Вы тут

Генадзь Казакевіч: Наркотык — шлях у нікуды


Наш карэспандэнт пагутарыў з начальнікам Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Рэспублікі Беларусь Генадзем КАЗАКЕВІЧАМ, каб высветліць, як наша заканадаўства рэагуе на з'яўленне новых рэчываў, ці рэальная ў нашай краіне легалізацыя «лёгкіх» наркотыкаў, а таксама што больш важна — асабістая свабода альбо асабістая бяспека.


Злачынства і пакаранне

— У грамадстве сёння абмяркоўваецца такое пытанне: ці аб'ектыўна прызначаць аднолькава суровыя тэрміны за любое ўзаемадзеянне з «лёгкімі» і «цяжкімі» наркотыкамі? Ці павінен быць падзел?

— Такі падзел існуе. Я лічу, што праблема дастаткова актуальная. Але глядзіце, якую катэгорыю насельніцтва гэтае пытанне цікавіць? Абсалютна канкрэтную — гэта сваякі асуджаных на працяглыя тэрміны, перш за ўсё, за распаўсюджванне наркотыкаў. Адбывае пакаранне за такое злачынства крыху больш за пяць тысяч чалавек. Не 15 тысяч, як кажуць і пішуць. Так, сярод іх ёсць дастаткова вялікія тэрміны, але пры гэтым ніхто не кажа пра тое, што ўжо даўно сышлі ад татальнага асуджэння ў выглядзе пазбаўлення волі па частцы першай артыкула 328. Нагадаю, у артыкуле па незаконным абароце наркотыкаў пяць частак. Прычым, без мэты збыту — гэта толькі першая частка, у адрозненне ад астатніх, дзе пералічаныя і розныя абставіны, напрыклад — групы, лабараторыі.

Што да «лёгкіх» і «цяжкіх» наркотыкаў: у Беларусі заўсёды быў падзел на небяспечныя і асабліва небяспечныя наркатычныя сродкі і псіхатропныя рэчывы. У залежнасці ад гэтага заканадавец і вызначыў памер абцяжваючых віну абставін. У нашым заканадаўстве гэта ўжо ёсць. Самыя вялікія тэрміны атрымліваюць не за тое, што чалавек «патрымаў у руках» ці ўжыў, не. Мы выдатна разумеем, што наркаман — гэта хворы чалавек. Яго трэба спачатку лячыць, а потым караць. Але самыя вялікія тэрміны атрымліваюць тыя, хто замяшаны ў абароце.

— Гэта значыць, пакуль ніякія змены ў заканадаўстве не плануюцца? Бо сапраўды бываюць людзі — няхай гэта і рэдка здараецца, — якія выпадкова сталі на гэты шлях, а адразу атрымалі сур'ёзныя тэрміны.

— За мінулы год асуджаным, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, больш за 400 разоў была ўжыта замена пакарання больш мяккім ці ўмоўна-датэрміновым вызваленнем. Наша заканадаўства прадугледжвае і прымяняе магчымасць выпраўлення ў месцах пазбаўлення волі. Калі адміністрацыя бачыць, што асуджаны цвёрда стаў на шлях выпраўлення, мае намер сацыялізавацца, то варыянты ёсць. І, што паказальна, да гэтай катэгорыі такія варыянты прымяняюцца значна часцей, чым да іншых. І гэтыя хадайніцтвы задавальняюцца больш, чым на 80 працэнтаў. Што датычыцца змяненняў заканадаўства, то цяпер адпаведнае пытанне прапрацоўваецца. Справа ў тым, што гэта вельмі сур'ёзны крок, які мае сур'ёзныя наступствы.

— Сёння некаторыя актывісты выступаюць за легалізацыю «лёгкіх» наркотыкаў. Як вы да гэтага ставіцеся, і ці рэальны такі крок?

