Вы тут

Які ён, брэнд Беларусі?


Спецыялісты разлічваюць, што 2018-ы стане Годам турызму Беларусі і Кітая.

Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной падкрэсліў, што Беларусі неабходны ўласны брэнд. «Але вопыт Мінска сведчыць пра тое, што да гэтага пытання трэба падыходзіць асцярожна і ўзважана, прыцягваць грамадскасць, каб гэтая работа ішла празрыста і сумленна», — адзначыў намеснік міністра. Таму некалькі варыянтаў брэнда Беларусі будуць прапанаваны грамадскасці да канца года.


Кітайскі вектар

Беларусь і Кітай у наступным годзе акцэнтуюць увагу на развіцці турызму. «Калі ўсё атрымаецца, у лістападзе на палях саміту «16 + 1» мы аб'явім 2018-ы Годам турызму Беларусі і Кітая. Плануецца, што адпаведнае пагадненне будзе падпісана на ўзроўні прэм'ер-міністраў нашых краін», — сказаў Міхаіл Партной.

Цяпер рыхтуецца план мерапрыемстваў. «У ім будзе ўлічана ўсё: лагістыка, харчаванне, пражыванне, інфармацыйная кампанія. Мы плануем правесці шмат мерапрыемстваў у 2018 годзе. Супрацоўніцтва будзе выгадным для нашых дзяржаў, таму што беларусы з задавальненнем ездзяць у Кітай, а Кітаю падабаецца наша еўрапейская краіна», — адзначыў намеснік міністра.

А яшчэ грамадзянам Кітая плануецца дазволіць 30-дзённы бязвізавы ўезд у Беларусь. «Разглядаецца пытанне аб увядзенні бязвізавага рэжыму для грамадзян Кітая па грамадзянскім пашпарце на 30 сутак», — адзначыў Міхаіл Партной. Паводле яго слоў, цяпер над гэтым пытаннем актыўна працуюць знешнепалітычныя ведамствы дзвюх краін. «Хацелася б, каб да канца года гэтыя пытанні былі закрытыя. Мы вельмі шчыльна над гэтым працуем», — падкрэсліў намеснік міністра.

Бязвіз з 5 да 10 дзён

Спецыяльным бязвізавым рэжымам для ўезду ў Беларусь з моманту яго ўвядзення скарысталіся 52 тысячы турыстаў, паведаміў Міхаіл Партной. Ён адразу ўдакладніў, што ў цяперашні час разглядаецца пытанне аб павелічэнні тэрміну бязвізавага знаходжання ў Беларусі — пакуль ідзе гаворка пра 10 сутак.

«Нас не задавальняюць 5 сутак. Асабліва гэта датычыцца медыцынскага, спартыўнага турызму. Гэтага часу мала. Але гэта быў пілотны праект, ён звязаны з бяспекай, таму што ў турызме гэта вельмі важна. Цяпер, калі сістэма бяспекі абкатаная, вядзём гаворку пра павелічэнне колькасці дзён да 10. Спадзяюся, да Еўрапейскіх гульняў гэта атрымаецца», — сказаў Міхаіл Партной.

Пры гэтым намеснік міністра падкрэсліў, што пакуль рашэнне па павелічэнні тэрміну бязвізавага рэжыму не прынята, Беларусь удасканальвае наяўны механізм. «Напрыклад, ёсць эксперыментальны ўказ па Аўгустоўскім канале, цяпер нашы прапановы — акрамя Аўгустоўскага канала зрабіць бязвізавай зонай чыгуначны вакзал і аэрапорт у Гродне, частку Белавежскай пушчы. Брэст хоча рушыць наперад у гэтым напрамку», — растлумачыў ён. Намеснік міністра канстатаваў, што прыняцце такіх рашэнняў дае эканамічны эфект.

Паводле яго слоў, распрацоўваюцца магчымасці распаўсюдзіць бязвіз на ўезд не толькі праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.

На выстаўку «Турбізнес-2017»

Уязны і ўнутраны турызм стануць асноўнымі тэмамі міжнароднай выстаўкі «Турбізнес-2017», якая адкрыецца ў гэту сераду, у Сусветны дзень турызму. Зарэгістравалася ўжо каля 13 краін. Міжнародная выстаўка 24-ы раз пройдзе ў Мінску з 27 па 29 верасня. Традыцыйна на ёй падводзяцца вынікі летняга сезона. Тэматыка экспазіцый — уязны і выязны, спартыўны і прыгодніцкі, рэкрэацыйны, медыцынскі, сямейны, дзіцячы і паляўнічы турызм. На выстаўцы пакажуць спартыўную і турыстычную вопратку, абсталяванне, картаграфічную і сувенірную прадукцыю. Будуць прадстаўлены тураператары і турагенты, транспартныя кампаніі. Праграма прадугледжвае прэзентацыі, круглыя сталы, семінары па актуальных праблемах турыстычнай галіны.

Выстаўку праводзіць Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» сумесна з Міністэрствам спорту і турызму. Летась у ёй прымалі ўдзел прадстаўнікі 14 краін.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.