Вы тут

Валанцёры БРСМ добраўпарадкавалі і рэканструявалі культавыя аб'екты


Кіраўнікі асноўных канфесій Беларусі на закрыцці рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі — 2017» у Доме міласэрнасці ў сталіцы далі высокую ацэнку тым намаганням, якія валанцёры руху БРСМ «Добрае Сэрца» прыклалі ў добраўпарадкаванне і рэканструкцыю культавых аб'ектаў. У 2017 годзе такіх налічвалася 283 па ўсёй краіне: 227 праваслаўных, 48 каталіцкіх і 8 — іншых канфесій.


Перад пачаткам сустрэчы валанцёры руху БРСМ «Добрае Сэрца» паўдзельнічалі на тэрыторыі Дома міласэрнасці ў працоўнай акцыі «Падорым свет дзецям». Хлопцы і дзяўчаты займаліся добраўпарадкаваннем дзіцячай пляцоўкі, а таксама рэканструявалі аснову звона «Міра і справядлівасці».

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі адзначыў, што дзякуючы акцыі маладыя людзі больш даведваюцца аб сваёй гісторыі, вучацца рабіць добрыя справы, якія іх гуртуюць. «Вельмі важна, што хлопцы і дзяўчаты далучаюцца да духоўных вытокаў. Яны вучацца тварыць, ствараць, хоць пачынаюць з простай уборкі смецця», — адзначыў мітрапаліт Павел.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч таксама звярнуў увагу на значнасць для грамадства такой дзеі, як аднаўленне і добраўпарадкаванне культавых аб'ектаў. «Гісторыя — гэта аснова, на якой будуецца будучае жыццё», — падкрэсліў ён. Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў валанцёрам, якія прымалі ўдзел у акцыі, распрацоўвалі новыя турыстычныя маршруты па святых мясцінах Беларусі. Падобнае меркаванне выказаў і галоўны равін Рэлігійнага аб'яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму Рыгор Абрамовіч. Ён дадаў, што дабрачынная дзейнасць дапамагае грамадству згуртавацца, і валанцёрскі рух «Добрае Сэрца» — яскравы таму прыклад. Яго ўдзельнікі сумесна з асноўнымі канфесіямі Беларусі праводзяць ва ўсіх рэгіёнах краіны працоўныя акцыі па добраўпарадкаванні і аднаўленні храмаў, манастыроў, свяцілішчаў, капэл, прыдарожных крыжоў, святых крыніц.

У Доме міласэрнасці на падвядзенне вынікаў акцыі сабралася каля 100 юнакоў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў Беларусі. На тэматычнай выставе «Аднаўляючы святыні — будуем будучыню» валанцёры прэзентавалі ганаровым гасцям экскурсійныя маршруты «Святыні Беларусі». Створаныя моладдзю новыя адукацыйныя дарожныя карты па святых мясцінах распавядаюць пра духоўную спадчыну нашых продкаў, дапамагаюць адчуць кожнаму цудатворную атмасферу вялікіх храмаў. Адбыўся і міжканфесійны адкрыты дыялог на тэму «Беларусь — краіна міру і добрасуседства», на якім закраналіся пытанні захавання і ўмацавання міру, міжнародных партнёрскіх адносін, павагі розных нацый і канфесій. У завяршэнні валанцёрам былі ўручаны падзячныя лісты.

Ініцыятарам акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі» выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Яна праводзіцца з 2013 года. У 2016-м праект атрымаў падтрымку апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Робячы дабро, дакрануцца да вечнага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».