«Чалавек, які на прагулцы сочыць не толькі за сваім дзіцем, а за ўсім дваром — гэта настаўнік. Чалавек, які ідзе з поўным пакетам, але не прадуктаў, а сшыткаў, — таксама настаўнік. Нават сыходзячы з работы, ён не перастае працаваць, займаецца з дзецьмі не толькі ў школе, але і дома, таму што не можа адмовіць сваім сваякам і суседзям», — вось такі жартаўліва-рэалістычны партрэт педагога намаляваў суперфіналіст рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года — 2017» Максім ДУБІНА. Ён, між іншым, стаў самым маладым удзельнікам суперфіналу. Настаўнікам фізікі працуе са жніўня 2013 года: пачынаў у Скірмантаўскай сярэдняй школе, а цяпер выкладае фізіку ў сярэдняй школе №1 Фаніпаля. Яго педагагічнае крэда — словы Імануіла Канта: «Не думкам трэба вучыць, а думаць».
Як здзівіў Ваўкавыск
Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства «Настаўнік года» праводзіцца ў нашай краіне раз у тры гады. Старшыня журы суперфіналу, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр ЖУК лічыць, што рабіць гэта часцей не трэба — паўза павінна быць, найперш, для таго, каб асэнсаваць прадстаўлены досвед. Для сістэмы адукацыі гэты конкурс — крыніца новых думак, новых ідэй і аўтарскіх методык. Да таго ж усе этапы спаборніцтва арганізоўваюцца на працягу навучальнага года (школьны, раённы, абласны і рэспубліканскі), што патрабуе шмат часу, таму перапынак проста неабходны.
У фінальную частку спаборніцтваў у кожнай прадметнай намінацыі выходзіць па адным прадстаўніку ад кожнай вобласці і сталіцы. Але ў суперфінал праходзяць толькі пераможцы ў сваіх намінацыях. Таму выхад маладога фізіка ў суперфінал дорага каштуе! Увогуле склад суперфіналістаў гэтым разам аказаўся вельмі цікавым. З васьмі ўдзельнікаў трое былі прадстаўнікамі Віцебскай вобласці: настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы №15 з Наваполацка Святлана РУМЯНЦАВА, настаўнік біялогіі гімназіі №5 г. Віцебска Марына ЮР'ЕВА і настаўнік гісторыі сярэдняй школы №3 г. Оршы Андрэй ІВАНОЎ. Двое прадстаўлялі Міншчыну: Максім ДУБІНА з фаніпальскай сярэдняй школы №1 і выхавальніца дашкольнай установы адукацыі яслі-сад №24 горада Маладзечна Таццяна АПАНОВІЧ. Яшчэ двое — горад Ваўкавыск: настаўніца іспанскай мовы з гімназіі №2 Юлія КАСТАЛОМАВА і настаўніца пачатковых класаў гімназіі №1 Людміла ЗАЯЦ. Нават цяжка прыгадаць, каб адзін горад быў так моцна прадстаўлены ў суперфінале. Таксама за званне найлепшага ў прафесіі змагалася настаўніца музыкі сярэдняй школы №53 г. Мінска Вольга МАХІТКА.
За спінай ва ўсіх удзельнікаў былі два ўрокі, праведзеныя ў незнаёмай дзіцячай аўдыторыі (у тым ліку па тэме, якую журы агучыла напярэдадні выпрабавання), псіхолага-педагагічнае тэсціраванне і майстар-класы для будучых калег — студэнтаў педагагічных спецыяльнасцяў. Калі ў фінале мужчын-педагогаў было пятнаццаць, у суперфінале іх аказалася два. Але настаўнікі-мужчыны проста не могуць застацца незаўважанымі, хоць бы па прычыне сваёй эксклюзіўнасці ў школе. Так адбылося і на сцэне Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе яны адзначыліся і гумарам, і эрудыцыяй.
Філасофія фізікі
Натуральна, што ўсе суперфіналісты конкурсу былі вельмі рознымі: кожны — са сваім арсеналам сродкаў, са сваімі сакрэтамі педагагічнага майстэрства і падыходамі да вучняў. У кагосьці атрымалася праявіць сябе найлепш у больш звыклай для настаўніка школьнай атмасферы, а хтосьці вызначыўся артыстычным талентам на сцэне Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, як, напрыклад, настаўнік гісторыі з Оршы Андрэй Іваноў.
