Вы тут

Завяршаецца сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2017»


Учора, у перадапошні дзень беларуска-расійскіх манеўраў, на палігоне Даманава, што на Брэстчыне, экзамен трымалі зенітчыкі.


Цішыню парушыла пара верталётаў Мі-8. Роўным клінам над нашымі галовамі праляцела звяно вучэбна-баявых самалётаў Як-130. Сёння авіяцыя Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі — умоўны праціўнік.

Удары з неба адбівае змешанае падраздзяленне ў складзе дывізіёна зенітна-ракетнага комплекса С-300 і зенітна-ракетнай батарэі «Аса». Усё — пры ўзаемадзеянні з падраздзяленнямі вайсковай проціпаветранай абароны. Усяго на палігоне задзейнічана каля 150 чалавек і 45 адзінак ваеннай і спецыяльнай тэхнікі.

— Сёння камандаваннем Ваена-паветраных сіл і войскамі проціпаветранай абароны адпрацоўваюцца такія пытанні, як адбіццё ўдараў сродкаў паветранага нападзення праціўніка і наступлення яго ж сухапутных груповак войскаў, — адзначыў намеснік камандуючага ВПС і войскамі ППА генерал-маёр Андрэй ГУРЦЭВІЧ. — Акрамя таго, на практыцы рэалізуецца арганізацыя ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння ў інтарэсах рашэння пастаўленых задач.

Стральбу па паветраных мішэнях вядуць баявыя машыны «Аса», разлікі зенітна-ракетнага комплексу «Ігла», а таксама зенітнай устаноўкі 23-2. Агнявыя задачы выкананы — змешанае падраздзяленне пераводзіцца ў паходнае становішча і перамяшчаецца на іншую пазіцыю.

Як падзяліўся назіральнік за вучэннем з Эстоніі падпалкоўнік Каўпа КІЙС, вайскоўцы паказалі сябе вельмі прафесійна. «У мяне ёсць вопыт прысутнасці на падобных вучэннях у Нарвегіі, Румыніі, — падкрэсліў ваеннаслужачы. — Што тычыцца вучэння ў Беларусі, усё адпавядае таму, што было заяўлена загадзя».

Даслоўна

Начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір МАКАРАЎ:

— Працягваецца другі этап беларуска-расійскага сумеснага стратэгічнага вучэння «Захад-2017», у ходзе якога адпрацоўваюцца пытанні кіравання войскамі (сіламі) ва ўмовах абстаноўкі, якая хутка мяняецца, а таксама пытанні арганізацыі ўзаемадзеяння і ўсебаковага забеспячэння пастаўленых задач. Штабы розных узроўняў працягваюць адпрацоўваць пытанні, звязаныя з кіраваннем войскамі (сіламі) пры вядзенні манеўранай абароны. Ажыццяўляюцца збор, аналіз і абагульненне даных абстаноўкі, на аснове якіх прымаюцца рашэнні, удакладняюцца задачы, адбываецца бесперапыннае кіраванне войскамі падчас выканання вучэбна-баявых задач.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zviazda.by

Брэсцкая вобласць

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Завяршаецца сумеснае стратэгічнае вучэнне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».