Вы тут

Рыхтуем склеп да зімоўкі


Захаванасць агародніны шмат у чым залежыць ад таго, як падрыхтаваны наш склеп да закладкі новага ўраджаю. Перш за ўсё, сховішча трэба вычысціць, добра выветрыць і прадэзынфікаваць. Як лепш за ўсё гэта зрабіць?


Пачнём з драўляных паліц, стэлажоў і засек. Іх трэба разабраць і вынесці на двор, прамыць гарачай вадой з содай, а затым прасушыць на сонцы! Дэзынфекцыю драўляных дэталяў і сцен супраць грыбных хвароб мы з жонкай робім наступным чынам: двойчы белім вапнай, дадаючы медны купарвас (100 г на вядро вапнавага раствору). А вось каб пазбавіць сховішча ад гнілі ды цвілі, сцены і драўляныя канструкцыі прамываем, а затым паліваем з палівачкі драўляную падлогу склепа 10-працэнтным водным растворам меднага купарвасу (100 г на 1 літр вады). Супраць розных насякомых і гніласных грыбоў праводзім дэзынфекцыю парамі, якія ўтвараюцца пры гашэнні вапны. На кожныя 10 кубаметраў аб'ёму сховішча бяром 3 кг нягашанай вапны, засыпаем у бочку і заліваем вадой. Праз тыдзень гэтую працэдуру трэба па магчымасці паўтарыць!

Каб склеп у працэсе эксплуатацыі заўсёды заставаўся сухім, не адсырэў, яго старанна трэба ўцяпліць і забяспечыць дастатковай вентыляцыяй!

Папараць дапаможа захаваць моркву

Многія дачнікі ведаюць, што не проста захаваць ураджай морквы нават у падрыхтаваным склепе! Але ёсць адзін маленькі сакрэт. Раю пасля ўборкі з агарода і лёгкай яе прасушкі пакласці моркву разам з лісцем папараці ў вялікія цэлафанавыя пакеты і апусціць у склеп. У такім выглядзе гэтая агародніна здольная праляжаць да самай вясны, не страціўшы пры гэтым сваіх смакавых і гаючых якасцяў!

Толькі вось завязваць пакеты з морквай нельга, паколькі паветра павінна свабодна цыркуляваць унутры.

Як атрымаць добры ўраджай бульбы?

А цяпер я падзялюся сваім вопытам, як можна атрымаць добры ўраджай бульбы з насення сёлетняга ўраджаю са свайго ўчастка. Не спяшайцеся прыбіраць у склеп толькі што выкапаныя клубні. Пакіньце іх на некаторы час каля лункі. Гэта дазволіць вам наглядна вызначыць, якія кусты бульбы акажуцца больш удалымі ў наступным годзе. Ведайце, што лепш спыніць свой выбар на тых клубнях, дзе на градцы было шмат роўных бульбін. Вось з іх адразу пасля таго, як выкапалі, і трэба адбіраць свой насенны фонд. Не апраўдаюць вашы чаканні тыя кусты, дзе было ўсяго па 1—2 буйныя бульбіны, а астатнія дробныя. Паверце, такі спосаб адбору насеннага матэрыялу проста з градкі вельмі эфектыўны, і мы гэта адчуваем кожны ўраджайны год пры ўборцы бульбы ў верасні.

Пластыр для гарбуза

Тыя гарбузы, у якіх выпадкова адарваліся пладаножкі, а таксама плады з іншымі пашкоджаннямі адкладзём убок. Па магчымасці іх мы выкарыстоўваем у ежу ў першую чаргу. А вось неглыбокія драпіны на лупіне (такія траўмы хутка загніваюць) можна замазаць зялёнкай або заляпіць бактэрыцыдным пластырам! Пасля такой немудрагелістай працэдуры нашы гарбузы будуць захоўвацца працяглы тэрмін.

Яўген САЛАНОВІЧ, дачнік са шматгадовым стажам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».