Дваццаціхвілінны ўрок, безумоўна, — самае яркае конкурснае выпрабаванне ў суперфінале. Усім удзельнікам была прапанаваная адна і тая ж тэма: «Каб знайсці сваё месца ў жыцці». Удзельнікі павінны былі раскрыць яе сродкамі свайго прадмета. Натуральна, што настаўніца музыкі спявала разам са сваімі вучнямі песню «Тыя, хто па жыцці да мэты імкнуцца, зроблены ў Беларусі...» Між іншым, у ролі школьнікаў выступалі калегі па фінальнай частцы спаборніцтваў, якія з задавальненнем падыгрывалі і гумарылі на сцэне. Ну, а калі яшчэ сур'ёзным дарослым людзям давядзецца выступіць у ролі выхаванцаў дзіцячага садка, якія прымяраюць на сябе розныя прафесіі ці вучняў пачатковых класаў? «Пра што вы марыце?» — цікавіцца настаўніца? А далей сыплюцца адказы: «Паспаць!», «Стаць каралевай Англіі»... На ўроку беларускай мовы «вучні» шукалі адказ на пытанне «Што перашкодзіла калабку знайсці сваё месца ў жыцці?», а на ўроку гісторыі — «Як змянялася разуменне месца ў жыцці ў розныя гістарычныя эпохі?»
А вось як вызначыць крытэрыі паспяховасці з дапамогай фізікі? Аказваецца, можна... На стале ў вучняў — два магніты. Людзі, як тыя магніты, могуць прыцягвацца і адштурхоўвацца. Фізічнае паняцце «прыцяжэнне» трансфармуецца ў жыцці ў неабходнасць здзейсніць выбар: можна застацца на тым жа месцы, але вам давядзецца змяняцца, а можна не змяняць сябе, але змяніць сваё месца. Прыцяжэнне — выбар, які робіць кожны чалавек. Далей вучні даследавалі трываласць канструкцыі, на якую клалі зверху кнігі. «Калі эксперымент удасца паўтарыць, значыць, гэта заканамернасць», — каментуе дзеянні «вучняў» настаўнік. Усе канструкцыі зроблены з аднолькавага ліста, але ім нададзена розная форма. Усе пераконваюцца, што трываласць залежыць ад формы. «Гэты ліст можна параўнаць з нашымі магчымасцямі: калі мы свае магчымасці, здольнасці, рэсурсы будзем размяркоўваць правільна, то зможам вытрымліваць і большую нагрузку», — кажа педагог. Ну, а маленькая запалка, з дапамогай якой вучням дэманструецца закон раўнавагі, даказвае, што не важна, якое месца ты займаеш, галоўнае — усё рабіць добрасумленна.
Супраць «Гульні тронаў»
Педагагічная прэс-канферэнцыя — конкурс, падчас якога патрабавалася прадэманстраваць не толькі педагагічную эрудыцыю, але і імгненную рэакцыю, бо ў штодзённай рабоце жыццё пастаянна падкідвае педагогам нестандартныя сітуацыі... На абдумванне адказу даецца 30 секунд. «Ці трэба ўводзіць дрэс-код для настаўніка?» — цікавіцца журы ў настаўніцы беларускай мовы. «Нам гэта не патрэбна, бо лепшае адзенне для чалавека — яго душа. Важна, з якой душой настаўнік заходзіць у клас, якімі вачыма глядзіць на вучняў, які пасыл нясе», — адказвае Святлана Румянцава.
«Ці магчыма выхаванне без прымусу?», «Якая формула поспеху сучаснага педагога?», «Што з'яўляецца галоўным крытэрыем майстэрства педагога?», «Адоранае дзіця — гэта падарунак для педагога ці выпрабаванне?», «Як даказаць дзіцяці каштоўнасць адукацыі?», «Назавіце адрозненне сучаснага педагога ад педагога ХХ стагоддзя...», «Як вы лічыце, чаму трэба вучыць сучасных педагогаў?» — пытанні сыплюцца на канкурсантаў. «Калі ўсе пішуць на разлінаванай паперы, трэба хоць раз узяць на сябе смеласць і напісаць упоперак», — кажа Андрэй Іваноў і зрывае апладысменты.
Апошні конкурс — публічнае выступленне на тэму «Настаўнік (выхавальнік): учора, сёння, заўтра» — пераўтвараецца ў прызнанне ў любові да сваёй прафесіі.
— Кажуць, што ўсе прафесіі — ад настаўніка, і толькі прафесія настаўніка — ад Бога, таму лічу не зусім справядлівым, што гісторыя памятае толькі імёны першаадкрывальнікаў: Гагарын, Архімед... На паліцах бібліятэк мы можам знайсці кнігі «100 найлепшых архітэктараў», «100 найлепшых музыкантаў», «100 найлепшых мастакоў», але вы там не знойдзеце томіка «100 найлепшых педагогаў». І нават у самай старажытнай кнізе мы не знойдзем імя першага настаўніка. А можа, так і павінна быць? — разважае настаўнік пачатковых класаў Людміла Заяц. — Няўжо можна выдзеліць са шматтысячнай арміі адданых сваёй справе хоць бы сотню найлепшых? А імя першага настаўніка, бясспрэчна, жыве ў сэрцах яго ўдзячных вучняў. Любіць дзяцей такімі, якія яны ёсць, — найвышэйшае майстэрства.
