Вы тут

На міжнародным кангрэсе абмеркавалі лёс культурных каштоўнасцяў


На Міжнародным кангрэсе «500 гадоў беларускага кнігадрукавання», які днямі праходзіў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, вяліся гарачыя дыскусіі. Аднак усе яны былі ў адным ключы, з патрыятычным адценнем, — пра важнасць беларускай старажытнай кнігі, пра тое, што яна і сёння працягвае ўплываць не толькі на нашу культуру, але і на культуры многіх іншых народаў.


Праца на кангрэсе вялася адначасова ў розных секцыях, — абмяркоўвалі традыцыі бібліятэчнай справы, гаварылі пра майстэрства і гісторыю кніжнага афармлення, звярталіся і да няпростага лёсу беларускіх кнігазбораў у замежных архівах.

— У мінулым годзе мы адзначылі 950-годдзе першай вядомай нам бібліятэкі — бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора. Там на працягу доўгага часу збіраліся кніжныя скарбы, якія ствараліся на нашай зямлі, — расказаў на пленарным пасяджэнні кангрэса дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман МАТУЛЬСКІ. Аднак яна, страчаная падчас Лівонскай вайны, была не адзінай, створанай прадстаўнікамі хрысціянскіх канфесій на беларускіх землях. Найбуйнейшымі з'яўляюцца бібліятэкі Супрасльскага, Лаўрышаўскага і Жыровіцкага манастыроў, якія ў той час перайшлі пад патранат навастворнай уніяцкай царквы. Аднак пасля скасавання царкоўнай уніі былі зачынены і бібліятэкі, а іх фонды аказаліся расцярушанымі па ўсім свеце. Звесткі пра далейшы лёс збораў надзвычай скупыя. Але нават тая інфармацыя, што да нас даходзіць, сведчыць: сабраныя калісьці ў гэтых бібліятэках кнігі працягнулі служыць людзям і грамадству, трапіўшы ў іншыя калекцыі...

Дзейнічалі бібліятэкі і пры цэрквах і касцёлах, пры манастырах. Практычна ўсе гэтыя бібліятэкі на пачатку ХІХ стагоддзя прыпынілі сваё існаванне, адзначае Раман Матульскі, а іх кніжныя фонды трапілі ў зборы іншых бібліятэк розных краін.

Даследчык гісторыі беларускай кнігі Валерый ГЕРАСІМАЎ расказаў пра важныя юбілеі, якія чакаюцца ў будучыні:

— Кангрэс — гэта падсумаванне развіцця беларускага пісьменства не толькі за апошнія 500 гадоў, але і за ранейшы перыяд. Але калі браць гісторыю апошняга часу, варта прыгадаць, што сёлета мы святкуем 100-годдзе першага Усебеларускага з'еда. 18 снежня 1917 года ён прайшоў у Мінску і стаў падсумаваннем нашаніўскага перыяду адраджэння. Бо прадстаўнікі таго часу — Ластоўскі, Іваноўскі, Луцкевіч — былі грамадска-палітычнымі дзеячамі і прытым з'яўляліся кніжнікамі, бібліяфіламі! Таму гэты перыяд надзвычай багаты на нашы кніжныя выданні па вайсковай, дзяржаўнай тэматыцы. Гэта шматгранныя і шматаспектныя выданні, надзвычай цікавыя, хоць і сціпла аформленыя. У студзені 1919 года — абвяшчэнне Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспублікі. Гэта перыяды апагея нашай дзяржаўнасці, адраджэння — і кніжнасці! Кнігі таго часу, з аднаго боку, з'яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю, а з другога, маюць вялікае значэнне для нас.

Яшчэ адна адметная секцыя міжнароднага кангрэса была прысвечана кампаналогіі. Тут гаварылі пра сакрэты царкоўнага звона, пра захаванасць такіх рэліквій і пра магчымасць стварэння музея званарскай справы.

— У Беларусі адзначаецца 500-годдзе кнігадрукавання, а ў нас ёсць і званы, якім амаль 500 гадоў, — заўважыла кандыдат мастацтвазнаўства, каардынатар секцыі па кампаналогіі ад беларускага боку Алена Шацько. — Гэта звон 1598 года, які знаходзіцца ў вёсцы Молатава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Ён быў выратаваны дзякуючы музейным супрацоўнікам, якія ў 1960-я гады забралі яго ў музей з храма, а ў пазнейшыя часы вярнулі яго. Натуральна, званіць ён не можа, і цяпер гэтаму звону месца ў музеі. Гэта, як і Біблія, наша нацыянальная рэліквія. Таму я выступаю за стварэнне музея званоў.

Салідарная з думкай пра неабходнасць стварэння такога музея і госця з Украіны — Галіна МАРЧУК, якая з'яўляецца стваральніцай музея званоў у Луцку, адзінага ва Украіне:

— У кожнай краіне звон мае фальклорную аснову і нацыянальныя рысы. І гэта трэба адраджаць, падтрымліваць, вывучаць і развіваць. Трэба часцей нам збірацца на такіх знакавых форумах, як кангрэс у Мінску. Варта аб'ядноўваць званароў, тлумачыць значнасць традыцыйных званоў, якія цудам захаваліся ва Украіне і ў Заходняй Беларусі.

Галіна Марчук перадала ў дар Нацыянальнай бібліятэцы набор з сямі гліняных званоў, адмыслова зроблены ў Луцку з надпісам «500 гадоў беларускага кнігадрукавання».

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Скарбы, якім жыць доўга

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?