Вы тут

Праходзіць найбольш відовішчная частка вучэння «Захад—2017»


Баявыя дзеянні па знішчэнні ўмоўнага праціўніка разгарнуліся на палігоне «Ружанскі», што за 25 кіламетраў ад Бярозы. Па задуме дадзенага эпізода вучэння верталёты Мі-8 ліквідуюць радыёлакацыйныя станцыі праціўніка. Толькі перш — разведка цэляў удару і даразведка ад знішчальніка Су-24 і адпаведна верталёта Ка-52 Паветрана-касмічных сіл Расійскай Федэрацыі.


У гэты дзень у небе над палігонам можна было ўбачыць і манеўраны паветраны бой ад знішчальнікаў МіГ-29, і нанясенне ўдараў па пляцоўцы армейскай авіяцыі праціўніка групай Су-25, і нанясенне ўдараў па ўзлётна-пасадачнай паласе ўмоўна варожага аэрадрома звяном Су-34, і выкідванне парамі Як-130 авіяцыйных бомбаў па мішэні, якая імітуе аўтамабільны мост і макеты грузавых машын...

— Ваенна-паветраныя сілы і войскі проціпаветранай абароны завяршылі адпрацоўку мерапрыемстваў першага этапу сумеснага стратэгічнага вучэння, падчас якога ажыццяўлялася кіраванне войскамі ў ходзе дэстабілізацыі абстаноўкі, і прыступілі да выканання задач другога этапу па кіраванні групоўкамі войскаў у ходзе абарончай аперацыі рэгіянальнай групоўкі войскаў, — адзначыў намеснік камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Андрэй ГУРЦЭВІЧ.

Як падкрэсліў назіральнік за вучэннем са Швецыі Томас МОЛЕР, план вучэння адпавядае заяўленаму загадзя. «Наведваем тыя мерапрыемствы, якія значацца ў плане, дадзеным беларускім бокам, — дадаў суразмоўнік. — Гэта нармальная практыка пры падобных вучэннях. Звычайна так і адбываецца».

Дарэчы, у Швецыі цяпер таксама праводзіцца ваеннае вучэнне. Як растлумачыў эксперт, нічога дзіўнага ён у гэтым не бачыць. Мерапрыемствы падобнага маштабу плануюцца загадзя. Гэта проста супадзенне.

Па словах назіральніцы з Нарвегіі ад АБСЕ Рагнхілд Вэлле ХУСТАД, Беларусь увогуле не абавязана была запрашаць на «Захад—2017» назіральнікаў, бо колькасць удзельнікаў у вучэнні не перавышае дазволеныя міжнародныя стандарты. Тое, што беларускі бок зрабіў гэтае вучэнне максімальна адкрытым і празрыстым, па яе перакананні, сведчыць аб шчырасці нашай краіны перад Еўропай, усім светам.

На палігоне «Асіповіцкі» разгарнуўся яшчэ адзін практычны розыгрыш баявых дзеянняў.

Падраздзяленні бранятанкавых груп 120-й асобнай механізаванай брыгады і 423-га мотастралковага палка Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі — на пазіцыях. Беларускія вайскоўцы разам са сваімі калегамі з суседняй дзяржавы вядуць упарты бой.

— Падчас першага этапу вучэння на дадзеным палігоне вайсковымі часцямі адпрацаваны такія вучэбна-баявыя задачы, як непасрэдная падрыхтоўка да баявых дзеянняў, а таксама вядзенне спецыяльных дзеянняў у прызначаных раёнах адказнасці, — расказаў прадстаўнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл Беларусі падпалкоўнік Сяргей САВІЦКІ. — У ходзе другога этапу вучэння тут выконваецца комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні жывучасці падраздзяленняў, вядзецца абарончы бой, ракетныя войскі і артылерыя наносяць агнявыя ўдары. Акрамя таго, адбываецца адбіццё ракетных і авіяцыйных удараў праціўніка, яго разгром, праводзяцца контратакі, у ходзе якіх аднаўляецца страчанае становішча.

Ва ўсіх гэтых дзеяннях удзельнічаюць і ваеннаслужачыя 120-й асобнай механізаванай брыгады Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Як адзначыў намеснік камандзіра брыгады па ідэалагічнай рабоце палкоўнік Сяргей КОРНЕЎ, з пастаўленымі задачамі вайскоўцы спраўляюцца паспяхова.

— У вучэнні «Захад—2017» на двух палігонах з нашай брыгады задзейнічана каля 600 чалавек: афіцэры, прапаршчыкі, сяржанты, салдаты як тэрміновай, так і кантрактнай службы, — удакладніў Сяргей Корнеў. — У манеўрах удзельнічае і асабовы склад, прызваны з запасу. Ёсць людзі, якія служылі яшчэ ў савецкай арміі, але гэта не перашкаджае ім у пэўных пытаннях даць фору вайскоўцам тэрміновай службы. Кожны з іх павінен валодаць ваенным майстэрствам і ў выпадку неабходнасці быць гатовым абараніць сваю краіну. У гэтыя дні яны вытрымліваюць экзамен перад сваім народам.

Як заявіў назіральнік за сумесным стратэгічным вучэннем са Швецыі капітан 3-га рангу Мікаел Х'ЯЛЛЕ, тое, што давялося ўбачыць на палігонах, сведчыць аб якаснай падрыхтоўцы беларускіх і расійскіх ваеннаслужачых. Таксама ён адзначыў, што назіраць за манеўрамі было вельмі цікава.

Даслоўна

Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ:

— У апошні час, у тым ліку і ў Беларусі, з'явілася шмат аналітыкаў у ваеннай сферы, большасць з якіх, не ўсе, вядома, нават у арміі не служылі. Я хацеў бы пакінуць без каментарыяў іх выпады і выказванні. Беларусь вельмі транспарэнтна дзейнічае па вучэнні «Захад—2017», запрасіўшы неабходную колькасць назіральнікаў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, міжнародных арганізацый. Поўная адкрытасць абумоўлена не тым, што мы хочам перад кімсьці апраўдацца. І нашым суседзям трэба быць больш адкрытымі.

 

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Брэсцкая—Магілёўская вобласці

Загаловак у газеце: Актыўная фаза манеўраў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На адным дыханні. Што адбываецца ў пульманалагічным аддзяленні, дзе лечаць хворых на COVІD-19

На адным дыханні. Што адбываецца ў пульманалагічным аддзяленні, дзе лечаць хворых на COVІD-19

Пятая клінічная бальніца застаецца адной з медустаноў Мінска, куды шпіталізуюць хворых на COVІD-19. 

Грамадства

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Чым можна падсілкавацца, і навошта гэта ядуць.

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.