ставяцца да ПДР і да іншых удзельнікаў дарожнага руху, таму пэўны аптымізм у гэтым пытанні прысутнічае, — адзначыў Ігар Шуневіч.

Гасцей свята вітаў асабіста старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, які заўважыў, што горад падтрымлівае мерапрыемства, бо яно набывае ўсё больш сямейны характар. Кіраўнік сталічнай вертыкалі выказаў надзею, што на наступны год свята збярэ яшчэ большую колькасць людзей. Аднак скардзіцца на адсутнасць цікавасці да падзеі і ў гэтым годзе не прыходзілася. Нягледзячы на не занадта цёплы прагноз надвор'я, у цэнтры сталіцы сабраліся дзясяткі тысяч чалавек. Прычым многія нават ніколі не сядзелі на «жалезных конях», не кажучы ўжо пра тое, каб быць іх уладальнікамі.

Значную частку аўдыторыі, як і на іншых святах, склалі сем'і з дзецьмі. Каб ад наведвання мерапрыемства засталіся не толькі пазітыўныя ўспаміны, але і карысныя веды, аніматары ў вясёлых касцюмах, напрыклад гіганцкага святлафора, запрашалі на інтэрактыўную пляцоўку дзіцячай бяспекі, дзе выступалі інспектары дарожнага руху.

Самая вялікая чарга сабралася там, дзе прапаноўвалі бясплатна пракаціць на матацыклах. Усё бяспечна: кругі невялікія, хуткасць умераная, на кожным пасажыры шлем. У чарзе знаёмімся з Аленай і яе шасцігадовым сынам Арцёмкам.

— Я яму прапаноўвала: пайшлі, я табе салодкую вату куплю, шарык, што захочаш. А ён і ні блізка! Як пакатаўся мінулы раз, цэлы год пра гэта марыў, — усміхаецца Алена.

Сам Арцём напружана сочыць за тым, як ездзяць іншыя. Да старту — ні слова. Затое потым хлопчыка не спыніць: «Мама, клас! Я цяпер дакладна вырашыў: калі вырасту, буду байкерам!»

Але першакласніку да моманту, калі мара зможа ажыццявіцца, трэба пачакаць яшчэ каля дзясятка гадоў, а вось дарослым выпаў рэальны шанц далучыцца да мотаруху ў той жа дзень. Ахвотныя маглі паспрабаваць здаць на правы катэгорыі А1 тут жа на свяце. Аднак, як паказала практыка, справіцца з хваляваннем змог нават далёка не кожны другі.

— Такая адказнасць, калі на цябе глядзяць дзясяткі вачэй. Не атрымалася. Ну, нічога, пайду лепш канцэрт паслухаю. А па правы абавязкова вярнуся. Спадзяюся, у наступным годзе сустрэнемся ўжо на парадзе, — падзяліўся планамі злёгку збянтэжаны Аляксандр.

У цэлым, каб хоць на хвіліну адчуць сябе байкерам, можна было нават не садзіцца за руль, — дастаткова было зрабіць здымак побач з хвацкім матацыклам. Напэўна, такой колькасці ўспышак гэтыя двухколавыя транспартныя сродкі не бачылі ніколі!

— Божа, які выбраць? Я хачу самы магутны!

— Пачакайце, дайце я валасы прычашу і памадай падфарбуюся — трэба ж адпавядаць такому прыгажуну, — выбіраючы фон для фота, весела перагаворваюцца маладзенькія дзяўчаты.

І іх можна зразумець: матацыклы «сабраліся» тут сапраўды на любы густ, ад рэтра-ўзораў да апошніх мадэляў гэтага года ад культавай фірмы Hаrlеу-Dаvіdsоn, пры падтрымцы якой было арганізавана мерапрыемства. Аднак адна справа ўбачыць іх мірна прыпаркаванымі, быццам бы «ўтаймаванымі», і зусім іншая — паглядзець на іх дзікую моц падчас складаных трукаў. Аматары відовішчаў атрымалі выдатную магчымасць «паказытаць сабе нервы», назіраючы за дрыфт-шоу, у якім прынялі ўдзел як спартыўныя матацыклы, так і аўтамабілі. Падчас большасці трукаў асабліва ўражлівыя нават закрывалі вочы рукамі. Чаго варты толькі адзін элемент, калі матацыкл з дзікім ровам ставяць на дыбкі!

Усяго ў Беларусі зарэгістравана больш за 415 тысяч адзінак мотатранспарту, аднак назваць байкерамі ўсіх уладальнікаў нельга — 70% тэхнікі айчыннай вытворчасці, у тым ліку той, якая была вырабленая яшчэ ў савецкія часы. Пры гэтым колькасць сапраўдных аматараў двухколавага транспарту з кожным годам становіцца ўсё большай. Высокі ўзровень цікавасці з боку замежнікаў да закрыцця мотасезона ў Мінску, якое ўжо ўнесена ў спіс штогадовых афіцыйных мерапрыемстваў Hаrlеу-Dаvіdsоn, выкліканы ў тым ліку і бязвізавым рэжымам, які для ўдзельнікаў мерапрыемства быў падоўжаны да сямі дзён. Як расказала госця з Вялікабрытаніі Джульета Атуол, у Беларусі яна ўпершыню, аднак з радасцю вернецца сюды, каб зноў далучыцца да такой маштабнай падзеі. Больш за ўсё здзівіў дзяўчыну правабаковы рух, да якога, аднак, можна хутка прыстасавацца, калі быць уважлівым і паважаць усіх удзельнікаў руху.

На працягу ўсяго дня ў цэнтры Мінска гучала рок-музыка ў выкананні Дзядзькі Вані, гурта J:МОРС, Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, шатландскага гурта Nаzаrеth.

Завяршылася мерапрыемства святочным салютам. Пакуль надвор'е ў Беларусі дазваляе выязджаць на дарогу на матацыклах, аднак у хуткім часе ўсё ж прыйдзецца развітацца з «жалезнымі коньмі» да красавіка.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: «Калі вырасту, буду... байкерам!»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.