Вы тут

Батарэі пацяплеюць на працягу тыдня


А цяпло ў дзіцячыя садкі сталіцы абяцаюць падаць ужо сёння-заўтра.

Хутчэй за ўсё, ацяпляльны сезон у Беларусі пачнецца ў першую дэкаду кастрычніка, паведаміў начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і сродкаў масавай інфармацыі Мінжылкамгаса Генадзь Аксціловіч.


Поўная гатоўнасць

Спецыяліст паведаміў, што сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі гатова да ацяпляльнага сезона ў поўным аб'ёме. Ён канстатаваў, што падрыхтоўка да асенне-зімовага сезона складаецца з некалькіх мерапрыемстваў, якія дазваляюць забяспечыць насельніцтва якаснай паслугай цеплазабеспячэння. Па стане на 27 верасня завершаны работы па 45 паказчыках, у тым ліку капітальным рамонце катлоў і замене неэканамічных катлоў, прафілактычным рамонце абсталявання, якое знаходзіцца на абслугоўванні арганізацый ЖКГ, сістэм ацяплення і цеплавых пунктаў, рамонце стыкаў сценавых панэляў і дахаў.

У адпаведнасці з даручэннем урада арганізацыям ЖКГ у 2017 годзе неабходна замяніць 652 кіламетры цеплавых сетак. «Ужо заменена 544 кіламетры цеплавых сетак у аднатрубным выкананні, у тым ліку з выкарыстаннем пі-труб — 528 кіламетраў. Да канца года заданне будзе выканана», — сказаў Генадзь Аксціловіч.

Паводле яго слоў, у цэлым па галіне створаны запас (11,7 тысячы тон) топачнага мазуту, або 108% ад задання, у тым ліку ў якасці рэзервовага паліва для газавых кацельняў — 11,4 тысячы тон (109%). Цалкам выканана заданне па стварэнні запасу драўнянага паліва. «Атрымана 254 пашпарты гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі, якія знаходзяцца на абслугоўванні ЖКГ, 38 пашпартоў гатоўнасці арганізацый, якія транспартуюць цеплаэнергію, і 3 526 пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц, якія знаходзяцца на абслугоўванні ЖКГ. Што датычыцца жыллёвага фонду, то на сённяшні дзень пашпарты гатоўнасці атрымалі ўсе дамы», — заверыў Генадзь Аксціловіч.

Каму плюс 8, а каму і плюс 10

Нездарма камунальным службам даецца час да пачатку кастрычніка цалкам падрыхтавацца да зімы, менавіта ў першую палову месяца ў нас сапраўды халадней. Вядома, што для жылфонду ацяпляльны сезон надыходзіць пасля таго, як на працягу пяці дзён сярэднясутачная тэмпература не падымаецца вышэй за восем градусаў.

З улікам кароткатэрміновага прагнозу, які ёсць на сённяшні дзень, ацяпляльны сезон пачнецца ў найбліжэйшы час, як адзначыў Генадзь Аксціловіч. Сіноптыкі паведамляюць, што на гэтым тыдні ў краіне будзе ветрана і сыра. Толькі ў некаторых рэгіёнах тэмпература днём паднімецца да плюс 15 градусаў, а ўначы і ўвогуле замаразкі.

Учора Мінгарвыканкам прыняў рашэнне аб тым, каб з сёняшняга дня пачаць падключаць ацяпленне ў дзіцячых садках і школах.

Нагадаем, згодна з правіламі, цяпло спажыўцам першай групы пачынаюць падаваць пры наяўнасці на працягу пяці дзён сярэднясутачнай тэмпературы ніжэй за 10 градусаў.

На падключэнне — пяць дзён

«У першую чаргу падключаюцца дзіцячыя дашкольныя і школьныя, лячэбна-прафілактычныя і медыцынскія ўстановы. У другую — жылыя дамы, гасцініцы і інтэрнаты. У трэцюю — грамадскія і адміністрацыйныя будынкі, прамысловыя прадпрыемствы і іншыя арганізацыі. З улікам кароткатэрміновага прагнозу, наяўнага на сённяшні дзень, мы можам казаць аб тым, што ацяпляльны сезон не за гарамі. Мерапрыемствы па падключэнні пачнуцца», — запэўніў Генадзь Аксціловіч.

Пры гэтым спецыяліст падкрэсліў, што рашэнне аб уключэнні ацяплення прымаюць мясцовыя органы ўлады ў залежнасці ад прагнозаў на адпаведнай тэрыторыі. «На падключэнне ацяплення даецца пяць дзён. Адначасова падключыць увесь масіў дамоў немагчыма, асабліва гэта датычыцца Мінска», — сказаў ён.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?