Вы тут

Дзякуй, што ўзяў грашыма


На выхадных у суседзяў маіх бацькоў здарылася бяда. Дзядзька Казік разам са сваёй дарослай пляменніцай паехалі на машыне ў журавіны на балота Ельня. Выехалі з дому зранку ў суботу. Ужо пачало цямнець, а іх няма. І тэлефон часова недаступны... Якія толькі думкі не лезлі ў галаву: не дай бог, праваліліся ў балотнае «вакно». Іх у Ельні, кажуць, хапае... Тым больш, на тое балота ў ягады шмат гадоў таму пайшоў адзін мясцовы мужчына ды не вярнуўся...


Але неўзабаве дзядзька Казік усё ж такі выйшаў на сувязь з жонкай. Сказаў, што заблукалі. На шчасце, у іх з сабой аказаліся запалкі. Распалілі вогнішча і ўсю ноч сядзелі грэліся, сушылі адзенне. Як толькі пачало світаць, прыняліся шукаць выйсце з балота.

У нядзелю па дарозе ў Мінск думка пра тое, як яны там, не выходзіла ў мяне з галавы. Гадзін у шэсць вечара, калі стэлефанавалася з мамай, дзядзька Казік быў ужо дома, жывы і здаровы. Кажа, што прайшлі шмат кіламетраў, пакуль выбіліся ў вёску. Праўда, не ў тую, з якой заходзілі на балота, а ў іншую. Там мясцовая бабулька накарміла ягаднікаў варанай бульбай, абагрэла, пакуль іх не забралі на машыне сваякі. На шчасце, усё абышлося.

Чаго не скажаш пра 10-гадовага Максіма, якога ўжо больш як два тыдні шукаюць у Белавежскай пушчы. На дапамогу ратавальнікам выйшлі тысячы валанцёраў. Уся краіна сочыць за пошукамі хлопчыка. Людзі моляцца, спадзяюцца на цуд. І я не выключэнне. Увесь час думаю пра Максіма. Штораз, калі заходжу ў інтэрнэт, хочацца прачытаць два словы: «Знайшлі! Жывы!»

Апошнім часам вельмі шмат думаю пра тонкую мяжу паміж жыццём і смерцю. Асабліва пасля таго, як сама стала кіраваць машынай. Раней пра страшныя здарэнні на дарозе з сумным зыходам, як правіла, чытала ў інтэрнэце. Цяпер часта даводзіцца бачыць іх на свае вочы. А нядаўна на ўласнай скуры адчула, чым пагражае вялікая хуткасць.

У той дзень — гэта быў панядзелак — зранку мы вярталіся з Віцебска ў Мінск. Мне трэба было паспець на работу, таму, каб ехаць на максімальнай хуткасці (на трасе М1 можна разганяцца да 129 км/г), за руль сеў муж. Я практычна ўсю дарогу спала. Прачнулася ад таго, што Вова кінуў мне на калені тэлефон (тэлефанавала мая маці) і тым самым на імгненне адцягнуў сваю ўвагу ад дарогі. У гэты момант машыну тузанула і яна на долю секунды апынулася на ўзбочыне (на наша шчасце, асфальтаванай і адносна шырокай, а адбойнік быў за некалькі метраў наперадзе). Муж паспеў своечасова зрэагаваць і выруліць на шашу. Зноў жа пашанцавала, што побач не было іншых машын.

...Страх (і ўсведамленне таго, што магло адбыцца) прыйшоў дзесьці праз хвіліну. У той момант мы вырашылі, што больш на такой вялікай хуткасці ездзіць не будзем, як бы ні спазняліся.

Памятаю, калі ўвечары вярталася з работы дадому, ліў дождж і дзьмуў пранізлівы вецер. Але я наўмысна не надзявала пальчаткі і не раскрывала парасон. Атрымлівала асалоду ад таго, што мае рукі мерзнуць. Што я магу адчуваць мокрыя кроплі на сваім твары.

Гэтай зімой мой знаёмы перавярнуўся на машыне разам з сынам. Іншамарка разбілася ўшчэнт. Але ні Мікіта, ні малы не пацярпелі. «Першая мая думка была: дзякуй, Божа, што ўзяў грашыма!» — расказваў ужо потым Мікіта. — У той дзень я нічога не мог змяніць. Але мог змяніць за паўгода да аварыі. ЖЫЦЬ ПА-ІНШАМУ, так, каб ехаць у той момант у іншым месцы. Бо ўсе сітуацыі ў сваім жыцці ствараем мы самі. І я разумею, што калі зараз не выкарыстаю свой шанц, не памяняю стаўленне да прыроды ды іншых людзей, то наступны раз мяне ніхто ўжо не выратуе...»

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».