Вы тут

Нікола Тэсла: геній электрычнасці або вялікі летуценнік?


Нікола Тэсла збіраўся перадаваць без правадоў энергію на адлегласць яшчэ ў канцы XIX стагоддзя.

Калі звычайнага чалавека спытаць, каго ён ведае з родапачынальнікаў эпохі электрычнага току, святла і лямпаў напальвання, то пераважная большасць успомніць (з тых, хто ведае) знакамітага Томаса Эдысана, і мала хто — Ніколу Тэслу, вучонага-фізіка, у гонар якога названая адзінка магнітнай індукцыі і прозвішча якога зараз на слыху толькі ў сувязі з назвай маркі дарагога электрамабіля. Чамусьці Тэслу не вельмі ўспамінаюць на старонках школьных падручнікаў фізікі, хоць без яго работ, адкрыццяў і вынаходніцтваў цяжка ўявіць сабе існаванне штодзённых рэчаў, такіх як, напрыклад, электраток у нашых кватэрах. Падобна Ламаносаву, Нікола Тэсла апярэдзіў свой час і не атрымаў заслужанага прызнання пры жыцці, зрэшты, і дагэтуль яго працы не ацэнены належным чынам.


А пачалося ўсё ў 1856 годзе ў невялікім сяле Смілян (цяпер — тэрыторыя Харватыі): у сям'і сербскага праваслаўнага святара нарадзіўся чацвёрты сын, якога ахрысцілі Ніколам. Навучыўшыся чытаць, хлопчык літаральна «праглынаў» кнігі адну за адной, часта чытаючы начамі. З'яўляючыся студэнтам Пражскага ўніверсітэта, ужо на другім курсе малады Тэсла вылучае ідэю індукцыйнага генератара пераменнага току. Аднак універсітэцкія прафесары палічылі гэтую ідэю шаленствам і трызненнем. Але гэты адмоўны вердыкт вучоных мужоў толькі падахвоціў вынаходніка, і ўжо ў 1882 годзе была пабудавана дзеючая мадэль.

Тэсла аж гарэў ад жадання ўвасобіць сваё дзецішча ў рэальнай прамысловай устаноўцы. Ён з'язджае ў ЗША і проста з карабля накіроўваецца да знакамітага ўжо тады Томаса Эдысана — вынаходніка электрычнай лямпачкі, вугальнага мікрафона, фанографа і дынама-машыны. Дзякуючы атрыманым на іх патэнтам Эдысан у той час ужо паспеў праславіцца і разбагацець. Знакаміты вынаходнік выслухаў маладога эмігранта і хоць паставіўся да яго ідэі даволі халаднавата, усё ж прапанаваў яму работу ў сваёй лабараторыі. Прахалоднае стаўленне да ідэі генератара пераменнага току тлумачылася проста: усе вынаходкі і ўсе навуковыя распрацоўкі Эдысана грунтаваліся на выкарыстанні пастаяннага току, аб пераменным ён і чуць не хацеў. Але ўжо ў кастрычніку 1887 года, не перастаючы працаваць на Эдысана, Нікола Тэсла здолеў атрымаць патэнт на сваё вынаходніцтва. Эдысан «адчуў» небяспечнага канкурэнта і публічна стаў яго крытыкаваць. Таксама ён паабяцаў Тэслу $50 000 за складаную і вельмі важную для кампаніі работу, а калі апошні паспяхова з ёй справіўся, проста адмовіўся плаціць, заявіўшы, што эмігрант, мабыць, дрэнна разумее англійскую мову і амерыканскі гумар. Навукоўцы рассталіся ворагамі, Тэсла апынуўся на вуліцы без працы і без грошай.

Але таленту пашанцавала. Здолеўшы зацікавіць некаторых бізнесменаў, Тэсла неўзабаве адкрывае сваю ўласную фірму Tesla Electrіc Lіght Company, заключае кантракт з фірмай мільянера Вестынгаўза Westіnghouse Electrіc і нават удзельнічае ў будаванні ГЭС на Ніягарскім вадаспадзе.

