Вы тут

Як падрыхтаваць аўто да халадоў?


У мінулую нядзелю а пятай гадзіне раніцы на пульт дзяжурнага Астравецкага РАНС паступіў званок. Відавочцы паведамілі пра тое, што на адной з вуліц гарыць аўтамабіль. Калі ратавальнікі прыбылі на месца падзей, машына была поўнасцю ахоплена агнём. Аднаўленню яна не падлягае. Ды і кіроўца моцна пацярпеў — хоць ён і пакінуў кабіну самастойна яшчэ да прыезду пажарных, але атрымаў апёкі 1-й і 2-й ступеняў 30% плошчы паверхні цела. Што менавіта стала прычынай узгарання, зараз высвятляюць эксперты.


А неўзабаве надыдуць халады, і ў многіх аўтаўладальнікаў, асабліва неспрактыкаваных, узнікне лагічнае пытанне — як жа правільна падрыхтаваць «жалезнага каня» да неспрыяльных умоў надвор'я? І тут варта ўзяць за прыклад тое, як гэта робяць самі ратавальнікі, бо ў іх тэхніка мусіць працаваць з мінімальнай колькасцю збояў. Расказаць аб гэтым карэспандэнт «Звязды» папрасіў начальніка вытворча-тэхнічнага цэнтра Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Генадзя Кульчыцкага.

— Эксплуатацыя пры адмоўных тэмпературах мае свае асаблівасці. У першую чаргу трэба замяніць летнія шыны на зімовыя. Правілы дарожнага руху рэгламентуюць перыяд эксплуатацыі абодвух тыпаў колаў легкавога транспарту. Зімовая гума абавязковая з 1 снежня па 1 сакавіка. Але цягнуць з гэтым не варта. Пачынаць замену летніх шын на зімовыя трэба пры тэмпературы плюс 5—7 градусаў. Справа ў тым, што абедзве гумы адрозніваюцца не толькі малюнкам пратэктара, але і саставам. Летняя шына пры тэмпературы 5—7 градусаў, як кажуць у народзе, «дубее». І яна не выконвае ўсе неабходныя функцыі па счапленні з дарожным пакрыццём. Што нельга сказаць пра шыну зімовую.

Праверце і вадкасць у сістэме ахаладжэння. Трэба высветліць, пры якой тэмпературы замярзае антыфрыз або тасол. Для гэтага ёсць неабходныя апараты. У беларускіх кліматычных умовах трэба, каб пункт замярзання знаходзіўся ў раёне мінус 40 градусаў па Цэльсіі. Ва ўсіх крамах і на запраўках прадаецца такі антыфрыз.

Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць крыніцы электрычнасці — акумулятарнай батарэі. Трэба яе максімальна падзарадзіць, праверыць узровень электраліту і пачысціць клемы ад вокісу. Я б парэкамендаваў правесці замену масла. Ва ўмовах паніжаных тэмператур яго вязкасць павялічваецца, што адмоўна адбіваецца на завядзенні рухавіка. Падрабязную інфармацыю пра гэта дае завод-вытворца. Заліце абмывальнік для таго, каб ачыстка шкла пры нізкіх тэмпературах была магчымая. Некаторыя аўтамабілісты жадаюць крыху сэканоміць грошай і даліваюць туды ваду. І вось так вадкасць замярзае ўжо не пры мінус 30, а пры мінус 5. Таксама варта змазаць усе дзвярныя замкі спецыяльнымі аэразолямі, якія выцясняюць вільгаць. Праверце тармазную сістэму на герметычнасць. У пнеўматычных прыводах пры нізкіх тэмпературах у тармазных трубках можа ўтварыцца кандэнсат. З-за гэтай коркі тармазы могуць не спрацаваць. І, канешне ж, ніхто не адмяняў візуальны агляд сістэмы, каб не ўпусціць якую-небудзь шчыліну. Пакладзіце ў багажнік невялікую рыдлёўку для ачысткі падчас завеі. Таксама неабходна, каб там заўжды знаходзіўся трос.

— Які вогнетушыцель лепш за ўсё дапаможа патушыць пажар?

— Лепш за ўсё ўзяць прыладу аб'ёмам у пяць літраў. Што да тыпу, то для аўтамабіля лепш падыдзе парашковы. Ён універсальны, просты ў выкарыстанні і прызначаны для тушэння ўсіх відаў пажараў. Парашок пакрывае паверхню, утварае плёнку, якая не дае кіслароду трапіць у месца ўзгарання.
А ў машыне ёсць такія дэталі, якім уласцівыя паўторныя ўзгаранні. Напрыклад, гэта пластыкавыя часткі, электрычныя драты.

— Напрыклад, я пачуў пах дыму ў салоне. Што трэба рабіць?

— Перш за ўсё — тут жа спыніцца. Выключыце запальванне. Ні ў якім разе не стаўце машыну на перадачу — толькі на ручны тормаз. Уключыце аварыйку. Выведзіце з машыны пасажыраў і пачынайце асцярожна аглядаць аўто. Пры самых нязначных падазрэннях трэба выклікаць эвакуатар.

Калі дым пайшоў з-пад капота, то неабходна адразу пачынаць тушэнне. Пры гэтым капот паднімаць нельга. Ва ўтвораную прастору хлыне кісларод, і агонь пачне яшчэ больш імкліва распаўсюджвацца. Але ў капоце на такія выпадкі прадугледжаны страховачны механізм, дзякуючы якому пры адкрыцці накрыўка паднімаецца зусім нязначна. Усё, што можна зрабіць, — гэта прасунуць раструб вогнетушыцеля пад капот і пачаць тушыць агонь па чарзе з розных кропак.

Былі выпадкі, калі кіроўцы рамантавалі аўтамабілі, не пераапраналіся і ехалі дадому з гаража ў прамасленай вопратцы. Іскра выпадкова трапляла на адзенне — і чалавек ператвараўся ў факел...

— Як хутка згарае аўтамабіль?

— Час поўнага выгарання складае ад пяці  да шасці хвілін, калі, вядома, не прымаць ніякіх мер.

— А з-за чаго часцей за ўсё гараць машыны?

— Як і ў побыце, адной з прычын становіцца курэнне ў салоне. Упусціў кіроўца цыгарэту, а яна закацілася ў месца, адкуль яе аператыўна дастаць складана. І недзе там унізе пачынаецца тленне... Таксама шмат пажараў з-за кароткага замыкання электраправодкі. Адбываецца яно не толькі з-за механічнага зносу дэталяў, але і з-за дадатковай нагрузкі.
Скажам, паставілі даволі магутныя калонкі. І паступова ў нейкім месцы пачынае плавіцца ізаляцыя... Натуральнае старэнне замыкае сумную тройку лідараў. На яго долю прыходзіцца невялікі працэнт пажараў, але трэба ведаць, што пад маторным адсекам і пад капотам праходзяць паліўныя і маслаправоды. Пры цечы іх змесціва можа і загарэцца. Таму своечасова аглядайце ўсе вузлы.

Што да «экзотыкі», то ўзімку рэгіструюцца пажары з-за таго, што замерзлыя вадкасці спрабуюць адаграваць... паяльнымі лямпамі. Асабліва гэта датычыцца грузавых аўтамабіляў. Таму, калі ёсць падазрэнні, што паліва або масла могуць крышталізавацца, машыну лепш загнаць у гараж, бо бяспечных спосабаў адагрэць паліўную сістэму не існуе.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пажар на чатырох колах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».