Дваццаць маладых сем'яў Міншчыны на мінулым тыдні сабраліся ў горадзе Капыль для ўдзелу ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла — 2017».
«І сябе паказаць, і на іншых паглядзець, і абавязкова перамагчы», — з такім настроем, як прызналіся ўдзельнікі, яны прыбылі на Капыльшчыну.
Мерапрыемства прайшло ў гарадской зоне адпачынку, добраўпарадкаванай актывістамі Капыльскай раённай арганізацыі БРСМ. Старт відовішчу дало шэсце сем'яў — удзельніц спаборніцтваў. Сапраўдныя таленты, здольнасці, фантазію і выдумку паказалі маладыя ў творчых конкурсах. Яны віталі гасцей на імправізаваных падворках, частавалі вырашчанай на сваіх прысядзібных участках прадукцыяй, прыгатаванымі па нацыянальных рэцэптах стравамі. Яны па-майстэрску запрагалі і распрагалі каня, калолі і складвалі дровы, вязалі венікі, удзельнічалі ў жартоўнай сельскай эстафеце, інтэлектуальным конкурсе.
Бясспрэчна, у барацьбе за тытул «Уладар сяла — 2017» сужэнцам і іх дзецям давялося нялёгка. Аднак тры перамогі запар — у 2009, 2010 і 2011 гадах — і леташняе ганаровае другое месца, якое заняла сям'я сталічнай вобласці ў рэспубліканскім фінале праекта, натхнялі ўсіх на максімальную выкладку.
У выніку першае месца заняла сям'я Літвіных з Капыля, на другім — муж і жонка Сшчасновічы з Уздзенскага раёна, на трэцім — сям'я Войцік з Клецкага раёна. Сям'я — пераможца абласнога этапу конкурсу прадставіць цэнтральны рэгіён у фінале праекта, які пройдзе 28—29 верасня ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.