— Уладзімір Паўлавіч, 2 кастрычніка адкрываецца трэцяя сесія Палаты прадстаўнікоў. На яе пачатку ў цяперашняга дэпутацкага корпуса адметная дата — год парламенцкай працы. Што вы лічыце найбольш значным у стартавай дзейнасці дэпутатаў?
— Сапраўды, гэта быў стартавы перыяд для новага парламента. Нам трэба было найперш наладзіць нашу дзейнасць арганізацыйна, вызначыць яе змястоўныя прыярытэты, і мы гэта зрабілі дастаткова аператыўна. Нававыбраныя дэпутаты без раскачкі ўключыліся ў заканатворчы працэс. Адзначу вялікую экспертна-прававую работу па законапраектах, якую праводзяць пастаянныя камісіі. На працягу першай і другой сесій мы прынялі 53 заканадаўчыя акты ў другім чытанні і ў першым — 30. Сярод іх — рэзанансныя рашэнні па наспелых пытаннях стымулявання інвестыцый, развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства, удасканалення судовай сістэмы, аховы здароўя, даступнасці сацыяльных паслуг.
Хацеў бы таксама зрабіць акцэнт на тым, што нававыбраныя дэпутаты актыўна ўвайшлі ў фармат міжнароднага і міжпарламенцкага супрацоўніцтва Нацыянальнага сходу. У складзе парламенцкіх дэлегацый яны падключыліся да работы 13 міжнародных парламенцкіх структур.
Створана 72 рабочыя групы і камісіі па супрацоўніцтве з замежнымі парламентамі. У нас даволі шчыльны парадак двухбаковых кантактаў. Геаграфія іх пашыраецца і ў Еўропе, і ў Азіі, і ў Афрыцы, і на амерыканскім кантыненце. Асаблівую ўвагу ўдзяляем інтэграцыйным праектам — Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі і Еўразійскаму эканамічнаму саюзу, развіццю міжпарламенцкіх адносін з краінамі СНД.
Яшчэ адзін вельмі важны сегмент нашай дзейнасці — выбарчыя акругі, умацаванне зваротнай сувязі з выбаршчыкамі. Мы паставілі перад дэпутацкім корпусам задачу забяспечыць пастаянную, прадукцыйную работу ў сваіх акругах, і многія дэпутаты маюць ужо істотныя напрацоўкі. Так што імкнёмся працаваць вынікова.
— Якія падзеі мінулага парламенцкага года, на ваш погляд, з'яўляюцца самымі яркімі?
— Выступленне Прэзідэнта ў Авальнай зале парламента са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу і 26-я сесія Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая ўпершыню адбылася ў Мінску.
Пасланне кіраўніка дзяржавы — гэта аб'ёмны і разам з тым канкрэтны погляд на эканамічную і сацыяльную сітуацыю ў краіне і міжнародныя адносіны, арыенцір для заканатворчай дзейнасці. Акрэсленыя Прэзідэнтам першарадныя задачы і новыя ідэі пераводзяцца на мову законаў, увасабляюцца ў карэкціроўцы нарматыўна-прававой базы і ў прыярытэтах парламенцкай дыпламатыі. Нашы замежныя калегі ўжо мелі магчымасць на пляцоўках міжнародных парламенцкіх структур, асабліва Парламенцкай асамблеі АБСЕ, пераканацца, што беларускі парламент паслядоўна выступае за паглыбленне партнёрства і ўзаемадзеянне па пытаннях міжнароднай бяспекі. Менавіта значны ўклад Беларусі ў гарантаванне міру і бяспекі ў рэгіёне стаў вырашальным фактарам рашэння ПА АБСЕ правесці летнюю сесію ў нашай сталіцы. На ёй была засведчана цвёрдая пазіцыя Рэспублікі Беларусь усямерна садзейнічаць пошуку шляхоў умацавання міжнароднага даверу і супрацоўніцтва па актуальных праблемах сучаснасці. Удзельнікі вялікага парламенцкага форуму пазітыўна ўспрынялі ініцыятывы нашага Прэзідэнта па правядзенні міратворчых перагавораў Хельсінкі-2.