Ла­ба­ра­то­рыя  ў Каларада-Спрынгс.

90-я гады XІX стагоддзя адзначыліся зацятай барацьбой дзвюх кампаній. З аднаго боку гэта была General Electrіc, што адстойвала інтарэсы Эдысана, які з'яўляўся прыхільнікам выкарыстання пастаяннага току. Ёй процістаяла Westіnghouse Electrіc, якая стварала сваю прадукцыю на аснове шматлікіх патэнтаў Ніколы Тэслы ў галіне пераменнага току. Гэты час увайшоў у гісторыю прамысловасці, як «Перыяд трансфарматарных бітваў». Нанятыя General Electrіc журналісты ў прэсе распаўсюджвалі пра пераменны ток усялякія небыліцы. У 1887 годзе ў Нью-Джэрсі Эдысан доўга выступаў перад публікай, ганьбіў сваіх канкурэнтаў Тэслу і Вестынгаўза, а потым падключыў да генератара вытворчасці Westіnghouse Electrіc, якія выпрацоўваюць ток у 1000 вольт, металічную пласціну, на якую папярэдне змясціў з тузін жывёл. Тыя загінулі. У 1888 годзе, калі нью-ёркскія ўлады шукалі больш гуманны від смяротнага пакарання, Эдысан выступаў за тое, каб было абранае электрычнае крэсла «на пераменным току». Ён лічыў, што нармальны чалавек не захоча карыстацца прыборам, «выкананым па тэхналогіі электрычнага крэсла».

Але нястомны Тэсла прыдумаў эфектны ход у адказ. Яго прадстаўленне, якое адбылося на Сусветнай выстаўцы 1893 года ў Чыкага, узрушыла ўвесь свет. Са спакойным выглядам ён прапускаў цераз сябе пераменны ток напружаннем у мільёны вольт — маланкі скакалі на паверхні яго скуры, але сам ён заставаўся непашкоджаным. А калі ахоплены электрычнымі разрадамі «вар'ят» з усмешкай браў у рукі не падключаныя ні да якіх правадоў лямпы напальвання (між іншым — Эдысана!), яны паслухмяна загараліся ў яго руках. Гэта здавалася сапраўдным чараўніцтвам. І гэта пры тым, што раней у шматлікіх выступленнях Эдысан заяўляў, што пераменны ток высокага напружання заб'е любога, хто дакранецца да правадоў!

Тэсла працягваў навуковыя пошукі з маніякальнай упартасцю. Частка яго ідэй увасобілася ў выглядзе шматлікіх патэнтаў на вынаходніцтвы. У лекцыі, якая адбылася ў 1893 годзе ў Франклінаўскім універсітэце (Філадэльфія), Тэсла выказаўся пра магчымасць практычнага прымянення электрамагнітных хваль. «Я хацеў бы сказаць некалькі слоў аб прадмеце, які ўвесь час у мяне ў галаве, які закранае дабрабыт усіх нас. Я маю на ўвазе перадачу асэнсаваных сігналаў, быць можа, нават энергіі на любую адлегласць зусім без правадоў. З кожным днём я ўсё больш пераконваюся ў практычнай здзяйсняльнасці гэтай схемы». Такія сцвярджэнні не былі галаслоўныя. Яшчэ ў 1891 годзе падчас эксперыментаў з ваганнямі высокай частаты вучоны стварае адзін з самых арыгінальных прыбораў свайго часу. Тэслу ўдалося злучыць у адной прыладзе ўласцівасці трансфарматара і з'яву рэзанансу. Так быў створаны знакаміты рэзананс-трансфарматар, які сыграў вялікую ролю ў развіцці многіх галін электратэхнікі, радыётэхнікі і шырока вядомы пад назвай «трансфарматара Тэслы». Вынаходнік прапаноўваў выкарыстоўваць рэзананс-трансфарматар з мэтай узбуджэння выпраменьвальніка, паднятага высока над зямлёй і здольнага перадаваць энергію высокай частаты без правадоў. Калі казаць сучаснай тэрміналогіяй, гаворка ішла аб антэне! Такім чынам, за некалькі гадоў да Папова і Марконі ўжо была рэалізавана ідэя бесправадной сувязі.

