Вы тут

У Мінску стартаваў тэатральны форум «ТЭАРТ»


Восем замежных і адзінаццаць беларускіх пастановак: 27 верасня ў Мінску адкрыўся штогадовы, гэтым разам сёмы, міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» і адразу адправіў нас з месца ў кар'ер. Распачаўся ён з манернага, драйвовага, смешнага — бліскучага спектакля латвійскага Ліепайскага тэатра «Жаніцьба» па Гогалю, працягнуў французскім балетам Анжэлена Прэльжакажа «Фрэска. Карціна на сцяне», паабяцаў сёння паказаць пастаноўку ўжо вядомага ў Мінску рэжысёра Цімафея Кулябіна «Іванаў».


І яшчэ на некалькі тыдняў, аж да 16 кастрычніка, працягнуць гэты тэатральны «сезон». Мінулы форум «ТЭАРТ» завяршыўся таксама «Жаніцьбай» — пэўным амажам Санкт-Пецярбургу «Горад. Жаніцьба. Гогаль» у пастаноўцы Юрыя Бутусава. А гэта нагадвае нам, што форум — не рандомная, а сістэмная з'ява, якая, дарэчы, ці не ў першую чаргу накіравана на ўласна тэатр беларускіх абшараў. Мяркуецца, што адзінаццаць пастановак у традыцыйнай праграме «Belarus open» здольны нейкім чынам адлюстраваць, на якім этапе развіцця ў адпаведнай галіне сёння знаходзіцца наша краіна. Дарэчы, беларускі тэатр, які ці то з'яўляецца часткай еўрапейскай культуры, ці то знаходзіцца па-за яе межамі, абмеркавалі ў прасторы Ок16 на традыцыйнай дыскусіі напярэдадні адкрыцця «ТЭАРТа».

Уздыхаў пра адраджэнне ці ўздым чуваць не было, усё неяк больш пра знаходжанне ў рэзервацыі. Але ўласна мяне зачапіла, што стваральнікі «ТЭАРТа» (увогуле на дыскусіі былі прадстаўнікі тэатральных устаноў, рэжысёры, крытыкі) глядзяць на свой фестываль праз прызму ўздзеяння на сітуацыю ў краіне. Яны заклапочаны тым, каб выхоўваць публіку, паказваць тэатральным дзеячам замежныя поспехі, стымуляваць развіццё новых формаў і з'яўленне эксперыментаў. Старшыня праўлення «Белгазпрамбанка», што з'яўляецца генеральным партнёрам «ТЭАРТа», Віктар Бабарыка задаецца пытаннем, ці правільным шляхам ён ідзе, спансіруючы тэатральны форум. Можа, было б больш карысна арганізаваць для дзесяці перспектыўных беларускіх тэатральных дзеячаў трып, у якім яны змаглі б шчыльна пазнаёміцца з набыткамі сусветнай тэатральнай культуры?

Доўгая чарга, што выстраілася перад Цэнтральным домам афіцэраў, дзе планавалася «Жаніцьба», паказвае на тое, што ў замежных выказваннях у нас зацікаўлена больш за дзесяць чалавек. «ТЭАРТ», відавочна, стаў модным мерапрыемствам і з усіх бакоў пазітыўным. Манеры Віктара Бабарыкі, які пад'язджае да Дома афіцэраў на люксавым аўто і сціпла становіцца ў канец чаргі, лішні раз звязваюць форум з культурай менавіта еўрапейскай, часткай якой хаця б геаграфічна мы безумоўна з'яўляемся.

Але ці толькі геаграфічна? «На жаль, мы ў рэзервацыі, гэты факт трэба прызнаць. Беларусі няма на тэатральнай карце, і нам трэба зразумець, што мы можам зрабіць, калі не з'яўляемся часткай дзяржаўнага апарату, таму што прамоцыя і прасоўванне краіны — гэта задача дзяржавы, — каментуе тэатральны крытык Таццяна Арцімовіч. — Цудоўна, што, напрыклад, Рускі тэатр у 2017 годзе пачаў карыстацца паняццямі «менеджмент» і «рэбрэндынг», а ў яго афішы з'явіўся Дзмітрый Багаслаўскі, але гэта павінна было здарыцца дзесяць гадоў таму. А што трэба сёння, каб адбылася сінхранізацыя з глабальнай картай?»

Кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка ў адказ звязвае канстатацыю «мы ў рэзервацыі і гэты факт трэба прыняць» з выразам «толькі асобы ў тэатры нешта мяняюць»: «Я ўпэўнены, што толькі прыняцце як першы крок здольна штурхнуць нас уперад. Можна, і для тэатра важна, нагледзецца на форму, але нагледзецца на змест ужо больш складана. Тут узнікае пытанне з асобай і з тым, ці ўпісаны беларускі тэатр у еўрапейскі кантэкст. Мне падаецца, што ў рэзервацыі мы знаходзімся якраз у адносінах да свабоды ўласнай свядомасці. То-бок пра што тэатр кажа?..

Пакуль вядуцца дыскусіі, карысныя, напэўна, толькі канстатацыямі, робіцца справа: ідзе модны ў Мінску тэатральны форум, які паказвае найлепшыя беларускія і выбітныя замежныя пастаноўкі. За гэты час публіка, якая звычайна аддае перавагу таму, што прасцей і весялей, бачыць, што тэатральныя абсягі куды глыбейшыя і разнастайнейшыя. Крытыка рэагуе на «чужое» абмеркаваннем і аналізам. Тэатральнае поле напаўняецца новымі інфармацыяй і эмоцыямі. Усе гэтыя рухі, магчыма, здольны паўплываць на энергію беларускага тэатра ў цэлым. У тым, што залежыць ад асобы. Бо дырэктар РТБД Уладзімір Карачэўскі на той жа дыскусіі запэўніў, што залежнае ад дзяржавы развіццю тэатра ніяк не перашкаджае.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Жаніцьбай» скончылі — з «Жаніцьбы» пачалі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».