Вы тут

«Шопінг» 80 гадоў таму


Часцей за ўсё пра тую ці іншую эпоху мы ведаем па самых значных гістарычных падзеях. Звесткі пра іх часам здаюцца сухімі, бывае цяжка ўявіць, што ў той час людзі гэтак жа радаваліся і сумавалі, хадзілі на працу і адпачывалі па выхадных, вячэралі ў кафэ і закупляліся ў крамах. Дарэчы, пра гэта. Цяпер савецкі час выразна асацыюецца з перыядам дэфіцыту, калі нічога нельга было дакупіцца. Хоць на самай справе ў тыя ж 1920—1930-я ў Мінску прадавалі тое, што нават зараз мы палічылі бы экзатычным...


Ляль­кі-ра­бо­чыя, 1930-я га­ды.

Шахматы для весялосці

Вядома, акрамя падручнікаў гісторыі пагрузіцца ў тую ці іншую эпоху дапамагаюць мастацкія кнігі. Але ўсё ж прыходзіцца прызнаць, што канкрэтныя звесткі, як і падрабязнае апісанне побыту, у іх ёсць далёка не заўсёды. Каб даведацца, што ж дакладна прапаноўвалі сталічным спажыўцам у міжваенны перыяд, краязнаўца Вадзім ЗЕЛЯНКОЎ вывучыў узоры друкаванай рэкламы.

Вядома, такога багацця прамоўтарскай прадукцыі, якое ёсць цяпер, тады не было. Аднак барацьба за пакупніцкі попыт вялася актыўна. Так, у 1926 годзе быў выдадзены даведнік пад шматабяцальнай назвай «Увесь Мінск у кішэні». Праўда, разлічаны ён быў, хутчэй, не на простых спажыўцоў, а на буйных заказчыкаў. Бо рэкламаваліся не нейкія асобныя тавары або паслугі, а арганізацыі, якія іх прапаноўвалі. Напрыклад, калектыў чысцільшчыкаў, шчотачнікаў, металістаў, «Беларускі ларок», які аб'ядноўваў 25 мінскіх ларкоў.

У другой палове 1930-х унушальную падборку рэкламы можна было знайсці ў пачатку даведніка са спісам абанентаў мінскай АТС. Самую вялікую разнастайнасць тавараў прапаноўвалі тады, вядома ж, універмагі. Той жа Мінскі дзяржаўны паказальны ўнівермаг ці, прасцей кажучы, ГУМ. Размяшчаўся ён непадалёк ад цяперашняга, там дзе зараз правае крыло будынка КДБ. Даведнікі выпускаліся на беларускай мове, праўда, абрэвіятура не перакладалася, таму ГУМ меў аднолькавую назву на абедзвюх мовах, з часам менавіта гэты варыянт і прыжыўся. У даведніку рэкламаваўся не проста сам універмаг, а яго асобныя аддзелы. Усё гэта суправаджалася ілюстрацыямі вітрын, дарэчы, убачыць, як яны выглядалі, можна і цяпер. Супрацоўнікі ГУМа ў афармленні вітрын нярэдка звяртаюцца да рэтраматываў.

Менш буйныя, але таксама добрыя прамтаварныя крамы, знаходзіліся пераважна ў цэнтры. Дарэчы, не ўсе яны мелі дакладны адрас. Калі будынак стаяў на рагу вуліцы, то нумар яму не прысвойваўся, а так і пісалася — дом на рагу, напрыклад, Камсамольскай і Карла Маркса. Яшчэ адна асаблівасць таго перыяду, што назвы вуліц былі пераважна прыметнікамі, так цяперашняя вуліца Леніна тады называлася Ленінскай.

Адзін з самых вядомых гастраномаў знаходзіўся насупраць Дома ўрада, у доме Кастравіцкай, знесеным у 60-я. Многія ўжо пажылыя жыхары сталіцы, якія выраслі ў Мінску, да гэтага часу з захапленнем успамінаюць прысмакі, якія там прадаваліся. Дарэчы, смак іх можа быць знаёмы і нам. Бо тады ўжо працавалі фабрыкі «Камунарка», «Спартак»,» Чырвоны харчавік». А вось ласункі пад назвамі «шахар-накут», «бадам-безэ» і «гязь іспаганская», якія тады можна было, хоць і за немалую суму, раздабыць у Мінску, наўрад ці знойдуцца ў сталіцы цяпер.

