Вы тут

29 верасня пройдзе акцыя «Выбірай сэрцам!»


Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа сумесна з арганізацыямі аховы здароўя правядзе 29 верасня адзіны ўрок па прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў «Выбірай сэрцам!»


Акцыя адбудзецца адразу ў дванаццаці школах трох рэгіёнаў Беларусі: у Гродзенскай вобласці — гарадах Ашмяны і Слонім, аграгарадках Гальшаны, Жыровічы, Навасёлкі і Станцыя Ашмяны, у Віцебскай вобласці — гарадах Полацк і Сянно, гарадскім пасёлку Багушэўск, аграгарадках Зялёнка і Ходцы, на Магілёўшчыне — у Горках.

— Хваробы сістэмы кровазвароту — галоўная прычына інваліднасці насельніцтва ў Беларусі, — кажа менеджар праекта Чырвонага Крыжа «Уцягненне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця» Таццяна СВЯТЛОВІЧ. — Значны ўплыў на развіццё сардэчна-сасудзістых захворванняў аказваюць курэнне, злоўжыванне алкаголем, нездаровае харчаванне і недастатковая фізічная актыўнасць. Калі змяніць свае паводзіны ў бок здаровага ладу жыцця і ліквідаваць пералічаныя фактары, то рызыка развіцця інфарктаў і інсультаў знізіцца, паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, амаль на 75%. З дапамогай тэматычнага ўроку ў школах мы хочам развіць у новага пакалення больш адказнае стаўленне да свайго здароўя, а таксама данесці інфармацыю пра важнасць здаровага ладу жыцця праз дзяцей бацькам.

Праект «Уцягненне супольнасцяў у прасоўванне здаровага ладу жыцця» БТЧК рэалізуе ў Беларусі з 2014 года пры фінансавай і экспертнай падтрымцы Швейцарскага Чырвонага Крыжа. Мэта праекта — змяненне паводзін жыхароў мясцовых супольнасцяў у бок здаровага ладу жыцця з дапамогай валанцёрскіх груп. На сёння створаны і паспяхова працуюць 14 ініцыятыўных груп па здаровым ладзе жыцця ў малых гарадах і вёсках Віцебскай, Гродзенскай абласцей, а таксама г. Горкі Магілёўскай вобласці. Больш за 280 валанцёраў навучаюць насельніцтва асновам прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў, ажыццяўляюць індывідуальнае суправаджэнне тых, хто імкнецца змяніць свой лад жыцця ў бок здаровага, рэгулярна праводзяць заняткі і майстар-класы па розных відах фізічнай актыўнасці.

З дапамогай яркай інфаграфікі і элементаў гульні падлеткам раскажуць пра хваробы сістэмы кровазвароту, іх сімптомы, рызыку развіцця, меры прафілактыкі. А завершаць урок відэазвароты вядучага «Што? Дзе? Калі?» у Беларусі Алеся Мухіна, галоўнага трэнера зборнай Беларусі па футболе Ігара Крывушэнкі, тэлевядучай Марыны Грыцук і салістаў музычнага гурта Nаvіbаnd.

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: Слухай сваё сэрца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».