Вы тут

Прэзідэнт патрабуе прывесці «ў ідэальны стан» усю тэрыторыю дзяржавы


У Палацы Незалежнасці працягваецца абмеркаванне найважнейшых нарматыўна-прававых актаў, прадстаўленых для разгляду кіраўніку дзяржавы. Учора пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбылася нарада па праекце новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса і пытаннях удасканалення заканадаўства па скарачэнні пустуючых і старых дамоў.


Фота БЕЛТА

Не проста сцены

Кіраўнік краіны ў першую чаргу пацікавіўся, ці настаў час пераглядаць заканадаўства па гэтай праблематыцы і што перашкаджае рабоце старых нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць гэтыя адносіны. У той жа час Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: тэма закранае інтарэсы амаль усіх жыхароў краіны.

— Нават тых, хто мае сёння жыллё, — дадаў беларускі лідар. — Бо рашэнне кватэрнага пытання — адзін з асноўных індыкатараў развіцця грамадства. Жыллё — гэта не проста сцены і дах над галавой, гэта месца, дзе чалавек, прыйшоўшы з работы, можа адпачыць, пабыць з сям'ёй ва ўтульнай і камфортнай абстаноўцы. Самае галоўнае — гэта выхаванне нашых дзяцей.

Адпаведна, задача дзяржавы — стварыць усе ўмовы і механізмы, каб дапамагчы людзям, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

— Гэты кірунак — найважнейшы складнік сацыяльнай палітыкі Беларусі, і ён застанецца, я думаю, назаўсёды, — упэўнены Прэзідэнт.

Адзін дакумент. Зразумелы

Асноўныя пытанні, з якімі грамадзяне сутыкаюцца ў паўсядзённым жыцці, — пастаноўка на ўлік тых, хто мае патрэбу, атрыманне жылля, высяленне з яго, унясенне платы за камунальныя паслугі, кіраванне жыллёвым фондам — рэгулюе менавіта Жыллёвы кодэкс.

— Прымаючы гэты дакумент пяць гадоў таму, мы ставілі задачу ўлічыць усе аспекты і згладзіць «вострыя вуглы» ў сферы жыллёвых адносін, што назапасіліся з улікам правапрымяняльнай практыкі, — нагадаў кіраўнік краіны. — Сёння вы прапануеце, я б сказаў, новую рэдакцыю Кодэкса.

Першае, на чым засяродзіў увагу Аляксандр Лукашэнка, ці зможа новы дакумент забяспечыць сістэмнасць і комплекснасць рэгулявання адносін у жыллёвай сферы. Ці не прыйдзецца грамадзянам пасля яго прыняцця звяртацца да некалькіх крыніц права для вырашэння сваіх пытанняў?

Другое, чым пацікавіўся Прэзідэнт, — якія канкрэтна праблемы прапануецца ўрэгуляваць гэтым законапраектам, ці прадугледжана ў ім спрашчэнне адміністрацыйных працэдур у жыллёвай сферы.

Трэцяе пытанне датычылася стварэння фонду арэнднага жылля. Кіраўнік краіны спытаў, ці зможа дзяржава задаволіць патрэбнасці грамадзян, што стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў? Якія прапановы ўрада па развіцці гэтага важнага кірунку?

Чацвёрты аспект — тэхнічны стан жыллёвага фонду краіны ў цэлым. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія дадатковыя меры неабходны для яго належнага ўтрымання і абслугоўвання.

Гаспадарскі падыход

Асобна Прэзідэнт звярнуўся да развіцця малых вёсак і хутароў. Гэтаму, дарэчы, беларускі лідар удзяляе асаблівую ўвагу.

— Колькасць пустуючых дамоў расце, нам неабходна стварыць умовы для эфектыўнага выкарыстання такога жылля, — падкрэсліў кіраўнік краіны. — Патрэбен, перш за ўсё, гаспадарскі падыход! Гэта ў тым ліку патэнцыял для агратурызму. Мала таго, што я ўжо запрашаў і заклікаў ахвотных — не толькі багатых людзей — не забываць сваю малую радзіму. Калі ў нейкага ёсць магчымасць прывесці ў парадак сваю вёсачку, пабудаваўшы там, можа быць, свой дом — гэта трэба зрабіць.

Што да аварыйнага жылля, пазіцыя Прэзідэнта адназначная: на зямлі павінен быць парадак.

— Такія будынкі трэба прыбіраць, і зямлю трэба вяртаць у абарот. Гэтую работу трэба паскорыць на месцах і падвесці пад гэта нарматыўна-прававы акт, каб губернатары і мясцовыя ўлады не «бегалі» за людзьмі, якія кінулі сваё жытло, але ў той жа час нібыта маюць нейкую паперку на валоданне ім. Калі ты валодаеш гэтым жыллём — займайся ім, каб яно было ў нармальным стане! — агучыў зразумелы алгарытм кіраўнік дзяржавы.