Асартымент алкагольных напояў таксама ўражваў сваёй вытанчанасцю. Акрамя звыклых гарэлкі і віна, на паліцах можна было знайсці вялікі выбар лікёраў і настоек. У пашане была анісавая, якую ў Булгакава і Гайдая лічыў за найлепшую цар Іван Васільевіч, запяканка — гарэлка са спецыямі, кававы лікёр і лікёр з апельсінавай скуркі з прыгожай назвай кюрасо.

Калі мінчане не хацелі гатаваць самі, яны маглі адправіцца ва ўстанову грамадскага харчавання. Прыцягнуць наведвальнікаў спрабавалі не толькі хлебам, але і відовішчамі. Так, у фабрыцы-кухні, якая знаходзілася па адрасе Свярдлоўскі тупік, наведвальнікам прапаноўвалі шахматы, шашкі і більярд да дзвюх гадзін ночы.

Сюрпрыз ад Пушкіна

Перад выхадам «у людзі» трэба было прыбрацца. У даваенны перыяд на тэрыторыі Беларусі развівалі ў першую чаргу лёгкую прамысловасць. Вопратку вырабляла, напрыклад, буйная фабрыка «Окцябр»— ідэалагічныя назвы акуратна транслітараваліся, гэта датычылася не толькі заводаў і фабрык, але і назваў вуліц і плошчаў. Вырабы прадпрыемства здаваліся ў арганізацыю з цяжка прамаўляльнай назвай Белшвейзабзбыт, а потым размяркоўваліся па ўсім Саюзе. Цяпер на месцы будынка прадпрыемства пракладаюць трэцюю лінію метро.

Вялікі попыт у той час быў і на футравыя вырабы, якія прапаноўваў Мехорг. Акрамя верхняга адзення выраблялі і галаўныя ўборы, якія ўжо практычна выйшлі з ужытку: фінку, гогаль, бандзейку, каптур. Акрамя дзяржаўных прадпрыемстваў існавала і велізарная колькасць арцеляў. Напрыклад, «Новы шлях» і «Амерыканка» — апошняя ніякага дачынення да змрочных падзей не мела, а назвалі яе так, хутчэй за ўсё, таму што была арганізавана па амерыканскім узоры. Арцелі праіснавалі вельмі доўга, аж да 60-х.

Што датычыцца касметычных сродкаў, то выбар іх быў у сотні разоў меншы, чым цяпер, затое назвы куды больш паэтычныя: знакамітая «Чырвоная Масква», «Новая зара», лініі «Любы сябар», «Квітнеючы май», сюрпрызная скрынка «Букет маёй бабулі». Больш за ўсё здзіўленне выклікае сюрпрызная скрынка да юбілею А. С. Пушкіна, бо ў 1937 годзе адзначалі дату —100 гадоў з дня яго смерці... Дарэчы ўжо тады вялікую ўвагу ўдзялялі яркасці і, як бы мы цяпер сказалі, «крэатыўнасці» візуальнага кантэнту ў гэтай сферы. Так, зубную пасту фірмы ТэЖэ рэкламавала жыццярадасная лётчыца.

З таварамі для дзяцей усё было яшчэ складаней. Цацкі павінны былі не толькі пацешыць дзіця, але і, у першую чаргу, выхаваць яго ў ідэалагічна правільным рэчышчы, у духу савецкага патрыятызму. На першым плане былі ваенізаваныя цацкі, а таксама тыя, якія адлюстроўвалі будні савецкіх людзей. З пункту гледжання сучаснага, часта гэтыя імкненні даводзілі да абсурду. Так, на роўных з нацыянальнымі лялькамі, камсамолкай, вершнікам на кані і цалкам звыклымі транспартнымі сродкамі, як аўто хлебнае, аўто гоначнае ці лесавоз, вырабляліся цацкі, якія мелі афіцыйную назву: мядзведзь з пісталетам не афарбаваны; жанчына сячэ капусту, разьбяная цацка; грамадзянін у лодцы з вёсламі гумавы. Сустракаліся і проста пацешныя ўзоры: лялька баба разанская з вачыма, якія заплюшчваюцца; заяц №91 у трусіках, зусім маленькі; мужык-танцор; кошка ў запрэжцы; верабей №6 з падносам на драўлянай планцы; парася №1 у сукенцы ці трусіках; амерыканскі будаўнік афарбаваны; сабака, які скача, аздоблены заячым мехам з гумавым балонам-шыяй, і самы загадкавы аб'ект — качка інстытуцкая. А яшчэ кажуць, што гэта сёння можна купіць ўсё што заўгодна...

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Мядзведзь з пісталетам і царская настойка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.