Вы тут

Чаму гагара чыкільгае нібы дзіця, якое вучыцца хадзіць


Рык волата-зубра, пошчак вавёркі, шчэбет лясных птушак. Не ў кожнага ёсць магчымасць пачуць іх у жывой прыродзе. А вось у Валожынскім раённым краязнаўчым музеі можна не толькі пабачыць на дыяпраектары розных птушак і звяроў, але і атрымаць асалоду ад гукаў лясных насельнікаў.


Вуч­ні з Рэ­чы­цы на эк­скур­сіі.

Будынак, дзе цяпер месціцца музей, узвялі ў 1920 годзе для гарадскога бургамістра і яго сям'і. У свой час тут быў дзіцячы садок. Для малых пабудавалі новую дашкольную ўстанову адукацыі, а вызваленыя плошчы перадалі пад музей. Ён самы малады ў Мінскай вобласці, адкрыўся для наведвальнікаў у 2010 годзе.

— Яго асноўная місія — збіраць, захоўваць і папулярызаваць прадметы, якія раскрываюць гісторыю Валожынскага краю, — кажа дырэктар музея Наталля Лоўчая.

Частка Валожынскага раёна размешчана на тэрыторыі Налібоцкай пушчы — аднаго з самых старажытных беларускіх лясоў, які захаваў свае межы яшчэ з Сярэднявечча. Тут водзіцца 295 відаў розных жывёл, у тым ліку еўрапейскія зубры, алені, ласі, казулі, дзікі, ваўкі, лісы, 29 відаў птушак. Некаторыя з іх занесены ў Чырвоную кнігу. Адну з залаў адвялі пад пастаянную экспазіцыю «Прырода і экалогія», дзе сабраны чучалы некалькіх дзясяткаў прадстаўнікоў налібоцкай фаўны. Для музея, які не надта сталы, гэтая калекцыя даволі значная. І яна рэгулярна папаўняецца. Асабліва ў захапленні ад знаёмства з жыццём, звычкамі птушак і звяроў дзеці. Вось і гэтым разам у музей завіталі вучні з Рэчыцкай сярэдняй школы №6, што на Гомельшчыне. Яны адпачываюць
і праходзяць аздараўленне ў дзіцячым санаторыі «Налібоцкая пушча». Кіраўніцтва здраўніцы арганізавала для іх экскурсію ў музей. Да гаманлівай чародкі прыстройваюся і я.

— Вы задумваліся, чаму сароку называюць белабокай, трашчоткай? — звяртаецца да наведвальнікаў навуковы супрацоўнік музея Ніна Бобрык.

У адказ — цішыня і цікаўныя позіркі. Відаць, надта ж хочацца малым даведацца пра гэты сакрэт.

— Напэўна, здаралася, што дзяўчынак настаўніца называла сарокамі-балаболкамі. Бо яны сваімі размовамі перашкаджалі весці ўрок, — падказвае Ніна Уладзіміраўна. — А яшчэ сароку клічуць чысцёхай, зладзейкай.

— Я ведаю чаму: яна любіць рэчы, якія блішчаць, можа нават тэлевізар украсці, — выказвае здагадку адзін з хлопчыкаў.

— Ну, сцягнуць тэлевізар ёй не пад сілу. А вось ювелірныя вырабы, бліскучыя дробныя рэчы нельга пакідаць навідавоку пры адкрытым акне. Сарока, калі выпадкова заляціць у дом, панясе іх у сваё гняздо. Наогул, гэта вельмі разумная птушка. Яе вельмі лёгка навучыць размаўляць, хутчэй, чым папугая. Сарока не пацерпіць каля сябе канкурэнтаў, абавязкова выганіць з дому іншую птушку, якую прытулілі гаспадары. А чысцёха яна таму, што любіць, каб у гняздзе быў парадак, знаходзіць спадручныя прадметы і пастаянна чысціць сваё жыллё, — тлумачыць Ніна Бобрык.

Чорная варона і крумкач таксама хутка вучацца гаварыць, умеюць рашаць лагічныя задачы на ўзроўні пяцігадовага дзіцяці. Калі стварыць нестандартную сітуацыю, яны заўсёды знойдуць выхад. Самы рацыянальны і самы правільны. Вароны маюць унікальную памяць і здольнасць запамінаць свайго крыўдзіцеля. «Ні ў якім разе не разбурайце яе гняздо, не запускайце ў яе каменьчыкам. Варона можа адпомсціць вам нават калі станеце дарослымі. Інфармацыя захоўваецца ў памяці птушак надоўга і нават перадаецца па спадчыне дзецям, унукам», — папярэджвае экскурсавод.

— Я выпадкова ўдарыў птушку, ды потым пашкадаваў яе, пачаў падкормліваць і праз чатыры дні яна паляцела, — прызнаўся школьнік гадоў сямі. — Але больш ніколі так не буду рабіць.

Наступнае знаёмства з лебедзямі. У свеце ўсяго шэсць відаў гэтых грацыёзных птахаў. З гэтай птушкай звязана шмат легендаў, у тым ліку пра іх вернасць. Кажуць, калі гіне адзін, то іншы падымаецца высока ўверх і склаўшы крылы падае на зямлю, нібы камень. Гэта толькі легенда. На самай справе лебедзі пасля гібелі партнёра ствараюць новыя сем'і. Але ў парах яны не пакідаюць адно аднаго, заўсёды разам. Аляксандр Грын назваў лебедзяў арыстакратамі водаў, а Мікалай Забалоцкі — беласнежным цудам, Чайкоўскі стварыў чароўную музыку да балета «Лебядзінае возера». Ханс Крысціян Андэрсен напісаў казку пра гэтых птушак «Брыдкае качаня».

— А чулі такую прымаўку: жыве кулік, дзе прывык і кожны роднае балота хваліць? — цікавіцца ў малых Ніна Бобрык. — Налібоцкая пушча — забалочаны край, і тут водзіцца шмат відаў кулікоў. Ва ўсіх тонкія ногі і доўгая вострая дзюба, каб здабываць у балоце корм...

Здавалася, дзеці гатовы слухаць цікавыя аповеды бясконца, ды час развітвацца.

— Мне ўсё вельмі спадабалася, — прызнаўся Рома Сіманаў. А яшчэ я зразумеў, што нельга крыўдзіць братоў нашых меншых, яны — частка нашага свету і жыцця.

— Я ўпершыню даведалася, якіх памераў бываюць звяры і птушкі. Здзівіла, што філін можа важыць да 25 кілаграмаў, а дзятлы — вельмі моцныя птушкі, — падзялілася ўражаннямі Даша Пешкун.

На развітанне школьнікі набылі магніцікі з выявай Валожына і паабяцалі пры першай магчымасці яшчэ раз сюды вярнуцца з бацькамі, сябрамі, брацікамі і сястрычкамі.

— Дзецям мы расказваем пра прыроду Налібоцкага краю, яго насельнікаў у гульнявой форме. Для кожнага ўзросту распрацаваны свае ўрокі. Імкнёмся, каб малым было цікава, — расказала Наталля Лоўчая. — Да нас прыводзяць дзяцей з садкоў, мы ім уключаем фанаграму з галасамі насельнікаў пушчы, расказваем пра жыццё розных відаў фаўны. У спецыяльна аформленым куточку лесу два ваўкі нападаюць на казулю. Гэтая карцінка знаёміць дзяцей з тым, што адбываецца ў дзікай прыродзе, як ідзе барацьба за выжыванне. Трэба каб яны ведалі, шанавалі прыроду, бо без прыроды мы ніхто.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Жыве кулік, дзе прывык, і кожны роднае балота хваліць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».