Твар краіны

На нарадзе прысутнічалі ўсе губернатары нашых абласцей. Таму па-за рамкамі галоўных абмяркоўваемых тэм Прэзідэнт папрасіў агучыць сітуацыю з уборкай ураджаю, а таксама праблемныя пытанні, якія ў гэтым ключы трэба абмеркаваць. Акрамя гэтага, кіраўнік дзяржавы нагадаў: у будучым годзе мы прыкладзём максімум намаганняў, каб прывесці краіну ў парадак. Не толькі таму, што гэта апошні год перад Еўрапейскімі гульнямі, якія пройдуць у Беларусі ў 2019 годзе. У нашу краіну прыедуць прадстаўнікі ўсяго свету. Лагічнае пытанне: што мы ім пакажам?

— Я ўжо казаў: пачынаючы ад дарог, мастоў, а гэта — твар краіны, — прылеглых да дарог палёў, гарадоў і вёсак, пра якія мы сёння будзем весці гутарку, і заканчваючы пасяўнымі плошчамі. Усё павінна быць у ідэальным стане, — патрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў: была дамова аб уцягненні ў абарот рознага кшталту незавершанага будаўніцтва.

— Нават там, дзе я еду кожны дзень, ужо трэці губернатар стараецца паказаць, як ідзе работа, — адзначыў Прэзідэнт. — Але работы гэтай няма. Нават тыя будынкі, якія ўласнікі не могуць дабудаваць, гавораць, забярыце іх — мы не можам вызначыцца, што там зрабіць. І гэта фактычна ў Мінску! Няўжо на ўласнасць, на памяшканні і іншае задаволілі попыт, што нават бясплатна не хочуць браць? Тады нам трэба гэтым займацца. У сувязі з гэтым мы сёння падштурхоўваем рознага кшталту грамадзян і інвестараў да будаўніцтва... Вы ведаеце мае патрабаванні — яны ўжо ў заканадаўчых актах, відаць, вызначаны — ёсць тэрміны, жалезабетонныя тэрміны, якія ў інвестыцыйных дагаворах вызначаны і для грамадзян.

Без канфліктаў

Яшчэ адна праблема, да якой звярнуўся кіраўнік краіны, — канфлікты ўлад з насельніцтвам наконт беспадстаўнага ўшчыльнення жыллёвай забудовы і высякання дрэў у населеных пунктах:

— Замест таго каб парк закласці і ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё. Месца няма, дзе жыллё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт з насельніцтвам парадзіць? Вы самі перасяліцеся ў той дом і жывіце, а побач пабудуйце высотку ў 12 паверхаў, каб ваш дом аказаўся ў двары гэтай высоткі. Вось пажывіце там.

Кіраўнік дзяржавы рэзка адрэагаваў на сітуацыю ў сталіцы, калі замест таго каб пракласці, як звычайна, пад дарогай камунікацыі, пачалі пілаваць векавыя дрэвы:

— Вы саджалі гэтыя дрэвы, каб іх пілаваць? Кожны чалавек імкнецца выйсці, каб настрой у яго быў, на дрэвы гэтыя паглядзець. Не, усё пілуем. Мы, маўляў, новыя пасадзім недзе. Гэта вы ў сябе ў двары спілуйце векавое дрэва і пасадзіце там дрэва з кукіш, і якая будзе ад гэтага карысць?.. Трэба спыніць гэты разбой! Маўляў, дрэва ўпадзе на дарогу... Упадзе — прыбяром! Калі сыходзіць з гэтага, трэба выпілаваць усе паркі ў гарадах.

Напрыканцы Аляксандр Лукашэнка заявіў, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады:

— Прашу тое, што я зараз абазначыў, мець як самае жорсткае ўказанне да вашай работы. Паўтарэння больш не будзе. На людзей трэба трошкі звяртаць увагу, а то хутка адзеравянеем, як у асобных нашых суседзяў: улада сама па сабе, а людзі — самі па сабе.

У тэму

Аляксандр Церахаў, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— Новая рэдакцыя Жыллёвага кодэксу — гэта новы дакумент, не асобныя змены. Ён выкладзены ў цалкам новай рэдакцыі, якая будзе з'яўляцца настольнай кнігай для ўсіх работнікаў ЖКГ. Плануецца разгледзець Жыллёвы кодэкс на асенняй сесіі ў парламенце.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Парадак як арыенцір

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».