Ла­ба­ра­то­рыя  Wardenclyffe  ў Нью-Ёр­ку.

У ве­рас­ні 1898 го­да ў Нью-Ёр­ку на што­га­до­вай элект­рыч­най вы­стаў­цы Тэс­ла па­ка­заў мност­ву гле­да­чоў не­вя­лі­кі, дзіў­ны на пер­шы по­гляд ка­раб­лік з доў­гім тон­кім ме­та­ліч­ным стрыж­нем па­ся­рэ­дзі­не і ме­та­ліч­ны­мі труб­ка­мі, якія за­кан­чва­лі­ся элект­рыч­ны­мі лям­пач­ка­мі на кар­ме і но­се. Сіг­на­лам з пуль­та кі­ра­ван­ня на­ву­ко­вец пры­му­шаў не­звы­чай­ны экс­па­нат плыць з роз­най хут­ка­сцю на­пе­рад і на­зад, ра­біць скла­да­ныя ма­неў­ры, за­паль­ваў і га­сіў на ім лям­пы. Ра­дыё­сіг­на­лы з пуль­та пры­ма­лі­ся ан­тэ­най, уста­ля­ва­най на ка­раб­лі­ку, і за­тым пе­ра­да­ва­лі­ся ўнутр, дзе ней­кія пры­ла­ды па­слух­мя­на вы­кон­ва­лі ўсе рас­па­ра­джэн­ні Тэс­лы. Та­кім чы­нам, гэ­та бы­ла пер­шая ра­дыё­кі­ра­ва­ная ма­дэль. І гэ­та ўся­го толь­кі праз год пас­ля атры­ман­ня Мар­ко­ні па­тэн­та на ра­дыё­пры­ём­нік! «Гэ­та мая вы­на­ход­ка мо­жа стац­ца ка­рыс­най у мно­гіх ад­но­сі­нах. Та­кія суд­ны або транс­парт­ныя срод­кі мо­гуць быць вы­ка­ры­ста­ны для ўста­наў­лен­ня ка­му­ні­ка­цый у не­да­ступ­ных аб­лас­цях з мэ­тай іх вы­ву­чэн­ня або ажыц­цяў­лен­ня роз­ных на­ву­ко­вых, тэх­ніч­ных ва­ен­ных і ганд­лё­вых за­дач», — бы­ло на­пі­са­на ў апі­сан­ні па­тэн­та, атры­ма­на­га Тэс­лам на гэ­тае вы­на­ход­ніц­тва. Ад­нак, яму бы­ло не ці­ка­ва ра­дыё, як сро­дак су­вя­зі, яго цал­кам за­ха­пі­ла ідэя пе­ра­да­чы энер­гіі ў лю­бую кроп­ку пла­не­ты без пра­ва­доў.

