Вы тут

У Брэсце распачата падрыхтоўка да юбілею


Што галоўнае для паспяховага жыцця і функцыянавання інфраструктуры любога горада? Масты і дарогі. Без іх немагчымы нармальная работа транспарту і розныя віды стасункаў з усімі наступствамі. Вось і пры распрацоўцы плана па святкаванні 1000-гадовага юбілею Брэста былі вызначаныя найбольш значныя «аб'екты ўвагі» — Заходні абход і Кобрынскі пуцеправод.


Транспартная развязка

Заходні абход Брэста — гэта маштабны праект, які стартаваў яшчэ пяць гадоў таму. Першая яго чарга была паспяхова ажыццёўлена, яе вынікам стала адкрыццё ў 2014 годзе шасціпалоснага аўтамабільнага моста цераз раку Мухавец у раёне Брэсцкай крэпасці.

Рэалізацыя другой чаргі праекта пачалася ў першыя месяцы бягучага года. Будаўнікі ўзяліся за ўзвядзенне пуцеправода цераз чыгунку ў выглядзе кальца, якое абапіраецца на калоны і мае шэраг прамянёў-з'ездаў. Агульная даўжыня бетоннага тытана складзе прыкладна тры кіламетры. Эстакада ўзводзіцца над пяццю чыгуначнымі пераездамі на перасячэнні шасці гарадскіх вуліц.

Варта адзначыць, што ўвядзенне ў строй Заходняга абходу не толькі вырашыць праблему затораў на чыгуначных пераездах паўночнай часткі горада і вызваліць цэнтральныя вуліцы ад велікагрузаў. У перспектыве магістраль злучыць аўтадарогі Р-17 Брэст — мяжа Украіны і М1 Брэст — Масква, а таксама міжнародныя аўтамабільныя пункты пропуску «Брэст — Цярэспаль» і «Казловічы — Кукурыкі».

Цяпер асноўная будаўнічая пляцоўка размяшчаецца на скрыжаванні вуліц Лейтэнанта Рабцава і Брэсцкіх Дывізій. У некалькіх месцах гэты аўтамабільны вузел перасякаюць чыгуначныя пуці. Прывычнай для горада карцінай сталі вялікія чэргі перад закрытымі шлагбаумамі. Гараджане, што жывуць у гэтым раёне, навучыліся падстройвацца пад рух цягнікоў. Здавалася, так будзе вечна. Але з пачаткам будаўніцтва стала зразумела, што праблема закрытых шлагбаумаў і доўгага стаяння перад імі будзе канчаткова вырашана.

Тым часам завяршаецца будаўніцтва двух дзясяткаў дамоў сядзібнага тыпу. Скажаце: пры чым тут жыллё? А яно — працяг вышэйназванага праекта. Справа ў тым, што жыхароў прыватнага сектара па вуліцы Паплаўскага, дзе пройдзе новы пуцеправод, давялося адсяліць. Як нярэдка бывае ў такіх выпадках, рашэнне далося нялёгка абодвум бакам. Прайшло некалькі сходаў, у тым ліку ў гарвыканкаме. Былі слёзы, эмоцыі, прэтэнзіі. Але ж кансэнсусу ў рэшце рэшт удалося дасягнуць. Людзям прапанавалі новыя дамы ў іншым месцы ўзамен тых, якія стаялі фактычна ўпрытык да ажыўленай трасы. І абсалютная большасць гаспадароў толькі выйграе ад хуткага перасялення. А некаторыя наогул са старых нягеглых хацін пераедуць у новыя прыгожыя добраўпарадкаваныя катэджы. Такі вось падарунак ім выпаў з нагоды 1000-гадовага юбілею роднага горада.

Кобрынскі мост

Вышэйназваная транспартная развязка ўступіць у строй да канца юбілейнага 2019-га года. Як і Кобрынскі мост. Гэтае збудаванне асаблівае для горада. Яно было ўзведзена на ўсходняй ўскраіне Брэст-Літоўска ў пачатку ХХ стагоддзя, па ім фактычна праходзіла мяжа горада і раёна. Цяпер мост знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Яго ўсходні з'езд злучаны з вуліцай Маскоўскай, якая пераходзіць у трасу М1. Цікава, што пуцеправод дзеліць вуліцу на дзве часткі, адна з якіх называецца, як было сказана, Маскоўская, другая ў 1990-х гадах стала праспектам Машэрава.

Дык вось, апошнюю сваю рэканструкцыю Кобрынскі мост перажыў у 1960-я гады — тады ў збудавання паявілася пешаходная частка. Ён служыў многім пакаленням гараджан. І цяперашнія спецыялісты аддаюць належнае папярэднікам, якія сто гадоў таму з тагачаснымі тэхналогіямі, матэрыяламі, тэхнікай узвялі аб'ект, што і сёння служыць. Але ж зразумела, што ён даўно састарэў і маральна, і фізічна.

