Вы тут

Сярэдняя стаўка па дэпазітах здольная абараніць грошы ад інфляцыі?


Як толькі ў нас з'яўляюцца лішнія грошы, то адразу ўзнікае пытанне, куды іх укласці, каб яны не згубіліся, а лепш — прынеслі нейкі дадатковы даход. У фінансістаў наконт гэтага прапаноў хапае. Але не ўсё так проста, бо тэндэнцыі мяняюцца. Як мяняюцца і ўмовы захоўвання грошай у банках. Сёння мы прапануем інфармацыю для разваг.


Лепш вялікі тэрмін захоўвання

Як вядома, большасць з нас захоўвае частку сваіх сродкаў на банкаўскіх дэпазітах. Па беларускіх рублях выбар у кліентаў ёсць. Усе невялікія камерцыйныя банкі прапануюць звычайна высокія працэнты (да 11,7%) у тым выпадку, калі ўклад адкрываецца на невялікі тэрмін (2—3 месяцы), але абавязкова пры ўмове плаваючай стаўкі. У гэтым выпадку рэальная стаўка можа быць паменшана ўжо на наступны месяц ці праз два. Можна адшукаць уклад і на тры месяцы, за якія ўладальнік дэпазіту атрымае стабільныя 8%. Пры пралангацыі падобных укладаў працэнтная стаўка звычайна зніжаецца.

А вось фіксаваны даход традыцыйна прапануюць самыя буйныя банкі краіны, але і даходнасць там крыху меншая. Звычайна такая даходнасць прывязана да стаўкі рэфінансавання Нацбанка, якая сёння таксама пастаянна падае. Тэрмін захоўвання падобных укладаў можа вагацца ад года да 36 месяцаў. Праўда, безадзыўны ўклад будзе мець фіксаваны даход толькі на год. У гэтым выпадку прапануецца ад 5,5 да 7,5% гадавых.

 «Прасунутым» карыстальнікам глабальнага сеціва фінансісты часам робяць даволі нядрэнныя прапановы, дзе даходнасць крыху большая. Напрыклад, Беларусбанк прапануе тэрміновы банкаўскі ўклад, які адкрывае для кліентаў магчымасць кіравання ўласнымі зберажэннямі праз інтэрнэт з выкарыстаннем сваёй банкаўскай плацежнай карткі. Сярод пераваг падобнай прапановы будзе адкрыццё і кіраванне ўкладам без наведвання структурнага падраздзялення банка, а потым вяртанне ўкладу пры надыходзе тэрміну ажыццяўляецца шляхам пераводу рэшткаў грашовых сродкаў з налічанымі працэнтамі на банкаўскую картку. Па гэтай сістэме пры выкананні пэўных умоў прадугледжана налічэнне і прэміяльных працэнтаў, а агульны даход можа скласці да 8—9% гадавых. Па падобнай схеме банк дае большы даход кліенту, бо абслугоўванне такіх укладаў фінансавай установе абыходзіцца значна танней, чым пры звычайных дэпазітах.

Увогуле, сёння захаванне грашовых сродкаў менавіта ў нацыянальнай валюце на банкаўскіх рахунках робіцца больш выгадным, чым па лініі розных ашчадных механізмаў у замежнай валюце. Паводле прагнозаў спецыялістаў, наш рубель трапіў у паласу стабільнай раўнавагі.

Калі стаўка плавае

Сёння даволі шмат прапаноў ад камерцыйных банкаў, дзе добрыя працэнты табе абяцаюць і на тэрмін 6 месяцаў. Аднак у банку мне паведамілі, што агучаныя 10—11% гадавых будуць гарантавана «капаць» на мой будучы дэпазіт толькі на старце ўсяго тэрміну захоўвання. А потым умовы дэпазіту дапускаюць змяненне банкам у аднабаковым парадку гэтай стаўкі пасля папярэдняга апавяшчэння ўкладчыка. Што ў нас тады атрымліваецца? Уклад безадзыўны, таму грошы з банка можна будзе забраць толькі праз паўгода. Дапусцім, што банк ужо праз некалькі месяцаў істотна паменшыць працэнтную стаўку па ўкладзе. У гэтым выпадку кліент на працэнтную палітыку банка паўплываць ніяк не зможа, бо ў дагаворы недзе там унізе сапраўды прапісана, што стаўка «плаваючая». Але тут узнікаюць слушныя пытанні наконт таго, як моцна тая ці іншая фінансавая ўстанова можа «падрэзаць» абяцаныя ў рэкламе працэнты. Спецыяліст выбранага мною банка супакоіла, што іх працэнтная палітыка залежыць ад агульнай тэндэнцыі на рынку, рэкамендацый Нацбанка і змянення памеру стаўкі рэфінансавання. Менавіта на апошнюю акалічнасць банкі звычайна і звяртаюць увагу, адзначыла яна.

