Вы тут

Пачаліся чарговыя Тыдні Германіі


У нашай краіне пачаліся чарговыя Тыдні Германіі, якія ўжо за 13 гадоў іх правядзення сталі важнай прыкметай культурнага жыцця сталіцы. І не толькі. Паступова ініцыятары Тыдняў пашыралі іх геаграфію. Сёлета гэты працэс дасягнуў у пэўным сэнсе сваёй кульмінацыі: як ніколі раней шмат цікавых і разнастайных мерапрыемстваў адбудуцца менавіта ў абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі.


Гэта будзе шэсць займальных тыдняў: кінапаказы і тэатральныя пастаноўкі, канцэрты, аўтарскія чытанні, выставы, майстар-класы і лекцыі. Карацей, усе, хто цікавіцца культурай, традыцыямі, мовай і грамадствам Германіі, у шэрагу невялікіх і буйных мерапрыемстваў (яны працягнуцца да 31 кастрычніка) абавязкова знойдуць для сабе што-небудзь насамрэч цікавае і кранальнае. Ва ўсялякім разе, у гэтым упэўнены нямецкія і беларускія арганізатары Тыдняў.

Назавём асобныя цікавыя мерапрыемствы менавіта ў правінцыі. Напрыклад, у Брэсце пройдзе перасоўная выстава «Лагер смерці Трасцянец». Таксама ў Брэсце адбудуцца два канцэрты. Адзін будзе прысвечаны 220-годдзю з дня нараджэння Франца Шуберта. Другі — 25-годдзю абмену жаночымі дэлегацыямі Брэста і абшчыны Сярэдняй Шусенталі. Удзельнікі фотамарафону ў Маладзечне зробяць 12 здымкаў за 12 гадзін па 12 тэмах. Лепшыя фота ўпрыгожаць выставу «Дружба». У Полацку пройдзе фестываль кароткаметражных фільмаў з Майна. У Баранавічах — інтэлектуальная гульня для эрудытаў сярод вучняў старшых класаў. Пытанняў мноства, пераможцам стане адзін. У Гомелі пройдуць вечары нямецкага кіно, семінар па краязнаўстве «Адкрыць Германію».

У Гродне адкрыецца выстава, прымеркаваная да 500-годдзя Рэфармацыі. У Германіі гэта слынная дата. Скажам, як для нас 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Дык вось, 31 кастрычніка 1517 года святар Марцін Лютэр прыбіў на вароты Замкавай царквы ў Вітэнбергу свае знакамітыя «95 тэзісаў».

Зразумела, па традыцыі, самая насычаная праграма чакае мінчан. Яны ўбачаць фільмы, атрымаюць асалоду ад класічнай музыкі, наведаюць тэатральныя спектаклі, канцэрты, фотавыставы, літаратурныя вечарыны, паслухаюць цікавыя і часам небясспрэчныя даклады, напрыклад, «Ці існуе нямецкая культура?» Хто зацікавіўся гэтай тэмай — калі ласка, на сустрэчу з лектарам з Германіі Беатрыс Пэцальд у Гістарычную майстэрню імя Леаніда Левіна. Падрабязнасці — у інтэрнэце на сайце нямецкага пасольства.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Загаловак у газеце: Якая яна, нямецкая культура?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».