«Выбух прагрымеў прыкладна ў 17.54. За дакладнасць гаварыць не буду, мяркую па гадзінніку на сваім мабільным тэлефоне. Цягнік якраз пад'ехаў да станцыі «Кастрычніцкая», дзверы расчыніліся...» Па волі выпадку 11 красавіка 2011 года мне давялося апынуцца побач з месцам выбуху. У першыя секунды падалося, што са столі ўпала велізарная люстра. Вагон пад нагамі закачаўся, святло пагасла, але не зусім...
Дагэтуль памятаю той дзень. Жонка ў канцы папярэдняга працоўнага тыдня захварэла, за выхадныя канчаткова не ачуняла. Ледзьве ўгаварыў застацца дома ў панядзелак — далячыцца. Абяцаў прыйсці з работы крыху раней. І ўжо збіраўся, як патэлефанавала жанчына з аднаго з райцэнтраў. Сям'я губляла надзею пабудаваць сваё жылле: нешта не так было з афармленнем дакументаў, а тэрміны моцна падціскалі. Я крыху павагаўся — можа, заўтра заняцца гэтым пытаннем? — але ўсё ж набраў нумар... З работы выйшаў амаль што як звычайна і, так атрымалася, сеў у той самы цягнік.
...У першыя дні мне падавалася, што я нічога асабліва не бачыў. Памяць пачала вяртацца крыху пазней. ...Выйшаў з вагона направа па ходу руху, праз некалькі крокаў скрозь пыл заўважыў дзірку ў пероне, з якой тырчала, як падалося, арматура, нейкія раскіданыя рэчы. І сілуэты людзей на падлозе... На паўсагнутых нагах развярнуўся налева, прайшоў пад аркай лесвіцы пешаходнага пераходу ў бок эскалатараў. Людзей побач амаль не было, здавалася, я тут адзін. У паветры пахла паленым жалезам, пад нагамі нейкія цёмныя плямы дарожкай. Эскалатары працавалі, тут было даволі многа пасажыраў, якія таропка набіралі нумары тэлефонаў. У галаве мільганула думка, што сувязь зараз «ляжа», таму спешна дастаў свой.
Набраў жонку, коратка сказаў, што ў метро нешта здарылася, але са мной усё ў парадку, няхай не хвалюецца. Потым пачаў тэлефанаваць брату. На той момант ён працаваў на гэтай самай «Купалаўскай» і адказваў за той самы эскалатар, які вёз мяне наверх. «Саня, ты дзе? На змене? Дома! У метро нешта здарылася, я пакуль не ведаю, што...» У сваю наступную начную змену брат будзе за руку пераводзіць з аднаго краю перона на другі прыбіральшчыцу: жанчыне было так страшна...
Каля выхаду з пераходу побач з Домам афіцэраў у першыя хвіліны было адносна няшмат людзей, некалькі дзясяткаў. Тое ж можна было назіраць і цераз дарогу насупраць другога выхаду з метро. На лаўку пасадзілі адну з пацярпелых, пажылую жанчыну, якой спрабавалі выцерці ад крыві твар. Нехта ў прастрацыі прытуліўся да мармуру выхаду. Побач нервова туды-сюды хадзіла маладая жанчына з закопчаным тварам, якая ўвесь час нешта гаварыла ў мабільны тэлефон. Яе спадніца чорная да паловы спераду і ззаду. Каля каменнага парапета бязгучна плакала іншая рыжавалосая маладая дзяўчына. На правай назе ў яе каля калена была кроў.
У першыя хвіліны транспарт працаваў як звычайна. З паўпустых «сотак» на прыпынкі з неўразуменнем пазіралі пасажыры. З боку цырка пад'ехала першая пажарная машына, яшчэ праз хвіліну падляцелі дзве хуткія дапамогі. Разумеючы, што зараз «ляжа» не толькі сувязь, але і ўтворыцца транспартны калапс, вырашыў ехаць у рэдакцыю. У аўтобус ужо ледзьве ўціснуўся. Сярод пасажыраў былі людзі са слядамі крыві, бруду на тварах, вопратцы. У салоне адчувалася напружанне, чуліся словы: «метро», «выбух»... Яшчэ ніхто нічога да канца не зразумеў. І тым не менш усё ў той жа «сотцы» ад некага ўпершыню прагучала: тэракт... Гэта было хвілін праз дваццаць пасля выбуху. На наступных прыпынках была процьма людзей, пасажыры з вялікай цяжкасцю ўціскваліся і выходзілі з аўтобуса. Было зразумела, што метро зачынена. Па абодвух баках праспекта ішлі людзі. Ледзьве выйшаў з транспарту. За нейкіх сто метраў да рэдакцыі ногі раптоўна сталі ватнымі... Калі падняўся на «звяздоўскі» паверх у Доме прэсы, мабільнай сувязі ўжо не было. Сабраўшыся з духам і выходзячы праз кожныя некалькі хвілін пакурыць, я пачаў надыктоўваць машыністцы матэрыял у нумар. Уласныя рукі дрыжэлі, у галаве была суцэльная мешаніна. На нервовай глебе аўтаматычна зачыніў кабінет, а ключы засталіся ўнутры ў куртцы. Дадому мяне завёз увечары калега. Там я яшчэ доўга, да трох ночы, не мог заснуць, прыкурваючы каля адчыненых дзвярэй балкона адну цыгарэту ад другой.
...Ранкам наступнага дня жонка баялася спускацца ў метро. Я настаяў, сказаўшы, што зараз гэта — самы бяспечны від транспарту. На ўваходзе нас сустрэлі металадэтэктары, байцы АМАПа... У вагонах было нязвыкла нешматлюдна для гэтага часу сутак... Калі праз некалькі дзён адкрылася «Кастрычніцкая», паказаў жонцы, як і куды выходзіў. На пероне яна ціхенька прайшлася ад таго месца, адкуль я выйшаў з вагона, да месца выбуху. Налічыла 15 невялікіх крокаў... Некаму для выратавання іх не хапіла... 11 красавіка я лічу сваім другім днём нараджэння.
Сяргей РАСОЛЬКА
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.