У 1899 годзе ў горным раёне Каларада пры фінансавай падтрымцы сяброў Тэсла арганізаваў навуковую лабараторыю. Там, на вышыні дзвюх тысяч метраў над узроўнем мора, ён заняўся вывучэннем навальнічных разрадаў і вызначэння наяўнасці электрычнага зараду зямлі. Ім была створана арыгінальная канструкцыя «ўзмацняльнага перадатчыка» з 60-метровай мачтай, які дазваляе атрымліваць напружанне да некалькіх мільёнаў вольт пры частаце да 150 тысяч перыядаў у секунду. Уключэнне перадатчыка выклікала ў атмасферы навальнічныя разрады з маланкамі даўжынёй да 135 футаў. У час аднаго эксперымента сцены дамоў за некалькі міль ад лабараторыі пачалі вібрыраваць, і людзі ў паніцы выбеглі на вуліцу. Мясцовыя жыхары ахрысцілі вучонага «вар'яцкім вынаходнікам». І калі пачаліся дзіўныя вібрацыі дамоў, людзі адразу ж западозрылі ў гэтым Тэслу. Была выкліканая паліцыя і рэпарцёры. Вучоны паспеў выключыць і знішчыць свой прыбор. «Я мог бы абрынуць Бруклінскі мост за гадзіну», — прызнаваўся ён пасля. Эксперыменты прыйшлося спыніць.

Потым Тэсла атрымаў фінансавую падтрымку Джона Пірпанта Моргана — аднаго з мільянераў таго часу, які зацікавіўся яго распрацоўкамі. На выдзеленыя грошы ў Нью-Ёрку на востраве Лонг-Айленд была пабудавана лабараторыя па перадачы сігналаў у Еўропу і побач з ёй узведзена вежа вышынёй 57 метраў са сталёвай шахтай, заглыбленай у зямлю на 36 метраў. Вежу ўвенчваў 55-тонны металічны купал дыяметрам 20 метраў. Навуковы праект атрымаў назву Уордэнкліф (Wardenclyffe). Тэсла песціў мару акрамя перадачы сігналаў сур'ёзна заняцца ажыццяўленнем перадачы энергіі на адлегласць. Хітры фізік схаваў ад Моргана, што вежа прызначалася не толькі для трансляцыі радыёхваль, але і для бесправадной перадачы электрычнасці. Як толькі Морган гэта зразумеў, ён тут жа адмовіў Тэслу ў фінансаванні. Бо гэта вынаходніцтва магло абрынуць рынак энергетыкі: хто будзе купляць тое, што можна атрымліваць практычна бясплатна? З'яўляючыся саўладальнікам першай у свеце Ніягарскай ГЭС і буйных медных заводаў, Морган ніяк не мог такога дапусціць. Вежа Уордэнкліф была закансерваваная ў 1903 годзе, некалькі гадоў стаяла закінутай, а ў 1917 годзе яе ўзарвалі, прыдумаўшы вельмі дзіўную падставу — нібыта яе маглі выкарыстоўваць нямецкія шпіёны. Гэтак жа нельга не згадаць пра тэорыю, паводле якой прычынай выбуху на Падкаменнай Тунгусцы ў Расіі ў 1908 годзе (так званы Тунгускі метэарыт) мог быць і праект Уордэнкліф. Па іншай версіі, з дапамогай Уордэнкліф Тэсла збіраўся асвятліць небасхіл Роберту Піры, які прабіраўся ў арктычнай цемры да Паўночнага полюса. Аднак гэтыя версіі не вытрымліваюць крытыкі, таму што падзенне Тунгускага цела адбылося 30 чэрвеня 1908 года, а Роберт Піры адправіўся на полюс 20 лютага 1909-га.

Прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па фізіцы за 1915 год выклікала ўсеагульнае здзіўленне: напярэдадні «Нью-Ёрк Таймс» напісала, што яна будзе падзеленая паміж двума людзьмі, амаль ворагамі — Тэслам і Эдысанам. Хадзіла шмат чутак на гэтую тэму, Тэсла прымаў віншаванні, але збіраўся адмовіцца ад прэміі, хоць у гэты час меў неабходнасць у грашах, — ён прынцыпова не хацеў дзяліць гэта прызнанне яго заслуг з Эдысанам. Але праз тыдзень Нобелеўскі камітэт абвясціў, што прэмію па фізіцы атрымаюць англійскі прафесар Уільям Генры Брэг і яго сын Уільям Лорэнс Брэг — за заслугі ў даследаванні структуры крышталяў з дапамогай рэнтгенаўскіх прамянёў. Такім чынам сусветнага прызнання сваіх заслуг Нікола Тэсла так і не атрымаў.

