Вы тут

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым


Знешняя палітыка нашай дзяржавы ў многім завязана на выбудоўванні супрацоўніцтва паміж нашымі і замежнымі рэгіёнамі. Таму ні для кога не дзіва, што ў Палацы Незалежнасці рэгулярна адбываюцца сустрэчы не толькі з прадстаўнікамі ўрада, першымі асобамі замежных краін, але і з дэлегацыямі з рэгіёнаў. Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Чачэнскай Рэспублікі.


Фота БЕЛТА

Рамзан Кадыраў наведвае нашу дзяржаву ўпершыню.

— Беларусь заўсёды была добрым домам для ўсіх народаў былога Савецкага Саюза, ды і цяпер да нас прыязджае мора людзей з усёй планеты, ніхто ніколі не крыўдзіўся на гасціннасць нашага народа, — адзначыў беларускі лідар, вітаючы госця. — Гэта візітная картка беларусаў. Гэта не толькі заслуга цяперашняй улады, так было заўсёды.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся: ён вельмі рады сустрэчы з кіраўніком Чачні.

— Я думаю, вам спадабаецца ў Мінску, у Беларусі, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы, — і вы не толькі афіцыйна, але і ў любы час знойдзеце магчымасць пабываць у нас, пазнаёміцца бліжэй з беларусамі. У нас нямала чачэнцаў жыве, мы з імі ніколі не мелі праблем — абсалютна ніколі. Таму вы зможаце ўбачыць сваіх суайчыннікаў, з імі пазнаёміцца.

Асобная тэма — рэгіянальнае супрацоўніцтва. Канцэпцыя, агучаная Прэзідэнтам, простая: калі б не было супрацоўніцтва Беларусі з рэгіёнамі, увогуле не было б беларуска-расійскіх адносін.

— Мы перажылі няпростыя часы, калі ў нас было непаразуменне па асобных пытаннях з цэнтрам, — сказаў кіраўнік краіны. — Але рэгіяналы выратавалі нашы адносіны. Мы заўсёды падтрымлівалі з губернатарамі, кіраўнікамі рэспублік, краёў, абласцей вельмі цесныя, добрыя адносіны. Мы па-брацку будуем свае адносіны з прадстаўнікамі шматнацыянальнай Расіі. Сёння заўважная вельмі сур'ёзная тэндэнцыя да паглыблення нашых адносін, нягледзячы на санкцыі, ціск з боку Захаду, які зараз здзяйсняецца на Расію...

Прэзідэнт нашай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі добра ведаюць пра развіццё Чачэнскай Рэспублікі і вельмі рады за яе.

— Вы проста малайцы, паднялі з руін, з попелу свой кавалак зямлі, усялілі ўпэўненасць у народ Чачэнскай Рэспублікі, — зазначыў Прэзідэнт. Для Беларусі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, гэта вельмі перспектыўны, аўтарытэтны рэгіён:

— Мы хацелі б не толькі супрацоўнічаць з Грозным, з Чачэнскай Рэспублікай, але і разам з вамі працаваць на Каўказе — што датычыцца эканомікі, эканамічных адносін. Мы спакойна можам будаваць там сумесныя прадпрыемствы. Супрацоўнічаючы ў гэтым плане, ствараць сумесны высокатэхналагічны прадукт. Гандляваць у вашым рэгіёне: не толькі на поўдні, але і на поўначы.

Кіраўнік нашай дзяржавы прывёў у прыклад супрацоўніцтва з Сахалінам.

— Мы даўно сябруем з кіраўніком Сахаліна, калі ён яшчэ ў Амурскай вобласці працаваў, — прыгадаў Аляксандр Лукашэнка. — Добры рускі чалавек, неяк прыехаў, папрасіў падтрымкі. А пасля яго «перакінулі» на Сахалін. Прыехаў, кажа: грошы ёсць, але ўсё набываем, завозім, нічога свайго няма. Кажу: давай зробім, каб Сахалін мог пракарміць свой народ і суседзяў. Сёння мы ствараем там прадпрыемствы. У наступным годзе адкрыем узорнае прадпрыемства на Сахаліне. Таму па нейкіх кірунках мы аналагічна можам працаваць з Чачэнскай Рэспублікай.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гаворка ідзе пра высокатэхналагічны прадукт, які сёння запатрабаваны як у каўказскім рэгіёне, так і ў Расіі ўвогуле:

— Ключавая тэма — кааперацыя. Гэта найбольш прасунутая, узаемавыгадная форма супрацоўніцтва, у рамках якой можна задаволіць патрэбы рэгіянальнага рынку, а таксама стварыць высокатэхналагічныя працоўныя месцы.

У Чачні ствараецца вытворчасць аўтамабіляў. Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў нас, у Беларусі, ёсць прадпрыемства, якое мае вопыт супрацоўніцтва з Расіяй, — «Аўтакампаненты»:

— Мы можам супрацоўнічаць з вамі. Прытым, безумоўна, гэтыя аўтакампаненты вы можаце набыць у любой краіне, дамовіцца з любым бізнесменам, але мы вам гарантуем не толькі якасць і цану. Мы вам гарантуем найсур'ёзнейшую абавязковасць. У нас дзяржава адказвае за падобныя рэчы.

Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, для нас вельмі важнае пытанне адказнага партнёра:

— З вамі ў нас няма праблем, таму што ў вас дзяржава мае моцную ўладу, вы маеце моцны ўплыў на ўсе сектары. Гэтак жа і ў нас. Вы нават можаце не баяцца, калі будзеце супрацоўнічаць з нашымі кампаніямі і прадпрыемствамі, што яны недзе вас падмануць. Гэтага быць не можа. Гэта таксама вельмі важна ў наш няпросты час, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што магчымасці Беларусі ў галіне машынабудаўніцтва вядомыя. Рэспубліка была вядучай у гэтай сферы ў Савецкім Саюзе. Наша краіна, акрамя гэтага, можа прапанаваць свае паслугі ў сферы хіміі і нафтахіміі, у сельскай гаспадарцы, пастаўках пасажырскай, камунальнай тэхнікі, — спектр для супрацоўніцтва шырокі. Акрамя гэтага, Прэзідэнт прапанаваў стварыць сумесную вытворчасць такой тэхнікі ў Чачні.

У тэму

Рамзан Кадыраў, кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі:

— Мы дамовіліся ў першую чаргу аб супрацоўніцтве ў эканоміцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Прэзідэнт даў дакладныя даручэнні міністэрствам, ведамствам, каб яны перайшлі да спраў больш канкрэтна. Зараз, я думаю, будуць зроблены канкрэтныя крокі. Мне вельмі спадабалася сустрэча, я вельмі даўно хацеў убачыцца з беларускім лідарам.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Гарантыя адказнасці і ўзаемнасці

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.