— У цяперашнім дэпутацкім корпусе Палаты прадстаўнікоў пабольшала прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб'яднанняў. Значыць, у парламенцкіх сценах загучала больш альтэрнатыўных думак і дыскусій?
— Альтэрнатыўныя думкі і дыскусіі ў парламенце былі заўсёды, ва ўсіх скліканнях. Яны гучаць на пасяджэннях пастаянных камісій, рабочых груп па падрыхтоўцы законапраектаў, у Авальнай зале, у тым ліку падчас адказаў членаў урада на пытанні дэпутатаў, на нашых парламенцкіх слуханнях, круглых сталах і іншых мерапрыемствах. Гэта неад'емная рыса парламентарызму і яго развіцця, бо для дэпутата вельмі важна адчуваць пульс праблем і прапаноўваць рэальныя шляхі іх вырашэння. Але персанальнае ўспрыняцце спрэчак, сутыкнення меркаванняў і іх трактоўка ў СМІ розныя, што натуральна, таму што ўсе мы розныя. Нававыбраны дэпутат прыходзіць у парламент са сваімі поглядамі, уяўленнямі, са сваім бачаннем рэгіянальных праблем і сітуацыі ў краіне і імкнецца гэта выказаць на парламенцкіх пасяджэннях, у сродках масавай інфармацыі. Ніхто гэтага не забараняе. Аднак тую ці іншую прапанаваную навацыю толькі тады можна назваць альтэрнатывай, калі яна абгрунтаваная практычна, а не ў тэарэтычных абстракцыях, мае рэальную жыццёвую аснову і можа быць рэалізавана ў рамках прававога поля.
Важна, што ў дэпутатаў ёсць жаданне эфектыўна працаваць. Яны маглі пераканацца ў неабходнасці канструктыўнай работы, набылі першы вопыт узаемадзеяння і супрацоўніцтва ў заканатворчым працэсе, сумеснага пошуку аптымальных заканадаўчых рашэнняў. Мы будзем яго нарошчваць, — задач перад намі стаіць многа.
— І што на першым плане?
— Якасная прапрацоўка законапраектаў. Упор зроблены на паглыбленні іх зместу з пункту гледжання адпаведнасці прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі, каб законы, якія мы прымаем, былі своечасовымі, канкрэтнымі і максімальна карыснымі рэгуляваным сферам, грамадству і дзяржаве. Пашыраем практыку «нулявога чытання», удзел экспертаў у абмеркаванні заканадаўчых ініцыятыў, кансультуемся са спецыялістамі-практыкамі, навукоўцамі, узгадняем пазіцыі з міністэрствамі і грамадскімі арганізацыямі.
— Якая тэматыка будзе прыярытэтам восеньскай сесіі?
— Галоўная тэма — рэспубліканскі бюджэт на 2018 год. Да бюджэтнага працэсу парламентарыі далучыліся яшчэ вясной, працуюць разам з урадам. У Палаце прадстаўнікоў праведзены семінар па арганізацыі бюджэтнага працэсу. Думаю, гэта дазволіць нам прыняць усебакова ўзважаны, збалансаваны фінансавы дакумент, які забяспечыць жыццядзейнасць краіны па ўсіх напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця.
У цэнтры ўвагі дэпутатаў пытанні эканомікі, нацыянальнай бяспекі, абароны, барацьбы з тэрарызмам, праваахоўнай дзейнасці, працоўных адносін. Плануем абмеркаваць у другім чытанні змяненні і дапаўненні ў прававую базу закупак тавараў (работ, паслуг), дзяржаўна-прыватнага партнёрства, процідзеяння манапалістычнай дзейнасці і развіцця канкурэнцыі, абароны правоў спажыўцоў. Узгадненні да першага чытання праходзяць законапраект аб неплацежаздольнасці і банкруцтве, папраўкі ў Банкаўскі кодэкс, у законы аб імянных прыватызацыйных чэках, аб Нацыянальнай акадэміі навук, аб абыходжанні з жывёламі і іншыя заканадаўчыя акты. Яны маюць як эканамічную, так і сацыяльную значнасць. Будзе зняты шэраг прабелаў у прававым рэгуляванні розных сфер грамадскага жыцця.
