Вы тут

«Захад-2017» вачамі дзяцей


Юныя мастакі не засталіся абыякавыя да беларуска-расійскіх манеўраў.

У той час як на айчынных палігонах і ў суседняй дзяржаве нашы вайскоўцы разам з братамі-расіянамі ўдасканальвалі сваю баявую падрыхтоўку, вучэннем «Захад-2017» жылі і маленькія беларусы. Сваё бачанне ваенных манеўраў яны адлюстравалі з дапамогай фарбы і алоўкаў.


На конкурс малюнкаў «Наша армія моцная!», аб'яўлены ваенным інфармацыйным агенцтвам «Ваяр», свае работы дасылалі дзеці ад 3 да 12 гадоў. Мастацкія творы ацэньваліся ў дзвюх узроставых катэгорыях, у чатырох намінацыях: «Салдацкія будні», «Хачу ў арміі служыць!», «Цяжка ў вучэнні, лёгка ў баі» і «Армія будучыні». Свае сілы ў конкурсе малюнкаў, выкананых у рознай мастацкай тэхніцы, паспрабавалі 57 дзяцей.

Самы юны канкурсант — Іван Агранаў — падаў на суд журы нават не адну сваю работу. Адзін з малюнкаў трохгадовага мастака зрабіў яго пераможцам у намінацыі «Салдацкія будні». На цырымонію ўзнагароджвання ён прыйшоў з бацькамі. Як прызналася маці хлопчыка, Юлія Агранава, яна сама служыць у арміі, таму пра вайсковую тэматыку мастак-пачатковец ведае не па чутках.

— Відаць, плануеце аддаць дзіця ў мастацкую школу? — цікаўлюся ў бацькоў.

— Наўрад ці, Ваня ўжо сабраўся ў сувораўскае вучылішча! — агучвае сынавы мары тата Дзмітрый.

Та­кой су­час­ныя дзе­ці ба­чаць ар­мію.

Знаёмімся з іншымі лаўрэатамі конкурсу, у якім, здаецца, удзельнічалі ледзь не ўсе чацвёртакласнікі мінскай сярэдняй школы №17. Адзін з іх — Цімафей Латушка — нават атрымаў спецыяльны прыз ад вядучага аўтамабільнай рубрыкі «Пятае кола» «Белорусской военной газеты» Аляксандра Іванова. Цімафей марыць стаць мастаком. Прызнаецца, што самалёты, верталёты, іншая ваенная тэхніка — адны з любімых аб'ектаў яго творчасці, таму нават не раздумваў, прымаць удзел у конкурсе альбо не.

Акрамя галоўных узнагарод, ваенным інфармацыйным агенцтвам былі ўручаны яшчэ два спецыяльныя прызы. Яны дасталіся Ксеніі Уласавай за малюнак «Зрабі правільны выбар!», а таксама Уладзіславу Салаўёву, сувенір ручной работы ў выкананні якога прысвечаны беларускай арміі. Увогуле, ніхто з канкурсантаў не застаўся без падарунка.

Са­мы юны ўдзель­нік кон­кур­су Іван АГ­РА­НАЎ  атрым­лі­вае па­да­ру­нак.

— Такое маштабнае мерапрыемства, як вучэнне «Захад-2017», мы не маглі пакінуць у жорстка афіцыйным баку, — адзначыў намеснік начальніка агенцтва «Ваяр» — галоўны рэдактар друкаваных СМІ Ігар КАНДРАЛЬ. — За месяц да пачатку манеўраў мы аб'явілі мастацкі конкурс. Дзеля таго, каб дзеці (а ў іх самы чысты погляд на навакольнае асяроддзе) ацанілі тое, што адбывалася на палігонах. Большасць малюнкаў — вельмі пазнавальныя і цікавыя. Уражвае, што адгукнулася нямала дзяцей, прычым з розных рэгіёнаў Беларусі.

Карына Краснапольская, якая вучыцца ў чацвёртым класе 139-й мінскай школы, перамагла ў намінацыі «Цяжка ў вучэнні, лёгка ў баі» ва ўзроставай катэгорыі ад 8 да 12 гадоў. Дзяўчынка не саромеецца: малюе яна прыгожа. Ёсць у каго вучыцца — у сям'і з выяўленчым мастацтвам сябруе бабуля Карыны. Сваім малюнкам, на якім адлюстраваны людзі і верталёты, школьніца хацела сказаць аб тым, што «наша краіна будзе заўсёды моцнай і прыгожай, што нас ніхто ніколі не пераможа».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Уладзіміра БЛІНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як грэцца, каб не загарэцца?

Як грэцца, каб не загарэцца?

Разам з МНС разбіраемся ў нюансах пячнога ацяплення.

Рэгіёны

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Чым прывабіць людзей да вёскі?

Месца для працавітых і смелых.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.