Вы тут

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі


Свой стагадовы юбілей «Звязда» адсвяткавала 9 жніўня. Але дата своеасаблівая — такім працяглым, прычым бесперапынным жыццём не можа пахваліцца ні адно штодзённае выданне краіны. Пра гэта ўчора казалі і высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.


 

Віншавальнае слова кіраўніка дзяржавы агучыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Валерый МІЦКЕВІЧ. Таксама ён уручыў газеце Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта (на фота).

— 100 гадоў газета крочыць поруч з дзяржавай, побач з беларускім грамадствам, дапамагаючы ствараць не толькі культуру, навуку, адукацыю, — адзначыла міністр інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ. — «Звязда» дапамагала краіне ваяваць, аднаўляць разбураную падчас вайны гаспадарку. І ў суверэннай Беларусі газета мае свой адметны голас, які, дзякуючы сучасным інфармацыйным тэхналогіям, чуваць далёка ў свеце.

 

Калектыў выдання віншавалі не толькі вядомыя дзяржаўныя дзеячы, кіраўнікі і намеснікі шматлікіх арганізацый, устаноў, прадстаўнікі кузні творчых кадраў, у тым ліку і для «Звязды», Інстытута журналістыкі БДУ. Каб сказаць роднай газеце на роднай мове шмат добрых слоў, прызнацца  ў любові, у сталіцу прыехалі і нашы партнёры з рэгіёнаў. Віншавалі — хто прозай, хто вершамі. Неслі падарункі, кветкі, а самае галоўнае — было бачна, што для многіх з іх «Звязда» з'яўляецца любімай газетай.

Для дырэктара выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзіміра АНДРЫЕВІЧА яна больш чым любімая: не адно дзесяцігоддзе працы ў рэдакцыі яго назаўсёды параднілі з газетай. «Што ўвесь час адрознівала «звяздоўцаў», журналістаў, якія хіліліся да газеты, дык гэта рамантызм, — прызнаўся колішні намеснік рэдактара «Звязды». — Менавіта рамантыкі ў 1917 годзе зрабілі рэвалюцыю. У пэўным сэнсе глыбокія рамантыкі і адказныя людзі выпускалі «Звязду» ў падполлі і ў партызанскай зоне. Калектыў газеты шчыра і вельмі актыўна ўключыўся і ў стварэнне, а таксама ў развіццё суверэннай Беларусі».

Калегі з іншых СМІ шчыра казалі, што «Звязда» — месца, дзе хочацца працаваць. Гэта газета, у якой хочацца вучыцца.

— Чытаю сучасную «Звязду»: часам радуюся, а часам бянтэжуся, магу і паспрачацца, — падзяліўся ветэран рэдакцыі, першы намеснік рэдактара газеты на працягу двух дзесяцігоддзяў Міхаіл МІХАЕВІЧ, які заўсёды на сувязі са сваімі вучнямі. — Сёння працаваць у беларускамоўным выданні вельмі цяжка. Быў нават такі час, калі на рэдкалегіі ўзнімалася пытанне аб пераходзе газеты на рускую мову. Мы тады аднагалосна прагаласавалі супраць. На шчасце, сучаснае пакаленне журналістаў не здраджвае традыцыям, якія на працягу доўгага часу ствараліся іх папярэднікамі.

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Голас, які чуваць у свеце

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.