— Скажыце, а навошта гэта трэба? Зняць стрэс, расслабіцца — так, такія матывы ёсць, і іх дастаткова шмат. Але ёсць памылковы погляд, што дзесьці ў свеце лёгкія наркотыкі легалізаваныя. Толькі ў нешматлікіх краінах у свеце легалізаваная марыхуана. Але давайце падумаем, да чаго гэта прыводзіць? Па-першае, злоўжыванне. Па-другое, калі грамадзянін не можа справіцца са стрэсам, ёсць і маса іншых спосабаў гэта зрабіць — спорт, музыка, сябры. Акрамя таго, ужыванне, скажам так, «лёгкіх» наркотыкаў — гэта толькі першая ступень. Далей — больш цяжкія рэчывы. Таму мы катэгарычна супраць і гатовыя на любым узроўні абгрунтоўваць сваю пазіцыю ў гэтай частцы.

Свабода ці бяспека?

— Ці паспявае заканадаўства своечасова адаптавацца да з'яўлення новых відаў наркотыкаў?

— Беларускае заканадаўства пабудавана па наступным прынцыпе: калі ў 2014 годзе з'явіўся Дэкрэт №6, у адпаведным законе мы ўвялі паняцце «базавая структура». На самай справе, новыя наркотыкі — гэта толькі нязначнае змяненне хімічнай формулы. Сама структура рэчыва як была, так і засталася. Адпаведна, мы пайшлі па такім шляху, каб крыміналізаваць гэтую ўмову. І беларускае ноу-хау, якое прызнаецца ўсёй сусветнай супольнасцю, — гэта тое, што наша заканадаўства здольна крыміналізаваць новае рэчыва яшчэ да таго, як яно з'явілася на рынку. Гэта значыць, калі ў Германіі для ўнясення ў спіс забароненых рэчываў патрэбныя месяцы, то ў нас — два-тры дні. Таму ў Беларусі новыя рэчывы амаль і не з'яўляюцца. Цяпер у нас забаронена да 98% усіх магчымых новых рэчываў, а гэта значны вынік. Наша заканадаўства ў гэтым плане з'яўляецца адным з найбольш прагрэсіўных.

— Як за апошні час змяніўся трафік забароненых рэчываў праз Беларусь?

— Пагроза захоўваецца, паколькі Беларусь з'яўляецца як краінай паходжання, так і краінай спажывання, а таксама транзіту — як з Еўропы на Усход, так і ў адваротным напрамку. Напрыклад, толькі сёлета ў нас было два буйныя затрыманні па гашышы — партыі больш за 70 кілаграмаў і 40 кілаграмаў. Гэта мараканскі гашыш, які праз Еўропу ішоў у напрамку Расіі. Гэта значыць, пагроза сапраўды існуе. Ёсць такое паняцце — спынены канал пастаўкі наркотыкаў і псіхатропаў. Дык вось, колькасць такіх каналаў расце год ад году, цяпер іх ужо 35.

Фота БЕЛТА

— Злачынныя арганізацыі, якія займаюцца наркабізнесам ў Беларусі, — гэта лакальныя або міжнародныя аб'яднанні?

— Для таго каб разумець структуру арганізацыі, трэба дакладна разумець механізм распаўсюджвання наркотыкаў, галоўным чынам у інтэрнэце. Што ўяўляе сабой гэты механізм? Раней у інтэрнэце ствараліся сайты, умоўныя гандлёвыя пляцоўкі. Цяпер, з улікам таго, што мы спынілі такія рэчы, сістэма змянілася. Інтэрнэт-крамы сышлі ў даркнэт. Сама форма змянілася — гэты кантэнт можа ўяўляць сабой закрытую ветку ў сацыяльнай сетцы. Акрамя таго, з'явілася новая форма камунікацыі з элементамі шыфравання — перш за ўсё, гэта месенджары. І гэта дазваляе арганізатару нават не ўваходзіць у прамы кантакт не тое, што са спажыўцамі, а нават з распаўсюджвальнікамі. Гэта значыць, злачынцы, якія знаходзяцца на вяршыні піраміды, нават у Беларусі не з'яўляюцца. Акрамя таго, грошы за наркотыкі пераводзяцца праз электронныя кашалькі. Злачынныя групоўкі ёсць, але ў Беларусі пра іх казаць у сувязі з названымі прычынамі не даводзіцца. Тым не менш колькасць распаўсюджвальнікаў не расце. Таксама мы перарываем дзейнасць арганізаваных злачынных груповак — вышэйшых формаў, а яны маюць ярка выражаны міжнародны характар.

