Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017» на 227-м агульнавайсковым палігоне «Барысаўскі». Прэзідэнту далажылі аб развіцці ваенна-палітычнага становішча ў Еўрапейскім рэгіёне і яго ўплыве на забеспячэнне ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, аб парадку прымянення арміі, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з групоўкай войскаў, якая дзейнічае на паўночна-заходнім аператыўным напрамку.
Вывучка і ўзровень узраслі
Кіраўнік дзяржавы таксама агледзеў рухомы пункт кіравання камандуючага рэгіянальнай групіроўкі войскаў (сіл). Гэты браніраваны аўтамабіль айчыннай вытворчасці абсталяваны самымі сучаснымі сродкамі сувязі, якія дазваляюць кіраваць войскамі непасрэдна ў руху.
— Малайцы! За кароткі прамежак часу зрабілі добрую сістэму, — пахваліў беларускі лідар. Ён таксама ўспомніў, як сам калісьці прымаў удзел у падобных вучэннях.
— Я ўжо другі раз прымаю ўдзел у вучэннях «Захад». Тады гэта былі «Захад-81». Зусім маладым лейтэнантам мне прыходзілася ў іх удзельнічаць. Я параўноўваю тыя вучэнні і цяперашнія. Вывучка і ўзровень значна ўзраслі. Вы зусім іншыя салдаты і афіцэры, але мэты ў нас тыя ж: абараніць незалежнасць нашых дзяржаў, абараніць нашы нацыянальныя інтарэсы і проста абараніць нашы сем'і. Мы нікому не пагражалі і пагражаць не збіраемся. З нашых земляў не сыходзілі пагрозы і войны, але той, хто прыходзіў на гэту зямлю, заўсёды атрымліваў годны адпор. Гэта ідэалагічны складнік нашых вучэнняў.
Падчас вучэнняў праходзілі апрабацыю новыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі абароннага сектара эканомікі Беларусі: лёгкабраняваныя аўтамабілі «V1» (МЗКЦ), бронетранспарцёр «Кайман», радыёэлектронныя стрэльбы для барацьбы з мульцікоптарамі (ААТ «КБ Радар»), а таксама мадэрнізаваныя танкі Т-72 БМ3.
Аляксандр Лукашэнка ўчора выказаўся па шэрагу пытанняў абарончай тэматыкі.
...Пра ўдзел Уладзіміра Пуціна
Прэзідэнты Беларусі і Расіі вызначыліся з раздзельным удзелам у вучэннях «Захад-2017».
— Мы дамовіліся, што паколькі ўсё-такі асноўная фаза сапраўды тут (у Беларусі. — Заўв. аўт.), але вельмі буйныя вучэнні праходзілі якраз у Ленінградскай вобласці, то Прэзідэнт Расіі пракантралюе і будзе назіраць за вучэннямі на поўначы, а я — ужо ў цэнтры, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
У той жа час была ідэя сумеснай прысутнасці прэзідэнтаў на вучэннях:
— Але па ходзе вызначыліся, што нам усё ж такі трэба больш шырока ахапіць гэта вучэнне, каб людзі бачылі прэзідэнтаў — дзе яны працуюць, як, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
...Пра спробу дыскрэдытацыі мерапрыемства
На думку Прэзідэнта, яна была крайне непрафесійнай. Тым, хто рабіў спробы дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх вучэнняў, кіраўнік дзяржавы параіў «хоць бы навучыцца гэта рабіць па-сапраўднаму». Ён падкрэсліў, што пры колькасці беларускай арміі ў 75 тысяч прысутнасць некалькіх тысяч расійскіх вайскоўцаў у Беларусі нічога б не змяніла.
Што да асцярог з боку шэрагу заходніх палітыкаў і вайскоўцаў, маўляў, не ўсе расійскія войскі могуць быць выведзеныя з тэрыторыі Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заявіў:
— Я з задавальненнем пракаментую гэта праз некаторы час, калі ўсе войскі, якія былі прыцягнутыя на вучэнні, будуць у месцах пастаяннай дыслакацыі, у тым ліку і расійскія.
