Вы тут

У рэчышчы станоўчай дынамікі


Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі з'яўляецца вельмі важнай у дынаміцы міжнародных адносін дзяржавай.


Перш за ўсё, трэба памятаць пра некалькі вельмі важных фактаў, якія падкрэсліваюць значнасць гэтай краіны. Нельга забываць, што Вялікабрытанія аж да 1960-х гадоў мінулага стагоддзя была адной з найбуйнейшых імперый на планеце. Цяпер гэта ўжо не так, але спадчына не магла не застацца. Для Вялікабрытаніі гэта актывы па ўсім свеце ў былых калоніях, якія робяць эканоміку краіны інтэрнацыянальнай. Вялізная тэрыторыя і гандлёвыя інтарэсы выклікалі да жыцця з'яўленне першай у свеце транснацыянальнай карпарацыі — Брытанскай Ост-Індскай кампаніі ў 1600 годзе. Наколькі гэтая ініцыятыва аказалася значнай, можна меркаваць па тым, што цяпер у свеце ўжо больш як сто тысяч транснацыянальных карпарацый, і многія з іх маюць брытанскую юрысдыкцыю.

Для ролі Лондана на сусветнай арэне таксама важна створаная з былымі калоніямі Брытанская садружнасць нацый. У яе ўваходзіць больш за пяцьдзясят краін з насельніцтвам, якое хутка наблізіцца да двух мільярдаў чалавек. Нарэшце, стагоддзі валодання велізарнай імперыяй дазволілі сфарміраваць гіганцкую фінансавую сістэму. У дадзены момант яна з'яўляецца другой у свеце па актывах пасля ЗША. Не варта забываць і пра лонданскую біржу, якая стала месцам выхаду ў свет многіх найбуйнейшых кампаній сучаснасці.

Беларуска-брытанскія адносіны не назавеш узорнымі, але не з-за адсутнасці ініцыятыў з беларускага боку. Проста так складвалася сітуацыя ў першыя дзесяцігоддзі нашых стасункаў.

Найважнейшая асаблівасць знешняй палітыкі Вялікабрытаніі — апора на супрацоўніцтва з ЗША. Гэта не менш цеснае супрацоўніцтва, чым у Беларусі з Расіяй. Блізкасці адносін спрыяе агульная англійская мова і той факт, што ў ЗША, як у былой брытанскай калоніі, многія ўплывовыя грамадзяне маюць сваяцкія сувязі з Вялікабрытаніяй. Акрамя гэтага, вялізныя актывы, якія належаць Вялікабрытаніі па ўсім свеце, больш не суправаджаюцца ўласнай вялізнай арміяй. Тэрыторыя Вялікабрытаніі на гэты момант толькі на трыццаць працэнтаў большая за беларускую, а насельніцтва перавышае беларускае ў шэсць з паловай разоў. У гэтай сітуацыі гарантам бяспекі брытанскіх актываў выступае адна з найбуйнейшых у свеце армій — армія ЗША. У выніку дрэнныя адносіны з Вашынгтонам, якія не па сваёй волі склаліся ў Мінска ў другой палове 1990-х, трансфармаваліся і ў дрэнныя адносіны з Лонданам. Не спрыяла паляпшэнню адносін і падобная дынаміка адносін з Еўрасаюзам, часткай якога з'яўляецца Вялікабрытанія.

У апошнія гады сітуацыя мяняецца да лепшага. Цікавасць да Беларусі з'явілася ў Вялікабрытаніі разам са стартам Усходняга партнёрства ў 2009 годзе, у якім краіна прымала значны ўдзел. У апошнія гады назіраецца і сур'ёзная разрадка ў стасунках Беларусі з ЗША і ЕС. Ды і сама Вялікабрытанія ўжо не тая. Пасля прынятага ў 2016 годзе рашэння аб выхадзе з ЕС назіраюцца адчувальныя супярэчнасці Лондана і Бруселя, якія знаходзяцца ў шлюбаразводным працэсе, што падахвочвае Вялікабрытанію актывізаваць сваю дзейнасць на новых напрамках.

Злучанае Каралеўства з'яўляецца адным з найважнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі. За першыя сем месяцаў 2017 года дынаміка тавараабароту з Вялікабрытаніі не тое што проста станоўчая, а выдатная. Беларускі экспарт вырас у два з лішнім разы ў параўнанні з тым жа перыядам мінулага года — да 1 мільярда 378 мільёнаў долараў. Пры ўмове захавання такой жа дынамікі да канца года ёсць шанц наблізіцца да паказчыкаў 2015 года, якія складалі 2 мільярды 941 мільён. Сальда знешняга гандлю ў 2017 годзе дадатнае — 1 мільярд 250 мільёнаў. Недахопам з'яўляецца апора ў беларускім экспарце на нафтапрадукты, што робіць яго залежным ад кан'юнктуры рынку.

У наступныя гады нам неабходна зрабіць многае. У якасці яўнага прыярытэту выступае інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Найбуйнейшыя ў Еўропе фінансавыя актывы пад кантролем Лондана могуць паслужыць развіццю беларускай эканомікі. У дадзены момант у Беларусі ажыццяўляюць дзейнасць больш як 400 кампаній з брытанскім капіталам. Здавалася б, нядрэнны паказчык, але такі ж у Беларусі маюць Латвія і Літва, магчымасці якіх не супастаўныя з брытанскімі.

Не варта забываць і пра супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Брытанская адукацыйная сістэма з'яўляецца вельмі магутнай, і сотні беларусаў ужо атрымалі адукацыю ў яе рамках. Больш цеснае супрацоўніцтва беларускіх і брытанскіх універсітэтаў можа адыграць важную ролю для далейшага ўмацавання адукацыйнай сістэмы Беларусі.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.