Дарэчы, нядаўна ў выніку сумеснай спецаперацыі МУС, КДБ і расійскай ФСБ была спынена дзейнасць міжнароднай групоўкі, якая займалася вытворчасцю метадону. Удалося ўстанавіць, што арганізатар лабараторыі, жыхар Магілёва, фактычна быў асноўным пастаўшчыком метадону ў нашу краіну. Непасрэдна сінтэзам наркотыкаў займаліся двое яго паплечнікаў, таксама магілёўцаў, у арандаваным прыватным доме ў Падмаскоўі. У выніку ўсе былі затрыманыя, а ў здымным катэджы канфіскавана больш за 27 кілаграмаў крышталічнага рэчыва з вадкасцю, якая мае высокую канцэнтрацыю метадону, звыш 200 кілаграмаў прэкурсораў, забароненых да свабоднага абароту, а таксама лабараторнае абсталяванне.

— Не так даўно ў Расіі спецслужбы запатрабавалі адкрыць доступ да аднаго папулярнага месенджара з-за магчымай тэрарыстычнай пагрозы. Як вы лічыце, ці не парушае гэта асабістую недатыкальнасць чалавека?

— Тут узнікае канфлікт: што для грамадства больш прымальна? Альбо паняцце асабістай свабоды, альбо паняцце асабістай бяспекі. Але мы пакуль такое пытанне не ставім і спрабуем справіцца тым аператыўна-вышуковым інструментарыем, які ў нас ёсць. Расіяне паставілі пытанне даволі жорстка, аднак вось атрымаюць яны доступ да аднаго сэрвісу, але ж ёсць і дзясяткі іншых — і што тады? Пытанне гэта не вырашыць. Аб гэтым можна будзе казаць, калі грамадства дасць выразную ацэнку. Як гэта высветліць? Трэба спытаць. Адна з новых формаў узаемадзеяння — гэта адкрытасць нашай службы, людзі павінны разумець нашы задачы. Мы будуем сваю работу такім чынам, каб максімальна поўна і адкрыта ўзаемадзейнічаць з любымі пластамі грамадства, а таксама наладзіць зваротную сувязь.

Затрымаць у пачатковай стадыі

— Якія меры прафілактыкі ўжывання наркотыкаў рэальна працуюць?

— Давайце пачнём з іншага: а вы ведаеце, што з моманту ўвядзення новага заканадаўства ў 2014 годзе колькасць наркаманаў, якая ў нас знаходзіцца на ўліку, зменшылася з 17 тысяч да 14 тысяч? Гэта вельмі шмат. Колькасць перадазіровак зменшылася ў разы — толькі ў гэтым годзе ў параўнанні з мінулым яна зменшылася на 45%. У нас не дапушчана ні адной смерці непаўналетняга сёлета. Вось прыклад таго, як працуе прафілактыка. Прычым, мы не толькі зрабілі больш жорсткімі законы, мы вызначылі канкрэтныя меры для прафілактыкі. Усе ведамствы і міністэрствы аб'яднаныя адным матывам — супрацьдзеянне наркотыкам. Прыклад такіх мер? Мы прыходзім у школы, вышэйшыя навучальныя ўстановы і «на пальцах» тлумачым, чым небяспечнае ўжыванне.

