Вы тут

Абмяркоўваецца пакет дакументаў па стымуляванні дзелавой актыўнасці


Учора кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прысвяціў дзве рабочыя сустрэчы развіццю прадпрымальніцтва. Нагадаем, на мінулым тыдні Прэзідэнт ужо займаўся гэтай тэматыкай.


Фота БЕЛТА

Акуратная прыватызацыя і самарэгуляванне

З міністрам эканомікі Уладзімірам Зіноўскім кіраўнік краіны абмеркаваў тры праекты ўказаў Прэзідэнта. Першы датычыўся ўдасканалення рамесніцтва, другі — рэгулявання адносін у сферы аграэкатурызму, трэці быў прысвечаны ўмацаванню механізмаў самарэгулявання бізнесу.

Гаворачы пра пашырэнне відаў рамесніцкай дзейнасці і ўвогуле пра гэты дакумент, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на наступны нюанс. Так, для таго каб забяспечыць рамеснікаў памяшканнямі для заняткаў гэтай дзейнасцю, прадугледжваецца магчымасць перадачы ім невыкарыстоўваемай маёмасці, што знаходзіцца ў рэспубліканскай або камунальнай уласнасці. Памяшканні прапануецца перадаваць у бязвыплатнае карыстанне, а па праходжанні трох гадоў магчымы продаж памяшкання рамесніку па цане, роўнай адной базавай велічыні.

— Мяне асабліва насцярожвае, калі вы вось так свабодна імкняцеся за нейкую адну базавую велічыню дзяржаўную ўласнасць некаму перадаць — нібыта ў нас ёсць праблемы з прыняццем падобных рашэнняў, — прызнаўся кіраўнік дзяржавы. — Думаю, нам нельга разбазарваць дзяржаўную ўласнасць. Трэба вельмі акуратна ставіцца да прыватызацыі — гэта фактычна прыватызацыя — дзяржаўнай уласнасці. І нельга яе дзяліць на дарагую, танную, вялікую, малую — гэта створана народам, і тут нам трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі.

Другі нарматыўна-прававы акт, які разглядаўся падчас рабочай сустрэчы, — развіццё аграэкатурызму.

У аграсядзібах забаранялася праводзіць банкеты, вяселлі. Зараз жа прапануецца прыбраць гэтыя абмежаванні.

— Калі людзям там зручна правесці дзень нараджэння або вяселле — няхай праводзяць, — аргументаваў Аляксандр Лукашэнка.

Самарэгуляванне бізнесу — асобная тэма.

— Галоўнае — адказнасць бізнесу, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы фактычна здымаем усе бар'еры, якія, можа, недзе і павінны быць і якія ва ўсім свеце маюцца. Мы іх здымаем. З іншага боку — я патрабаваў гэтага — самая жорсткая адказнасць бізнесменаў, кіраўнікоў кампаній за рэзультат, за тое, што адбываецца ў іх на фірме і ў кампаніі. Дапусціў нейкія пралікі, не дай бог, загінулі людзі — прама скажу: збірайся і ідзі ў турму. А як інакш? Дарэчы, бізнесмены — я з многімі сустракаўся і размаўляў — цалкам правільна гэта разумеюць і, наадварот, мяне ўжо многія папярэджваюць: «Глядзіце, не сыдзіце ад кантролю за намі».

Па словах кіраўніка дзяржавы, у любым выпадку ў краіне павінен быць парадак:

— Каб не згубіць кіруемасць у эканоміцы, не справакаваць у краіне бардак — кантроль павінен быць. Я супраць лішняга кантролю, трэба пакінуць тыя кантрольныя функцыі, якія патрэбны дзяржаве.

— Вы — галоўны адказны за гэтыя нарматыўна-прававыя акты — тры іх сёння, — папярэдзіў Прэзідэнт Уладзіміра Зіноўскага. — Як і тыя міністры, якія мне дакладвалі на мінулым тыдні. Я іх папярэдзіў катэгарычна: за гэту прапанову вы несяце персанальную адказнасць. Не дай бог мы нагарадзілі тут нейкіх нормаў, якія не дадуць выніку.

Прэзідэнт падкрэсліў: гэтага быць не павінна, нам не трэба нікому пускаць пыл у вочы.

— Павінны быць дзейсныя нормы, якія ўжо сёння наспелі для прыняцця, або нормы, што здымаюць існуючыя бар'еры. Дакументы павінны быць жывыя і дзейсныя, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Без цяжкіх штрафаў

Падчас рабочай сустрэчы з Вадзімам Іпатавым, дырэктарам Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, абмяркоўваўся праект закона, што ўносіць змены і дапаўненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Ён таксама падрыхтаваны ў рамках пакета дакументаў, што накіраваны на развіццё прадпрымальніцтва і стымуляванне дзелавой актыўнасці насельніцтва.

— Пры выпрацоўцы нарматыўна-прававых актаў па змене дзейнасці нашых бізнесменаў, паляпшэнні ўмоў іх жыцця і працы былі скаргі на тое, што ў нас непамерна цяжкія штрафы і адміністрацыйныя пакаранні, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вы прапануеце гэтыя штрафы істотна паменшыць па пэўных артыкулах — вы даложыце, па якіх.

Дакумент скарачае сферу прымянення практыкі канфіскацыі маёмасці і замацоўвае ўмовы прыцягнення суб'ектаў гаспадарання да адміністрацыйнай адказнасці. Акрамя гэтага, прапануецца таксама выключэнне з заканадаўства шэрагу не запатрабаваных практыкай парушэнняў.

У тэму

Уладзімір Зіноўскі, міністр эканомікі:

— Што да ўказа кіраўніка дзяржавы па рамесніцкай дзейнасці, то там ёсць шэраг навел, якія дапамогуць узмацніць, палепшыць работу рамеснікаў. Пашыраны віды дзейнасці, якой могуць займацца рамеснікі, — гэта, дарэчы, людзі, якія ў асноўным (каля 80%) пражываюць у сельскай мясцовасці. Некаторыя з іх не могуць займацца фізічнай працай у поўнай меры — пенсіянеры; жанчыны, што выхоўваюць дзяцей; інваліды... Гэта ў нейкай меры нават сацыяльны праект.

Вадзім Іпатаў, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, расказаў, што прыняцце законапраекта, які ён абараняў перад кіраўніком дзяржавы, сыграе станоўчую ролю ў паляпшэнні бізнес-клімату.

— Прэзідэнт падкрэсліў важнасць гэтага дакумента і вызначыў асноўны пасыл, які павінен выконвацца пры далейшай рабоце са згаданым праектам. Гэта баланс інтарэсаў дзяржавы і грамадства. Значыць, адміністрацыйная адказнасць павінна быць жорсткай, непазбежнай, але справядлівай.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Без лішняга кантролю над бізнесам

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?