Вы тут

Вясковец разводзіць кароў пад адкрытым небам


У народзе кажуць «Карова ў цяпле — малако на стале». Гэтую прымаўку абвяргае Мікалай ЦІВУНЧЫК з вёскі Сэрвач, што на Карэліччыне. Мужчына круглы год трымае свой статак пад адкрытым небам без якой-небудзь паветкі, але ва ўсе сезоны атрымлівае ад скаціны малако. Пры гэтым выглядаюць жывёлы статнымі ды ладнымі...


Мікалай ЦІВУНЧЫК і яго памочнік Бім.

Зімою — на саламянай подсцілцы

Па адукацыі Мікалай шафёр. Як ён сам кажа, «вырас на каровах», з 16 гадоў кастрыруе жывёл, умее іх лячыць. Больш за дзесяцігоддзе, з 1997-га па 2008-ы, быў загадчыкам жывёлагадоўчай фермы. Цяпер працуе там вартаўніком. Свой «дзікі статак» утрымлівае ўжо гадоў 15. Кажа, што такі метад гадоўлі падгледзеў у суседа, які ў свае 70 дагэтуль трымае некалькіх жывёлін без хлява.

— Карову на вёсцы мець выгадна. На яе ў калгасе і сена дадуць на зіму, і корм на полі большую частку года расце — траціцца не трэба, і з малаком ды прадуктамі з яго будзеш увесь год, — гаворыць Мікалай. — На мой статак з 45 галоў, вядома, сена не выдзеляць — сам нарыхтоўваю, але ж я дамаўляюся са старшынёй калгаса. Папросіш — дадуць і трактар, і касілку за невялікія грошы, а я ўзамен пустыя двары абкошваю, даглядаю, каб не было быльніку.

Атрымліваецца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Кінутых падворкаў у вёсцы сапраўды шмат, і ўтрымліваць іх у чысціні калгасу цяжкавата. А тут дзе Мікалай абкосіць, а дзе — яго каровы. Суседкі-бабулькі самі нават просяць, каб рагулі прайшліся па іх участку, навялі парадак.

Тэрыторыя за дваром Цівунчыкаў і некалькіх суседніх, дзе каровы праводзяць зіму ды кожную ноч, абгароджана электрапастухом.

— Трымаць кароў на прыродзе не складана. Галоўнае, каб вада была. За суткі ўзімку прыходзіцца вёдзер 200 з калодзежа выкручваць. Бывае, што пару гадзін чакаеш, пакуль ён зноў напоўніцца для наступнай пітной партыі, бо вычэрпваеш усё, — удакладняе гаспадар.

Каб статак нармальна сілкаваўся зімою, ім патрэбна каля 20 тон сена. Хоць з'есці яны могуць і салому, з якой Мікалай робіць подсцілку таўшчынёй 5—10 сантыметраў, каб каровы не ляжалі на снезе.

— Гной мне выкідваць не прыходзіцца — усё ў глебу сыходзіць, — дадае ён. — А як холадна, дык яны ўкладваюцца на салому шчыльненька, ледзьве не адна на адну, грэюцца.

Калі мароз не моцны, да 15 градусаў, гаспадар зусім не хвалюецца пра свой статак. Калі ж тэмпература апускаецца ніжэй, а карове настае час цяліцца, яна на суткі застаецца з цялём у хляве, каб яно высахла.

Такія бычкі памерам амаль з карову гадуюцца на прыродзе.

— Аднойчы карова днём дваіх прынесла, я іх тады яшчэ на поле ганяў, а якраз снег выпаў. Вечарам шукаць кінуўся, думаў — усё, загінулі. Не, нармальна. Пераначавалі ў хляве — раніцай на вуліцу ды растуць сабе пры карове, — успамінае Мікалай. — Ім значна горш, калі адліга: слота ды дождж, чым мароз. Яны ў мяне жывуць, як лось, алень, зубр — у дзікай натуральнай прыродзе.

Калі зіма мяккая, то гаспадар ганяе іх пасвіцца і да снежня, а, па яго словах, «снежань з паловай студзеня як перажыў, так далей, глядзіш, ужо і вясной запахла, дзень даўжэйшы, сонца цёплае днём».