Акрамя таго, анансую навінку. Мы ідзём па яшчэ адныму шляху: выступілі ініцыятарам з'яўлення інфармацыйнага рэсурсу, які будзе ўяўляць сабой сайт, дзе інфармацыя будзе падавацца па трох кірунках для розных катэгорый грамадзян. Першая катэгорыя — для наркаманаў, другая — для «групы рызыкі», людзей, якія патэнцыйна могуць пачаць прымаць наркотыкі, трэцяя — для сузалежных, маці, жонак, сяброў. І мы будзем пачынаць не з крымінальнай адказнасці, а з таго, дзе можна атрымаць дапамогу. Вось трапіў у бяду блізкі, а на сайце будзе паказаная інфармацыя аб любым відзе медыцынскай дапамогі па найбліжэйшым адрасе. Таксама на гэтым жа сайце будзе ўся інфармацыя па прафілактыцы — пачынаючы ад адказнасці і заканчваючы шкодай. Тут з'явяцца нават гульні, частка сайта будзе інтэрактыўнай. Яшчэ адна галіна сайта — гэта зваротная сувязь. Сюды могуць пісаць усе — пачынаючы ад неабыякавых з нейкімі праблемамі, заканчваючы тымі, хто хоча даць інфармацыю аб наркапрытоне.

Вяртаючыся да пытання: іншыя метады — гэта сацыяльныя ролікі, білборды, інфармацыйная кампанія ў СМІ. Але мы разумеем, што метады, якія існавалі раней і нават цяпер існуюць, састарэлі, таму шукаем новыя магчымасці.

— Як вы ставіцеся да серыяла пра наркагандляроў «Ва ўсе цяжкія»?

— Не паверыце, я глядзеў гэты серыял, у мяне нават мелодыя на тэлефоне стаіць адтуль. І я лічу, што ён не пра наркотыкі, а пра чалавека, які трапіў у безвыходную жыццёвую сітуацыю. І на пэўным этапе адышоў ад агульнапрынятага пачуцця маралі. Здаецца: я круты, магу зварыць шмат кілаграмаў гэтага «лёду», мне ўсё хоць бы што. А да чаго ён прыходзіць у выніку? Сям'ю страціў, сяброў і знаёмых таксама, сам памёр. Грошы, якія ён зарабіў, страцілі сваю каштоўнасць, таму што яны аказаліся не настолькі важныя. Для мяне гэты серыял быў цікавы з псіхалагічнага, з мастацкага пункту гледжання, але тым не менш пакінуў пэўнае ўражанне — гэта шлях у нікуды.

— З якімі найбольш страшнымі падзеямі, звязанымі з наркотыкамі, давялося сутыкацца?

— Ёсць адна гісторыя. У 2014 годзе ў міліцыю паступіла паведамленне аб парушэнні грамадскага парадку: у двары дома бегалі голыя мужчыны і шумелі. На месца здарэння неадкладна выбыла следча-аператыўная група. У адным з пакояў супрацоўнікі знайшлі хлопца 1991 года нараджэння. У яго былі выдалены вочы, значна пашкоджаны вострым прадметам нос, шчака, вушы. Побач на ложку знаходзіліся два прыяцелі пацярпелага. Іх паводзіны былі адназначна ацэнены як вельмі неадэкватныя. Пазней устаноўлена, што маладыя людзі знаходзіліся ў стане, выкліканым ужываннем асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. Аднак не менш шакаваў і пацярпелы: без вачэй, з парэзаным тварам, лежачы на падлозе ў лужыне крыві, ён смяяўся, спяваў песні і адказваў на ўсе пытанні міліцыянераў. Пацярпеламу была выкліканая хуткая медыцынская дапамога, якая даставіла яго ў найбліжэйшую медустанову. Жыццё пацярпелага выратавана, але зрок ён страціў назаўсёды. Трэба разумець, што ўжыванне наркотыкаў — гэта трагедыя асобнага чалавека, а таксама асобнай сям'і. Адбываюцца сапраўды страшныя рэчы, з якімі змагаюцца ўсе — і міністэрствы, і грамадскія арганізацыі. І хочацца, каб грамадзянская супольнасць яшчэ больш уключалася ў работу па прафілактыцы і супрацьдзеянні гэтай жудаснай з'яве.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.