Мы працягнем нарошчваць дагаворна-прававую базу міжнароднага супрацоўніцтва нашай краіны. Адзначу меркаваную адбыцца ратыфікацыю Дагавора аб Мытным кодэксе Еўразійскага эканамічнага саюза і пагадненняў аб фінансаванні трансгранічнага супрацоўніцтва па праграмах Еўрапейскага саюза «Латвія — Літва — Беларусь» і «Польшча — Беларусь — Украіна».
— Па якой траекторыі змяненні ў заканадаўстве абнаўляюць эканамічнае асяроддзе?
— Новыя прававыя меры стымулююць развіццё дзелавой ініцыятывы, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, інавацыйную дзейнасць і экспарт. Сур'ёзная заканатворчая праца чакае нас у сувязі з беспрэцэдэнтнымі комплекснымі зменамі ў рэгуляторным полі бізнесу, накіраванымі на аптымізацыю ўмоў яго дзейнасці.
— Цікава, колькі законаў разлічваеце прыняць на восеньскай сесіі?
— Ніякіх лічбавых паказчыкаў мы не плануем. У парадак дня сесіі ўключаем законапраекты, якія ўжо гатовы або маюць высокую ступень падрыхтаванасці да абмеркавання ў Авальнай зале. Галоўнае для нас, каб яны былі якаснымі, адпавядалі актуаліям развіцця краіны і садзейнічалі паляпшэнню дабрабыту простых людзей. Сесія пройдзе менавіта ў такім ключы.
— У парламентах некаторых сумежных з Рэспублікай Беларусь краін усур'ёз стаіць праблема прагулаў дэпутатамі сесійных пасяджэнняў. Такога пытання ў Палаце прадстаўнікоў не існуе, прычым усе гады вашага старшынства. Чаму?
— Усё залежыць ад арганізацыі парламенцкай работы і адказнасці дэпутатаў, — сутнасць у гэтым. У нас калі нехта прапускае пасяджэнне ў Авальнай зале, то ёсць уважлівая прычына, якую дэпутат паведамляе.
— Новы парламент даў нямала інфармацыйных падстаў, асабліва ў сваёй міжнароднай і міжпарламенцкай дзейнасці. Даволі частымі сталі перагаворы ў Палаце прадстаўнікоў з парламенцкімі дэлегацыямі іншых краін і замежныя візіты дэлегацый Нацыянальнага сходу. Як вы лічыце, у свядомасці еўрапейскіх парламентарыяў па-ранейшаму пераважае ўяўленне пра нашу Беларусь як пра краіну для павучанняў?
— Наша міжпарламенцкае ўзаемадзеянне на аснове прагматызму і здаровага розуму робіць толькі першыя крокі. Відавочна, яно мае значны патэнцыял і ўвязваецца з перспектывамі беларуска-еўрапейскага партнёрства ў цэлым. Каб ачысціць шлях да сапраўды ўзаемавыгадных, карысных абодвум бакам адносін, неабходна адкрыць у іх новую старонку і напаўняць яе ўзаемным даверам і супрацоўніцтвам. Мне думаецца, разуменне гэтага становіцца ўсё больш пашыраным сярод еўрапейскіх парламентарыяў. Перш за ўсё трэба развіваць палітычны дыялог, напаўняць новым зместам эканамічныя стасункі, пашыраць навуковыя, культурныя і гуманітарныя кантакты. 26-я сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ і іншыя міжнародныя мерапрыемствы, праведзеныя сёлета ў краіне, пераканаўча паказалі нашу адкрытасць да міжнароднага супрацоўніцтва, уменне Рэспублікі Беларусь правільна рэагаваць на ўнутраныя праблемы і тыя выклікі, з якімі сутыкнуўся Еўрапейскі саюз. Ёсць аснова для далейшага руху наперад.
Аляксандр ФІЛІМОНАЎ
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.