З малака на мяса

Спачатку Мікалай здаваў малако ад свайго статка. За літр меў ад дзяржавы 46 капеек. Два гады назад мусіў адмовіцца ад малочнага бізнесу, бо малакавоз прыязджаў у розны час і трэба было пільнаваць яго, а хто будзе скаціну ў гэты час глядзець?..

Цяпер прадае малако людзям (3-літровы слоік — 2 рублі, што значна танней, чым у краме), корміць ім парасят, сам п'е. Ад шасці кароў, якіх ён доіць раніцай ды ўвечары, атрымоўваецца за дзень у сярэднім 100 літраў малака.

— Даіў раней уручную 4—5 кароў, дык ажно рукі балелі. Пасля апарат купіў — лягчэй стала — карову за 3—4 хвіліны здойваю, — кажа гаспадар.

Цяпер Мікалай працуе толькі на мяса, таму каровы нейкі час не дазваляюць мне набліжацца, бо думаюць, што прыйшоў чарговы пакупнік іх сабе на ялавічыну адбіраць. Некаторыя нават гаспадара да сябе не падпускаюць. Аднак праз нейкі час жывёліны смялеюць, і неўзабаве я ўжо ледзьве не ў цэнтры статка.

Кароў, якіх упадабалі пакупнікі, Мікалай ловіць з дапамогай палкі з пятлёй на канцы, якой чапляе скаціну за рогі ці шыю. Нядаўна, кажа, прыязджалі грузіны, адразу пяцярых кароў на вяселле для 800 гасцей бралі.

— Займаюся гэтым па інерцыі не дзеля прыбытку. Увесь мой статак можна прадаць за 30 000 рублёў, аднак калі малочную карову людзям прадаеш, то за яе адну можна 2000 выручыць, — дзеліцца «мясной арыфметыкай» Мікалай. — Цялят выгадней прадаваць, бо за жывёліну да 100 кг разлічваюцца па жывой вазе па 4,50 рубля за кіло.

Некаторыя, дарэчы, спрабуюць узважыць карову ў сантыметрах. Мераюць скаціну ў даўжыню і праз гэта вызначаюць яе вагу, але Мікалай такому спосабу не давярае.

Летам — на вольным выпасе

Летам статак Цівунчыка шчыруе на 40 гектарах пашы каля ракі Сэрвач. З аднаго боку тут рака, з другога — доўгая ды глыбокая канава, праз якую проста так не пяройдзеш. Раней гэтак жа, паміж канавамі, і калгасныя статкі пасвіліся. Некалькі разоў за дзень Мікалай наведваецца паглядзець, дзе яго жывёлы. Зусім бескантрольна пакідаць іх, кажа, нельга.

Да сямі раніцы статак звычайна ўжо на месцы, назад кароў гаспадар стараецца вяртаць да цемнаты. Па дарозе скаціна яшчэ і паабапал шляху траву «абкошвае». Амаль усе каровы стрыножаныя, каб не надта разбягаліся па полі.

Штогод у статку нараджаецца каля 15 цялят. Дарэчы, хоць пасуцца каровы недалёка адна ад адной, цяліцца яны адыходзяць на некалькі кіламетраў.

— Бывае, расцеліцца карова ў полі, дык тое цяля пару тыдняў не адшукаеш, бо хаваецца па кустах, пакуль мамка яго сама ў статак не прывядзе. Нават калі будзеш за каровай сачыць, з раніцы прыгнаўшы іх на поле, яна да цяляці не пойдзе, калі ўбачыць, што ты назіраеш.

Дапамагаюць ганяць жывёл на пашу ды дахаты тры сабакі. А яшчэ ў Мікалая надзейная падтрымка з жонкі Людмілы, што працуе на ферме даяркай, і трох сыноў. 21-гадовы Мікіта нізавошта не хоча ехаць у горад, сярэдні Ігнат у свае 19 адпрацаваў год у Мінску і таксама вярнуўся на радзіму, малодшы Ілья цяпер у 10-м класе.