...Пра абарону нацыянальных інтарэсаў
— Мы ўсяляк падтрымліваем неабходны ваенны патэнцыял і сумесна прымаем меры па прадухіленні ваенных пагроз Беларусі і Расіі, удасканаленні функцыянавання рэгіянальнай групіроўкі войскаў. Пры гэтым сумесная ваенная дзейнасць і супрацоўніцтва з Расіяй у правядзенні вучэнняў не скіраваныя супраць трэціх краін і служаць выключна абароне нашых нацыянальных інтарэсаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У гэтым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, змаглі пераканацца прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса і шматлікіх міжнародных арганізацый, прысутныя на завяршальным этапе вучэння.
...Пра якасць вучэнняў
Прэзідэнт аб'явіў падзяку ўсяму асабоваму складу, які прыняў удзел у сумесным стратэгічным вучэнні «Захад-2017» на беларускай тэрыторыі. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў ваеннаслужачых з паспяховым завяршэннем вучэнняў і пажадаў ім далейшых поспехаў у ратнай працы па надзейным забеспячэнні бяспекі і мірнай працы двух брацкіх народаў.
— Вучэнні праведзены згодна з зацверджанай задумай, пастаўленыя мэты дасягнуты, вучэбныя пытанні адпрацаваны з добрай якасцю. На належным узроўні вырашаны задачы па сумеснай абароне ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз бяспекі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Падчас размовы з прадстаўнікамі СМІ кіраўнік дзяржавы выказаў словы ўдзячнасці ўсім журналістам, якія, па яго словах, проста бліскуча адпрацавалі гэтыя вучэнні як на этапе падрыхтоўкі, так і на этапе правядзення.
— Павінен прама сказаць, што мэты, якія пастаўлены ў шырокім плане перад вучэннямі, былі рэалізаваны не толькі на беларускіх палігонах, але і на расійскіх. Усе элементы вучэння мы адпрацавалі. Вынікі мы яшчэ падвядзём больш канкрэтна, але ў цэлым задачы вырашаны, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб правядзенні вучэнняў, Прэзідэнт падкрэсліў, што лепш нешта дэманстраваць, чым ваяваць.
— Мы ні ад каго не хавалі гэтую дэманстрацыю, паказалі здольнасць узброеных сіл Расіі і Беларусі па абароне саюза і інтарэсаў нашых дзяржаў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта сапраўды была дэманстрацыя нашых магчымасцяў, без гэтага нельга.
...Пра мадэрнізацыю ВПК
Яна будзе працягнута. Пры гэтым, распрацоўваюцца і новыя ўзоры ўзбраення.
Адным з кірункаў развіцця арміі і яе тэхнічнага абсталявання кіраўнік дзяржавы назваў глыбокую мадэрнізацыю ўзбраення і тэхнікі, якія ўжо ёсць. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што неабавязкова закупляць дарагія новыя ўзоры за мільёны долараў, калі магчыма мадэрнізаваць тое, што ўжо маецца, і атрымаць супараўнальныя характарыстыкі.
— Мы гэта ўмеем рабіць — і лятальныя апараты, і бранятэхніку, і стралковую зброю, — звярнуў увагу Прэзідэнт.
У Беларусі ўдалося захаваць прадпрыемствы і школы ў сферы ВПК, і яны запатрабаваныя:
— Па ўсіх кірунках мы навучыліся рабіць і будзем пашыраць гэты спектр. Не толькі таму, што трэба ўзброіць нашу армію, — у свеце вельмі вялікі попыт на глыбокую мадэрнізацыю, стварэнне новай тэхнікі. Тое, што мы ўмеем, не толькі вырабляем для сябе, але і паспяхова прадаём на міжнародных рынках.
Што да новых відаў узбраення, то ў першую чаргу гэта ракетная сістэма «Паланэз» і айчынныя бронемашыны. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што работа вядзецца перш за ўсё па тых узорах тэхнікі, якія могуць быць запатрабаваныя ва ўмовах сучасных ваенных канфліктаў.
— Вайна не будзе фронт на фронт. Будуць лакальныя баі. Нам для абароны патрэбныя вельмі рухомыя часткі, і апошнія войны ў свеце арыентуюць нас на тое, каб мы мелі мабільныя падраздзяленні, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Фота БЕЛТА
У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі адзначаўся павышаны попыт на паслугі санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый.
У шаляў чакаецца ўдалы тыдзень для вырашэння матэрыяльных праблем.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.