Дыстанцыйна кіраваны караблік Тэслы.

Ішоў час, Тэсла пастарэў, але не пакінуў сваёй мары аб перадачы энергіі без правадоў. У 1931 годзе пры падтрымцы кампаній Pіerce-Arrow Co. і General Electrіc Тэсла зняў бензінавы рухавік з новага аўтамабіля фірмы Pіerce-Arrow і замяніў яго стандартным электраматорам пераменнага току магутнасцю ў 80 к. с. (1800 аб/мін.) без якіх бы там ні было традыцыйна вядомых знешніх крыніц сілкавання. Як паведамлялі відавочцы, у мясцовай радыёкраме ён купіў
12 электронных лямпаў, трохі правадоў, жменьку розных рэзістараў і сабраў усю гэтую гаспадарку ў скрыначку даўжынёй 60 см, шырынёй 30 і вышынёй 15 з парай стрыжняў у 7,5 см, якія тырчалі звонку. Умацаваўшы скрыначку ззаду за сядзеннем вадзіцеля ён высунуў стрыжні і абвясціў: «Цяпер у нас ёсць энергія!» Пасля гэтага ён ездзіў на машыне тыдзень, разганяючы яе да 150 км/г. На ўсе пытанні, адкуль жа атрымлівае энергію электрарухавік, Тэсла адказваў: «З эфіру вакол усіх нас». Не паверыўшы яго словам, абывацелі распусцілі чуткі пра тое, што навуковец, так ці інакш, у саюзе з цёмнымі сіламі. Тэслу гэта раззлавала, ён прыбраў таямнічую скрынку з аўтамабіля і вярнуўся ў сваю лабараторыю ў Нью-Ёрку. Таямніца крыніцы энергіі і дагэтуль засталася нераскрытай.

Апошнія гады жыцця Ніколы Тэслы таксама ахутаныя таямніцай. Існуюць версіі, што ён займаўся даследаваннямі ў амерыканскай ваеннай карпарацыі RCA. Вядома дакладна, што ён кіраваў праектам N.Terbo (такім было дзявочае прозвішча яго маці). У некаторых крыніцах згадваецца аб праекце «Вясёлка», у рамках якога нібыта быў праведзены вядомы Філадэльфійскі эксперымент. На эсмінец ВМФ ЗША «Элдрыдж» было ўстаноўлена абсталяванне для генерацыі ахоўнага поля, якое дазволіла б зрабіць карабель нябачным для радараў, але ў выніку эксперымента карабель стаў нябачным і для чалавечага вока. Пісалі пра тое, што «Элдрыдж» умомант перамясціўся ў прасторы з аднаго ўзбярэжжа Амерыкі на іншае, што частка экіпажа загінула, частка бясследна знікла, а тыя, што засталіся ў жывых, правялі астатак свайго жыцця ў псіхбальніцах. Аднак пасля ўдалося даказаць, што ніякага эксперымента не было. «Элдрыдж» знаходзіўся тады не ў тым месцы, і, наогул, усё гэта прыдумана адным напаўпісьменным мараком, які ўбачыў, як карабель абмотваюць медным дротам — цалкам рэальны спосаб размагнічвання корпуса, каб не выбухнуць на магнітнай міне.

Таксама ўвесь свет вельмі цікавіць «д'ябальская зброя» Тэслы. У пачатку XX стагоддзя, а потым у пачатку 1940-х ва ўзросце 84 гадоў вучоны палохаў журналістаў сваім новым вынаходніцтвам. Ён абяцаў накіраваць у іанасферу тонкі, але надзвычай магутны пучок нейкіх часціц або хваль, і тыя гэтую іанасферу нагрэюць так, што яна спапяліць праціўніка, які знаходзіцца пад ёй. Такога роду ўстаноўкі існуюць, іх называюць награвальнымі стэндамі, але ніколі не выкарыстоўваюць на поўную магутнасць, па-першае, з-за непрадказальнасці наступстваў для саміх эксперыментатараў і, па-другое, з-за поўнай бессэнсоўнасці такіх эксперыментаў.