— Прывыклі дзеці да вёскі. Паедуць на пару дзён у горад ды назад уцякаюць, як я іх туды ні пхну. Мне здаецца, там лепш, у горадзе, напэўна. І выхадныя ёсць, — уздыхае Мікалай.

У гаспадарцы Цівунчыкаў яшчэ два кані і два жарабяці. На адным гаспадар сам працуе, што трэба прывезці ці ўзараць, другі — амаль увесь час у людзей, што каму трэба ў агародзе зрабіць.

— Не дзеля прыбытку каня пазычаю, а каб чалавек на вёсцы выжыў. Ёсць тыя, хто можа аддзячыць чым, а ў кагосьці і даць няма чаго, дык што ж, не дапамагаць ім? — тлумачыць руплівы гаспадар, які сам, дарэчы, не п'е і не паліць, як і тры яго сыны.

Гадаванне кароў пад адкрытым небам — з'ява не новая. Яшчэ ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя на захадзе цэнтральнага раёна Францыі ў правінцыі Лімож, які адметны суровымі зімамі і традыцыйнай жывёлагадоўляй, разводзілі кароў, чыя парода па назве мястэчка атрымала імя лімузінская.

Гэтыя жывёлы лёгка пераносяць мароз у 20—35 градусаў і мяцеліцы пры ўмове наяўнасці грубых кармоў і абавязковай засцярогі ад ветру. Яны прыстасоўваюцца да розных кліматычных умоў і могуць харчавацца на пашах з кароткай травой, у тым ліку на горных лугах. З прычыны такой непатрабавальнасці і высокай пладавітасці, а таксама добрых мясных якасцяў гэтай пароды цяпер яе разводзяць у 70 краінах свету на пяці кантынентах, у тым ліку і ў Беларусі славутыя «лімузіны». Праўда, гадуюць іх тут не зусім, а дакладней, зусім не так, як мелася ў Францыі.

Хоць кліматычныя ўмовы Францыі ды Беларусі адрозніваюцца, ды і такімі генамі, як лімузінскія, нашы мясцовыя кароўкі не валодаюць, тым не менш, як бачым, яны спраўляюцца.

Каментарый спецыяліста

Уладзімір МЯДВЕДСКІ, загадчык кафедры гігіены жывёл Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, прафесар, доктар сельскагаспадарчых навук:

— Продкі нашых свойскіх жывёл — ласі, казулі, зубры — круглы год ходзяць па лесе, аднак мы не маем ад іх ніякай прадукцыі. А свойскія жывёлы прызначаны для таго, каб атрымліваць ад іх мяса ды малако. Яны спешчаныя, і для камфортнага жыцця ім патрэбны ўмовы з тэмпературай ад нуля да 10 градусаў цяпла. Для гэтага абавязковы хоць бы хлеў, дзе яны схаваюцца да ветру, сцюжы і снегу. Інакш жывёле трэба аддаць энергію корму найперш на абагрэў свайго арганізма.

Калі гэта непрадукцыйная жывёла, якую выкарыстоўваюць для атрымання мяса ці аднаўлення статку, яна не патрабуе такога догляду і цяпла, як малочная. Многія гаспадаркі ў нашай краіне гадуюць жывёл пад адкрытым небам, робяць ім навес, аднак пры гэтым камфорту няма. Да таго ж іх трэба забяспечваць вадой, а ў халодных умовах яна будзе замярзаць, і жывёлы, як правіла, ядуць пры гэтым снег. Атрымліваецца непрадукцыйнае выкарыстоўванне кармоў.

У нас зімой бывае да 30 градусаў марозу — куды схавацца жывёлам, калі няма хлява? Яны збіваюцца ў гурты. Аднак гэта некамфортнае ўтрыманне, а нават, я сказаў бы, здзеклівае. Многія прыватнікі, каб зэканоміць на будаўніцтве памяшканняў, такім чынам спрабуюць утрымліваць жывёл. Аднак калі гэта малочная скаціна, якую трэба даіць у памяшканні абавязкова, такія жывёлы хутка выбракоўваюцца са статку, адпраўляючыся на мяса.

Ірына СІДАРОК

sidarok@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Яны ў мяне жывуць, як зубры...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».