Напрыклад, у іх цяпер існуе такі рублёвы безадзыўны ўклад, па якім працэнты будуць карэктавацца толькі тады (і на адпаведную велічыню), калі рэгулятар знізіць стаўку рэфінансавання. На мой погляд, гэта ўжо больш зразумелы для людзей механізм, але ў такім выпадку працэнтная стаўка па ўкладзе нават на старце складае не 9—11%, а толькі 7—9% гадавых. У падобных дагаворах такія ўмовы так і прапісваюць, што ваша стаўка па ўкладзе складае 7,5% або — стаўка рэфінансавання мінус 4 працэнтныя пункты (СР?— 2 п.п.). Сёння СР складае 11,5%, таму пасля зніжэння яе на 1—2% у адпаведных прапорцыях паменшыцца і даходнасць нашых дэпазітаў. Часам рублёвыя дэпазіты на тэрмін больш за год маюць камбінаваны механізм працэнтнай стаўкі. Калі па падобным дэпазіце прадугледжваецца 10% гадавых, то ў рэкламе можа быць прапісана, што першыя 6 месяцаў такая стаўка будзе заставацца фіксаванай.

На кароткіх адзыўных

Калі вышэй мы разглядалі безадзыўныя рублёвыя ўклады на адносна доўгія тэрміны, то дэпазіты да трох месяцаў і нават да месяца адразу прапануюць меншыя працэнты. Звычайна стаўка на тэрмін да года складае ад 1,5 да 3%. Гэта пры тым, што і тут стаўка «плавае». Але самае цікавае, што банкі часам прапануюць нядрэнную даходнасць па мэтавых кампактных укладах, якія складаюць 2—3 месяцы. Існуе толькі некалькі сур'ёзных банкаў, якія могуць прапанаваць па дэпазіце на 3 месяцы фіксаваныя 8—9% гадавых.

Тут таксама трэба ўдакладніць, што па дэпазітах на тэрмін да года (у айчыннай валюце) дзейнічае механізм падаткаабкладання. Дакладней, дзяржава возьме падатак у памеры 13% з даходаў кліента, якія ён атрымае ад свайго кароткага ўкладу.

Рахункі да запатрабавання

Летам беларусы практычна не рабілі тэрміновыя ўклады і захоўвалі сродкі на бягучых рахунках. За чэрвень — жнівень пераводныя рублёвыя дэпазіты фізічных асоб выраслі на 13,1%, у той час як тэрміновыя — усяго на 1%. Пераводныя валютныя дэпазіты фізічных асоб пры гэтым выраслі на 12,3%, а тэрміновыя — скараціліся на 0,2%.

Фінансавы кансультант Жанна Кулакова тлумачыць гэта наступным чынам. Сапраўды, за лета аб'ём тэрміновых укладаў фізічных асоб практычна не змяніўся, а аб'ём сродкаў на бягучых рахунках вырас. Гэта сведчыць аб тым, што людзі, атрымаўшы ў распараджэнне некаторую суму свабодных сродкаў, не спяшаюцца адкрываць тэрміновы дэпазіт у банку, а лічаць за лепшае захоўваць грошы пад рукой, напрыклад на картцы.

Хутчэй за ўсё, гэта звязана з дынамікай ставак па дэпазітах. Сярэдняя стаўка па новых тэрміновых рублёвых укладах фізічных асоб у жніўні склала 6,3%, а па валютных — 1,7%. Такая стаўка здольная абараніць грошы ад інфляцыі, але дадатковага даходу практычна не прынясе, упэўнена Жанна Кулакова. Пры гэтым умовы па тэрміновых дэпазітах звычайна прадугледжваюць наяўнасць абмежаванняў на выкарыстанне сродкаў, у шэрагу выпадкаў — даволі жорсткіх. Таму многія зараз адмаўляюцца ад тэрміновых дэпазітаў на карысць пераводных, ахвяруючы прыбытковасцю ў абмен на магчымасць свабодна карыстацца грашыма.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Грошы ў банку не псуюцца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».