Вы тут

Чаму нельга кантраляваць мікраклімат цяпліц фортачкай?


Па ўсёй краіне па суботах прапануюць прадукты новага ўраджаю сельскагаспадарчыя кірмашы. Яны ўжо сталі традыцыйнымі і карыстаюцца папулярнасцю ў беларусаў. Усе ахвотныя тут могуць не толькі купіць па добрай цане садавіну і гародніну, мяса і рыбу, але і далучыцца да духу масавых гулянняў. Як кажуць: і хлеб, і відовішча. Але людзі хочуць есці свежыя плады круглы год, а не толькі ў сезон кірмашоў. І для гэтага зусім не трэба ўмець кантраляваць сусветны клімат. Побач са сталіцай ёсць цяплічныя гаспадаркі, дзе гародніну вырошчваюць незалежна ад сезона. Адсюль яна трапляе на прылавак праз некалькі гадзін пасля таго, як яе знялі з градкі. Прадпрыемства паспяховае і запатрабаванае. Аднак шматлікім цяпліцам тут па 30 гадоў. Наперадзе ў мінскай фабрыкі гародніны нямала работы па мадэрнізацыі. І банкі тут — не памочнікі. Як жа быць?


Зеляніна круглы год

Калі заходзіш у велізарную цяпліцу сталічнай фабрыкі гародніны, зусім забываеш, што на вуліцы 8 градусаў цяпла — тут заўсёды свая атмасфера і тэмпература. Зялёны колер памідораў, якія яшчэ толькі растуць, моцна кантрастуе з жоўтым лісцем за акном. Супрацоўнікі кажуць, што раз у год на 2—3 тыдні кожную цяпліцу цалкам чысцяць, каб правесці неабходныя тэхнічныя работы, а затым зноў — буйны рост.

Мінская агароднінная фабрыка з'яўляецца шматпрофільным прадпрыемствам. Тут займаюцца вытворчасцю збожжа (каля 10 тысяч тон у год), ёсць уласны яблычны сад, які раскінуўся на 118 га, вырабляецца мяса і малако. Ёсць нават цэх па перапрацоўцы лекавых раслін і вытворчасці чайных напояў. Аднак асноўным кірункам гаспадаркі з'яўляецца вытворчасць агародніны на закрытым і адкрытым грунце — каля 56% валавога прадукту. Прычым у цяпліцах вырабляюць 8,5 тысячы тон гародніны, а ў адкрытым грунце — 3,5 тысячы тон. Акрамя таго, прадпрыемства экспартуе каля 30% сваёй прадукцыі ў Расію. У цэлым задачу па забеспячэнні беларусаў гароднінай круглы год тут выконваюць эфектыўна. Пакуль што.

Пытанне застаецца адкрытым

Сёння на фабрыцы цяпліцы займаюць 18,5 га. З іх практычна палову трэба знесці. Многія з цяплічных комплексаў будаваліся яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. Прадпрыемству таксама патрабуецца мадэрнізацыя. Як расказала галоўны тэхнолаг Ніна Балашэнка, на фабрыцы вялікая колькасць цяпліц 1—3-га пакалення, няшмат 4-га, апошнія з якіх узводзіліся яшчэ ў 2009 годзе.

«Сёння патрабуюцца цяпліцы 5-га пакалення. У Расіі ўжо ёсць прадпрыемства, на якім пабудаваны сучасны закрыты грунт. Нягледзячы на тое, што наша прадукцыя там сёння цэніцца, без неабходнай мадэрнізацыі можна ў хуткім часе страціць свае пазіцыі», — хвалюецца Ніна Балашэнка.

Розніца пакаленняў істотная: у першых цяпліцах няма штор, не прадугледжваецца асвятленне раслін, адсутнічае штучны туман, які патрэбны, напрыклад, для агурка. Новыя цяпліцы дапамагаюць эканоміць газ і маюць палепшаныя цеплаізаляцыйныя характарыстыкі. Таксама прадугледжваецца і камп'ютарная аўтаматыка, за кошт якой кантралюецца тэмпература. Рэгуляваць фортачкай мікраклімат у цяпліцах — азначае ў хуткім часе адстаць ад канкурэнтаў.

З прычыны таго, што новыя цяпліцы 5-га пакалення ўсё менш залежаць ад знешніх фактараў, яны не з танных. Акрамя таго, па словах дырэктара Уладзіміра Парчэўскага, каб рэнтабельна працаваць, неабходна штогод абнаўляць 2 га цяпліц. «Таксама варта задумацца і аб пашырэнні. Сёння плошчы дазваляюць павялічыць аб'ём цяплічнага комплексу да 25 га», — дадаў дырэктар. Але на ўсё гэта патрэбныя грошы. І немалыя. Банкаўская сістэма тут не памочнік — эканамісты прадпрыемства пралічылі, што крэдыты браць ім не выгадна. Асаблівыя надзеі ўскладаюцца на інвестыцыйную праграму Мінска на 2018 год, у якую трапіць прадпрыемству сёння жыццёва неабходна.

Склад нон-стоп

У заключэнне хацелася б крыху адысці ад цяпліц. За харчовую бяспеку ў краіне адказваюць не толькі прадпрыемствы, якія вырошчваюць гародніну, але і тыя, што яе захоўваюць. Без іх карціна будзе не поўнай. Адна з такіх арганізацый — гандлёва-закупачнае прадпрыемства «Партызанскае». У міжсезонне дзяржаўныя гандлёвыя арганізацыі могуць знайсці свежую гародніну і садавіну менавіта тут. Сёлета ў стабілізацыйны фонд Мінска будзе нарыхтавана 15 тысяч тон бульбы, 17,5 тысяч тон агародніны і 4 тысячы тон яблыкаў. Прычым 97,3% нарыхтоўкі гэтых прадуктаў прыпадае на «Партызанскае». Для захоўвання тут ёсць 12 сховішчаў, якія адпавядаюць усім неабходным патрабаванням. Агульная іх ёмістасць складае 67 тысяч тон. Закупляюць прадукцыю ў тым ліку і ў фермераў з усёй краіны. Яе закладка будзе забяспечана ў поўным аб'ёме да 15 лістапада, і да 31 мая па графіку яе будуць размяркоўваць. Гандаль агароднінай сёлета абяцаюць стабільны і бесперабойны.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Фінансавы бар'ер для гародніны

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.