— Падручнік гісторыі канкурыруе сёння з бестселерамі і серыялам «Гульня тронаў». Дык, можа, спыніць канкурэнцыю і здацца? Канешне, не, бо не яны, а мы павінны выхоўваць нашых дзяцей. У маім разуменні ўрок гісторыі — гэта дыялог паміж настаўнікам і вучнямі ў працэсе даследавання і вырашэння праблемы, скіраванай на абуджэнне гістарычнай памяці, — дзеліцца сваім бачаннем Андрэй Іваноў.
— Мы жывём у час пераасэнсавання статусу і ролі кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу. З кожным бітам інфармацыі ў свеце сёння становіцца ўсё больш і больш, а знаходзіць яе — усё прасцей і прасцей. У два клікі можна атрымаць любую інфармацыю. Таму настаўнікі заўтрашняга дня не будуць імкнуцца да таго, каб вучань засвоіў нейкую інфармацыю. Яны будуць рабіць так, каб вучань навучыўся з ёй працаваць. У будучыні чалавеку давядзецца асвойваць мноства прафесій цягам жыцця, таму настаўнік будзе вучыць не чамусьці канкрэтнаму, а будзе вучыць вучыцца, — упэўнены Максім Дубіна.
Лёгка не будзе
На думку Святланы Румянцавай, нішто так не палоніць, як прыгажосць, нішто так не пераконвае, як праўда, і нішто так не ўздзейнічае, як асабісты прыклад: «Мы імкнёмся сёння зарэкамендаваць сябе як вартыя павагі прафесіяналы, якія спалучаюць розум даследчыка, гнуткасць дыпламата, перакананасць палітыка, вытрымку разведчыка і талент акцёра. Каб дасягнуць усяго гэтага, вельмі многа працуем над сабой, вучымся, развіваемся, імкнёмся да самаўдасканалення. Настаўнікі заўтрашняга дня павінны ісці на крок наперадзе, таму што прафесія настаўніка і праз 20, і праз 220 гадоў будзе прад'яўляць чалавеку звышпатрабаванні. Усё, чаму вучыць настаўнік, павінна быць у ім самім, бо розум выхоўваецца толькі розумам, высакароднасць — асабістай высакароднасцю, патрыятызм — любоўю да радзімы і адданасцю ёй. Прафесія настаўніка ніколі не была і не будзе лёгкай, таму што заўсёды патрабуе ад чалавека вялікіх разумовых і духоўных затрат, але гэта і самая ўнікальная прафесія, якая па-за часам, модай і геаграфіяй...»
Па рашэнні «дарослага» журы, менавіта Святлана Румянцава і становіцца новым уладальнікам звання «Настаўнік года». А рашэнне дзіцячага журы схілілася на карысць выхавальніцы дзіцячага садка Таццяны Апановіч.
Святлана Румянцава прызналася, што самым складаным выпрабаваннем у фінале для яе было псіхолага-педагагічнае тэсціраванне: «Напэўна, сіндром выдатніцы праявіўся. Не на ўсе пытанні я змагла адказаць, а потым яшчэ вельмі доўга вечарам і на наступны дзень рэфлексавала — мне шмат чаму яшчэ трэба вучыцца. А ў суперфінале я проста атрымлівала задавальненне: ад кантактаў з калегамі і залай, бо мара — стаць суперфіналістам — была ўжо дасягнутая. Усе суперфіналісты — сапраўдныя майстры сваёй справы. Мяне перапаўняюць розныя эмоцыі: гэта адначасова і хваляванне, і радасць. А таксама вялікая адказнасць перад калегамі і вучнямі. Гэта гонар для мяне і для ўсёй сістэмы адукацыі Віцебскай вобласці. Мая перамога — пацвярджэнне таго, што я раблю патрэбную справу, а таксама духоўнай пераемнасці ў маёй педагагічнай дынастыі».
Трэба дадаць, што матуля пераможцы выкладала матэматыку ў школе, яе сёстры — таксама настаўніцы (выкладаюць хімію, біялогію і геаграфію). А дачка толькі рыхтуецца прыйсці да вучняў: зараз яна студэнтка пятага курса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Марыць стаць настаўніцай англійскай мовы. Таму дынастыя хутка атрымае працяг...
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА і Надзеі НІКАЛАЕВАЙ
Крыху больш за два тыдні застаецца да важнага і адказнага кроку ў жыцці кожнага з нас — да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.
Распазнаць трываласць лёду дапаможа колер ледзянога покрыва.