Вы тут

Чаму варта завітаць на юбілейны канцэрт Аляксандра Анісімава?


Заўтра, 8 кастрычніка, адзначае свой 70-гадовы юбілей галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі Аляксандр
Анісімаў. Сёння маэстра Анісімаў — адзін з самых запатрабаваных дырыжораў Беларусі і Расіі. Найчасцей яго можна бачыць на сцэне Белдзяржфілармоніі. Аднак ён — жаданы госць сімфанічных аркестраў і тэатраў Еўропы, Азіі і Амерыкі.


Дырыжыраваннем Анісімаў займаецца ўжо больш за 50 гадоў. Кожная яго праграма — гэта дэталёва прадуманая і ўмела зрэжысіраваная музычная акцыя, з пэўным сюрпрызам, прэм'ерай, нечаканым паваротам. Дырыжор выкарыстоўвае партытуры сучасных беларускіх аўтараў, адкрывае публіцы новыя імёны салістаў.

Асабліва цікавыя праграмы класічнай музыкі, якія рэдка выконваліся ці зусім невядомыя ў Мінску: Гія Канчэлі, Дзмітрыя Шастаковіча, Сяргея Пракоф'ева, Бэла Бартака, Рыхарда Штрауса, Аляксандра Цамлінскага, Рыхарда Вагнера, Іагана Себасцьяна Баха, Фрыдрыха Гендэля.

У гонар свайго юбілею Аляксандр Анісімаў 26 кастрычніка будзе ладзіць святочны канцэрт у філармоніі. Для гэтай дзеі маэстра абраў сачыненне, пра якое ў архівах філармоніі няма дакладных звестак: ці выконвалася яно ў Мінску. Ва ўсякім разе, апошнія 40 гадоў — не. Гэта «Урачыстая меса» Людвіга ван Бетховена. Грандыёзная работа на 120 хвілін, якая ўяўляе сабой адзін з самых папулярных твораў сусветнага рэпертуару класікі.

«Меса» ставіць перад выканаўцамі — аркестрам, хорам, салістамі, арганістам, дырыжорам — вельмі складаныя задачы, што і ўзмацняе інтрыгу гэтага вечара. Можна быць упэўненым, што гасцей канцэрта чакае яшчэ адно зусім неверагоднае музычнае адкрыццё. І ўсе, хто ў гэты вечар выйдзе на сцэну, будуць несці ў залу энергію шэдэўра, чароўнае святло музыкі.

У канцэрце 26 кастрычніка возьмуць удзел капэла імя Шырмы, салісты — Ірына Крыкунова (Расія), Святлана Шылава (Вялікі тэатр, Расія), Герхард Шульц (Германія), Іван Кузьмін-Караваеў («Новая опера», Расія), арганіст — прафесар Ігар Алоўнікаў і, вядома ж, юбіляр — маэстра Аляксандр Анісімаў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Чароўнае святло музыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».