Вялікі вучоны памёр у 1943 годзе амаль не пакінуўшы пасля сябе запісаў, дзённікаў і вынікаў даследаванняў. У дачыненні да навуковай спадчыны Тэслы далёка не ўсё зразумела. Некаторыя яго сябры і біёграфы сцвярджалі, што вучоны знішчыў вялікую частку сваіх запісаў на пачатку Другой сусветнай вайны, зразумеўшы, што чалавецтва не гатова выкарыстоўваць яго адкрыцці, і яны, выкарыстаныя як наймагутнейшая зброя, могуць прынесці больш шкоды, чым карысці. Частка сучаснікаў Тэслы, якія працавалі з ім у яго апошнія гады, сцвярджае, што архіў фізіка быў канфіскаваны спецслужбамі адразу ж пасля яго смерці. Гэта таксама адна з версій, ахінутых таямніцай і загадкамі. Больш практычная складаецца ў тым, што паперы Тэслы, якія захаваліся, знаходзяцца ў Бялградскім музеі яго імя, супрацоўнікі якога час ад часу публікуюць іх.

Неверагодныя факты пра Ніколу Тэслу

  • Тэсла сцвярджаў, што ўначы спіць толькі 2 гадзіны (хоць прызнаваўся, што мог прылегчы адпачыць і днём), а аднойчы правёў за работай 84 гадзіны, не адчуваючы стомы.
  • Ён славіўся сваёй геніяльнай фатаграфічнай памяццю, мог запамінаць нават цэлыя кнігі!
  • Згодна з сямейнай легендай, пасля нараджэння хлопчыка бабка-павітуха заявіла, што Ніколу наканавана быць дзіцем цемры (магчыма, таму што ён нарадзіўся ў час навальніцы, а маланка абяцае дрэнны лёс). Яго маці, аднак, на гэта не па-прарочы адказала: «Не, ён будзе дзіцем святла».
  • Адно з дзівацтваў Тэслы заключалася ў тым, што ён ненавідзеў дакранацца да валасоў.
  • У дзяцінстве Ніколу мучылі начныя кашмары, і, як лічаць гісторыкі, пазней у жыцці гэта дапамагло яму ў думках уяўляць свае вынаходкі, прычым вельмі выразна.
  • Ён быў апантаны лікам 3.
  • Тэсла быў заўзятым прыхільнікам гігіены. Як кажуць, гэта было звязана з тым, што ў юнацтве ён захварэў халерай і ледзь не памёр.
  • Адным з самых незвычайных дзівацтваў Тэслы была агіда да круглых прадметаў!
  • Шукаючы фінансавую падтрымку ў Моргана ў 1901 годзе, Тэсла расказаў яму аб сваім новым вынаходніцтве, над якім працаваў, — сотавым тэлефоне! Вядома, назва была іншая, але, па сутнасці, ён меў на ўвазе менавіта сувязь без дроту.
  • У нейкі момант Тэсла ўбачыў у сваім уяўленні і рэнтген, і радар.
  • Ён быў прыхільнікам еўгенікі — селекцыі людзей і кантролю над нараджальнасцю.
  • Тэсла ненавідзеў жэмчуг і пазбягаў гаворкі з жанчынамі, якія насілі жамчужныя ўпрыгажэнні.
  • Ён прытрымліваўся перакананняў, што сямейнае жыццё, нараджэнне дзяцей несумяшчальныя з навуковай працай. Але незадоўга да смерці навуковец прызнаецца, што адмова ад асабістага жыцця была неапраўданай ахвярай.

Падрыхтаваў Іван Купарвас

hvir@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».