Прыйшла і яго чарга. Зацверджаны праект, і распачаты падрыхтоўчыя работы да рэканструкцыі, якая пройдзе ў два этапы. «Падрыхтоўчы этап — гэта перанос камунікацый — цеплатрасы, водаправода, каналізацыі, сетак сувязі, — расказвае галоўны інжынер прадпрыемства «Брэстдарпраект» Руслан Гарбачук. — Ужо вядзецца дэмантаж пабудоў, зносяцца дрэвы, якія стаяць на шляху будучага аб'екта».

Мост знаходзіцца на самай ажыўленай трасе горада. Яго замену будаўнікі ўзяліся правесці без спынення руху па існуючым. Таму пуцеправод будзе стварацца з дзвюх частак. Першая з'явіцца з левага боку (у напрамку з цэнтра). Як толькі першую частку здадуць у эксплуатацыю, сюды перамесціцца транспартны паток, пачнецца разборка старога моста і будаўніцтва другой часткі новага. У абодвух напрамках новага моста будзе па тры паласы шырынёй 3,5 метра кожная плюс паласа бяспекі ў паўметра і трохметровыя тратуары з абодвух бакоў. Святлафор на з'ездзе з пуцеправода ў цэнтр будзе ліквідаваны, каб не тармазіць рух. Затое тут з'явіцца падземны пераход. Прадугледжаныя лесвічныя сходы з моста для пешаходаў. Выводзіць яны будуць у бок прылеглых вуліц. Таксама з'явіцца пралёт для з'езда на вуліцу Кастрычніцкую да Палескага вакзала. Адным з момантаў паляпшэння Маскоўскай стане ўпарадкаванне руху на праблемных участках выездаў з вуліц Сікорскага і Генерала Папова.

Цяперашнія праекціроўшчыкі запэўніваюць, што новы аб'ект стане не толькі камфортным транспартным збудаваннем. Пуцеправод будзе сапраўдным архітэктурным упрыгажэннем горада і паслужыць многім пакаленням. Дзеля гэтага варта і пацярпець нязручнасці. На час будаўніцтва плануецца прапускаць па старым мосце толькі грамадскі транспарт і машыны экстранных службаў, астатнім давядзецца рухацца ў аб'езд.

Ёсць такая канцэпцыя

Акрамя рэалізацыі маштабных праектаў, якія былі названыя, запланавана яшчэ вялікая перад'юбілейная работа. Нядаўна парадак яе абмеркавалі дэпутаты гарадскога Савета на сваёй сесіі. Яны зацвердзілі канцэпцыю святкавання юбілею горада. Паводле інфармацыі намесніка старшыні гарвыканкама Мікалая Якубоўскага, на капітальны рамонт жылых дамоў ужо выдзелена 10 мільёнаў рублёў. За тры гады іх будзе адрамантавана больш за 200, напрыклад, раней даводзілася абнаўляць каля 25 шматпавярховікаў за год. Мадэрнізацыя чакае многія вуліцы, дваровыя тэрыторыі, паркі і скверы. У праграму падрыхтоўкі да юбілею ўвайшло таксама будаўніцтва новага аўтавакзала, медыцынскіх, спартыўных, адукацыйных устаноў.

У праграму-канцэпцыю святкавання ўключаны шэраг мерапрыемстваў: фестывалі, конкурсы, розныя канферэнцыі, гісторыка-культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, урачыстыя адкрыцці новых аб'ектаў. Іх праводзіцца нямала. Напрыклад, гараджане актыўна ўдзельнічалі ў выбары эмблемы 1000-годдзя горада. І яна ўжо ёсць.

Кульмінацыяй святкавання павінна стаць маляўнічае шоу пад назвай «Міленіум» у верасні. Запланавана прэзентацыя нашага абласнога цэнтра ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы недзе на кастрычнік-лістапад 2019 года.

Усё гэта цудоўна. Але нельга не пагадзіцца са старшынёй Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Мікалаем Красоўскім, які падкрэсліў, што на шляху падрыхтоўкі вельмі важнымі выглядаюць ініцыятывы саміх гараджан і актыўны ўдзел кожнага ў перадсвяточным паляпшэнні роднага горада... Напрыклад, жыхары пад'езда, дзе жыве аўтар гэтых радкоў, сабралі грошы на рамонт першага паверха, і работы пачаліся. Калі мы не спынімся на дасягнутым, ды адолеем рамонт усяго пад'езда, гэта значыць абновім прастору свайго штодзённага існавання, то і настрой у юбілейныя дні будзе значна лепшы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Будоўлі тысячагоддзя

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.