Вы тут

Якія надзеі ўскладаліся на аграгарадкі і што атрымалася ў выніку?


Старшыня Крамяніцкага сельскага Савета дэпутатаў Зэльвенскага раёна Аляксандр Дзерачэнік:

— Найперш аднавіўся знешні выгляд адпаведнага населенага пункта: грашовыя сродкі пайшлі на рамонт школы, амбулаторыі, Дома быту, пошты. Трэба сказаць, што рэалізацыя праекта па аграгарадку супала з будаўніцтвам жылля, якое распачала мясцовая гаспадарка. З'явіўся цэлы «мікрараён» новабудоўляў, прычым па некаторых параметрах яны аказаліся больш выгаднымі, чым гарадскія кватэры. Усё гэта дапамагло аграгарадку Князева стаць цэнтрам актыўнасці сельсавета. Тут пражывае пятая частка нашага насельніцтва, прычым трэць складаюць моладзь і дзеці.

Па маіх назіраннях, будаўніцтва і газіфікацыя зрабілі нашы мясціны прыцягальнымі. У той час як іншыя вёскі старэюць, тут людзі застаюцца з сем'ямі. Адзінае, што хацелася б дадаць сюды, — гэта новыя перапрацоўчыя прадпрыемствы. Пакуль што ў моладзі абмежаваны выбар месцаў працы. Не кожны хоча станавіцца жывёлаводам ці механізатарам, нават з прыстойным заробкам. Калі б у гэтым плане быў выбар, маладыя часцей вярталіся б на радзіму пасля вучобы.

Старшыня Пяршайскага сельскага Савета дэпутатаў Валожынскага раёна Валянціна Кушаль:

— Будаўніцтва аграгарадка дало нам магчымасць правесці капітальны рамонт ключавых будынкаў, зрабіць дарожкі для пешаходаў, пабудаваць кафетэрый...

Пабудавана 44 адзінкі жылля. Яшчэ пяць аб'ектаў «замарожана», бо фінансаванне спынілася, а скончыць работы ўласнымі сіламі мясцовая гаспадарка не мае магчымасці. Увогуле, многія хацелі б жыць у аграгарадку толькі з-за інфраструктуры. Аднак ёсць і цяжкасці. Напрыклад, планавалася, што аддзяленне банка будзе працаваць тут штодзённа. Насамрэч установа адчынена толькі два разы на тыдзень. Работнікі банка запэўніваюць, што так людзі стануць ахвотней карыстацца карткамі. Але ж для поўнага пераходу на безнаяўны разлік аграгарадок не мае патрэбнай інфраструктуры. Няма банкамата, тэрміналаў, так што ўсе выплаты трэба па старым звычаі рабіць на пошце. Акрамя таго, населены пункт знаходзіцца непадалёк ад буйной аўтатрасы. Натуральна, што людзі спыняюцца, каб абмяняць «замежныя» грошы на беларускія рублі. Толькі зрабіць гэта немагчыма. Атрымліваецца, тэрыторыя губляе патэнцыйны прыбытак. Што датычыцца развіцця, то тут кірунак падказваюць самі жыхары. Так, сельсавет разглядае магчымасці для будаўніцтва невялікага кірмашу, дзе б можна было набыць гаспадарчыя дробязі.

Старшыня Дварышчанскага сельскага Савета дэпутатаў Лідскага раёна Іван Ганевіч:

— Наш аграгарадок знаходзіцца ў даволі знакавай гістарычнай мясціне. Гэта добры турыстычны патэнцыял. Каб развіваць яго, патрэбны рамонт аддзялення коннага спорту. Такім чынам мясцовасць займела б манеж і гасцініцу. Яшчэ адна патрэба — пункт грамадскага харчавання. У аграгарадку дзейнічае «саўгасная» сталовая, але там абедаюць толькі работнікі мясцовай гаспадаркі. У нас жа па сельсавеце каля 600 чалавек моладзі, і ім хочацца сабрацца вечарам ва ўтульным кафэ, паслухаць музыку, выпіць кавы. Ну а самая вялікая мара на наступныя гады — аднавіць будаўніцтва дамоў, якое спынілася каля 8 гадоў таму. У сельсавеце добрая дэмаграфічная сітуацыя, а пустых кватэр няма. Ільготнае жыллё прыйшлося б дарэчы — у чарзе на паляпшэнне ўмоў знаходзяцца 18 сем'яў. Два дамкі за год — ужо была б вялікая палёгка, але гаспадарка не пацягне такую нагрузку фінансава. Шкада, што дзяржаўная падтрымка праектаў прыпынілася.

Старшыня Маланемкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Веткаўскага раёна Аліна Прывалава:

— Аграгарадок прынёс жыхарам выгоды ў выглядзе заасфальтаваных вуліц, новых агароджаў і падноўленых і новых будынкаў... Праўда, дзесьці «згубілася» газіфікацыя, трубу рабочыя дацягнулі толькі да бальніцы, але не да жылых дамоў...

Але для людзей не столькі важна, што будзе пабудавана за дзяржаўныя сродкі, колькі магчымасць рэалізаваць сябе і адчуць вынік сваёй працы. Абсталяваць магазін, наладзіць транспартнае забеспячэнне, тэлефонную сувязь — усе гэтыя меры патрэбныя, і яны далі свой плён. Навошта вяскоўцу ехаць у горад, калі ён ужо мае выгоды для жыцця? Адзінае, што адштурхоўвае чалавека — гэта зніжаная ацэнка яго працы. Калі гаспадар рупіцца для сям'і, якасна выконвае даручэнні, яму трэба даць магчымасць дастойнай аплаты, а не прапаноўваць мінімальны заробак.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.

Калейдаскоп

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Рука, якая трымае калыску, кіруе светам. Тэст да Дня маці

Мама - гэта галоўны чалавек у жыцці. Мама - гэта дабро і адданасць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. На гэтым тыдні планавыя мерапрыемствы могуць сарвацца, а вось тое, што будзе атрымлівацца спантанна, пройдзе выдатна. 

Грамадства

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

Даведаліся аб цэнах на галоўныя восеньскія ягады, спосабах іх захоўвання і «прафесійных рызыках» пры зборы журавін

У разгары сезон журавін. Менавіта цяпер самы час назапасіць гэтых ягад на доўгі перыяд халадоў і прастуд.