Вы тут

Якія змены чакаюць індывідуальных прадпрымальнікаў


19 верасня быў падпісаны Указ Прэзідэнта аб пашырэнні спіса відаў дзейнасці, займацца якімі можна без рэгістрацыі ІП. Мы пастараліся разабрацца ў тонкасцях новаўвядзенняў і пагаварылі з тымі, каго гэта закранула асабіста.


Дзеянне Указа распаўсюдзілася на даволі шырокае кола спецыяльнасцяў: кандытараў, дызайнераў, праграмістаў, майстроў у сферы прыгажосці, вытворцаў адзення і абутку з матэрыялаў заказчыка і тых, хто здае жыллё ў кароткатэрміновую арэнду. Акрамя гэтага, у пералік відаў дзейнасці трапілі настройка музычных інструментаў, перацяжка мэблі, рамонт гадзіннікаў і абутку, малярныя, тынковачныя і шкляныя работы, паклейка шпалераў.

Аднак гэта не значыць, што цяпер усе майстры змогуць працаваць без афармлення і выплаты падаткаў адпаведна. Прасцей будзе з афармленнем дакументаў: па-першае, не трэба рэгістраваць само ІП, па-другое, не трэба будзе падаваць падатковыя дэкларацыі. Дастаткова перад пачаткам месяца, калі вы плануеце ажыцяўляць дзейнасць, падаць заяву ў падатковую інспекцыю і заплаціць адзіны падатак. Для кожнага віду дзейнасці, як і для кожнага рэгіёна краіны памер выплат вызначаецца індывідуальна. Напрыклад, памер адзінага падатку для ІТ-спецыялістаў — ад 55 да 97 рублёў у месяц, а для майстроў ногцевага сэрвісу і цырульнікаў — ад 38 да 116.


Таццяна, кандытар у Гродне:

— Гісторыю майго захаплення выпечкай можна назваць банальнай. Сышла ў дэкрэт, не выходзячы з яго, нарадзіла і другое дзіця. У выніку — дастаткова востры недахоп грошай і руцінныя абавязкі, якія вымотваюць. Як і многія іншыя маладыя мамы, «завісала» на тэматычных старонках жанчын з маленькімі дзецьмі. І ў кожнай, акрамя бездакорнай знешнасці, мілага дагледжанага дзіцяці, было яшчэ і захапленне, пра якое яны з зачараваннем расказвалі. Тады падумала: «А чым я горшая?» і пачала шукаць спосаб заробку для сябе. Рукадзелле ніколі не было маім моцным бокам, касметыкай да 30 гадоў я так і не навучылася карыстацца сама, не кажучы ўжо пра тое, каб «рабіць прыгожымі» іншых, а вось мае кулінарныя здольнасці заўсёды выклікалі шчырую, як мне здаецца, пахвалу. Таму стаўку вырашыла зрабіць на іх. Тым больш, што адправіўшы старэйшага сына ў сад, заўважыла, як усе стараюцца адзін аднаго перасягнуць у незвычайнасці смаку і складанасці афармлення торта на дзень нараджэння.

Асвойваць выраб тартоў я пачала па тэматычных відэа ў інтэрнэце. І першае расчараванне, якое мяне спасцігла, — для добрых вырабаў патрэбныя дарагія інгрэдыенты. Пра ўпрыгожванні я ўжо маўчу. Пры гэтым «касмічную» цану за торт не паставіш, бо ёсць вопытныя канкурэнты, у якіх танней. Так што сапраўды прыбытковым бізнес можа стаць толькі калі паставіць яго на паток. А так ёсць рызыка працаваць сабе ў страту: выкарыстоўваецца толькі частка нятанных прадуктаў, і да наступнай замовы яны паспяваюць сапсавацца. Пакупнікоў у мяне не было доўга, таму першы час тарты я выкарыстоўвала ў якасці падарункаў сваім знаёмым. Але паступова «сарафаннае радыё» пачало працаваць, і ў мяне з'явіліся замовы. І ўсё ж не так шмат — кліенцкую базу трэба пастаянна пашыраць.

І тут узнікае вялікае «але». Згодна з заканадаўствам прадаваць кандытарскія вырабы праз інтэрнэт нельга, рэкламаваць іх можна толькі ў тым выпадку, калі ёсць стацыянарны магазін. Вы ўяўляеце сабе, пра якія грошы ідзе гаворка! З'явіўся новы Указ, але нам па-ранейшаму можна прадаваць свае вырабы толькі на рынках ці ў адмыслова вызначаных месцах. Але каму мае вырабы патрэбныя на рынку, я ж працую толькі пад заказ! Да таго ж, гэта пэўная культура пакупак: адна справа замовіць торт у Іnstagram, а зусім іншая — купіць на адкрытым гандлёвым радзе. Таму канкрэтна для нас, кандытараў, трэба ў першую чаргу змяняць не спосабы аплаты падаткаў, а законныя варыянты ажыццяўлення дзейнасці. Таму што, стоячы на рынку, я зараблю нуль і адпаведна заплачу нуль ў казну і як ІП, і як фізічная асоба.


Адэля, графічны дызайнер у Мінску:

— Я доўга прапрацавала ў буйной кампаніі, але потым зразумела, што мне стала занадта цесна ў гэтых межах, да таго ж жорсткі графік перашкаджаў удзяляць дастаткова часу сям'і, таму я звольнілася. Мне здаецца, я ўжо не ў тым узросце, каб спрабаваць хітрыць і хавацца ад падатковай, таму як законапаслухмяны грамадзянін вырашыла адкрыць ІП. Не скажу, што гэта нерэальна складана, але ёсць пэўныя нюансы, так што зрабіць усё «за адзін дзень», вядома, не атрымалася. Як індывідуальны прадпрымальнік я працую ўжо каля пяці гадоў, тым не менш адназначна пракаментаваць сітуацыю з новым Указам не магу.

Мне здаецца, афармляць ІП ці не афармляць павінна залежаць не ад віду дзейнасці, а ад аб'ёму прадастаўляемых паслуг, таму для кагосьці новая магчымасць можа стаць вельмі выгаднай (у любым выпадку менш галаўнога болю з паперамі), а для кагосьці, у каго пакуль зусім маленькая справа, — усё ж не зусім зручнай.

Пакуль я не разумею што рабіць, у цэлым сістэма работы ўжо наладжана, таму, думаю, вазьму на роздумы сабе некалькі месяцаў. Тым больш, што я збіралася наняць памочніцу, а як фізічная асоба аформіць гэта, як я разумею, не змагу.


Вадзім, цырульнік у Мінску:

— Ужо некалькі месяцаў я знаходжуся ў статусе беспрацоўнага, да гэтага змяніў каля дзясятка салонаў — усё ж такі амбіцыйнаму мужчыну няпроста прыжыцца ў жаночым калектыве, да таго ж у мяне ёсць пэўныя праблемы са здароўем, з-за якіх прыходзілася часта браць бальнічны. Таму нядаўна я пачаў задумвацца пра тое, каб працаваць на сябе. І скажу шчыра, новы Указ мне толькі на руку. Пакуль не разабраўся ва ўсіх нюансах выплаты падаткаў, але скажу, што адназначная перавага — гэта тое, што можна будзе самастойна вырашаць: выплачваць унёскі ў ФСАН ці не і ў якім памеры. Я, напрыклад, аддаю перавагу платнай медыцыне — звяртацца даводзіцца часта, і ў пенсійны перыяд мне таксама хацелася б карыстацца ёю, думаю, змагу цалкам рацыянальна распарадзіцца сваімі грашыма.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Лёгкі» малы бізнес?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».