Вы тут

Як кожны дзень ездзіць на розных аўтамабілях?


Не так даўно «Звязда» пісала пра каршэрынг — арэнду аўтамабіля на невялікі тэрмін з пагадзіннай аплатай. Пакуль такі сэрвіс нельга назваць канкурэнтам таксі ці іншых відаў транспарту, але ў якасці альтэрнатывы — ідэя нядрэнная. Аднак каршэрынг — не адзіны варыянт, калі вам захацелася знайсці новы спосаб перамяшчэння па горадзе і за яго межамі. Сёння ў Беларусі актыўна працуе карпулінг — з яго дапамогай чалавек можа хоць кожны дзень ездзіць на новым аўтамабілі, але часцей на пасажырскім сядзенні, пры гэтым аплачваючы толькі паліва. Як функцыянуе карпул у нашай краіне, высветліў наш карэспандэнт.


Тэорыя і практыка

Карпулінг, ці карпул, — гэта сумеснае выкарыстанне асабістага аўтамабіля рознымі людзьмі з дапамогай сэрвісаў па пошуку спадарожнікаў. Кошт паліва на паездку дзеліцца прапарцыянальна паміж усімі ўдзельнікамі, маршрут жа выбіраецца аптымальны для вадзіцеля транспартнага сродку.

Карпулінг бывае розны, класічны — гэта паездкі на адлегласці ад 100 кіламетраў, адпаведна, склад удзельнікаў плануецца загадзя. Больш папулярным становіцца райдшэрынг у межах горада. Яшчэ адзін від такога сэрвісу — пастаянны або рэгулярны райдшэрынг. Напрыклад, калега жыве ў суседняй кватэры і ездзіць на работу на асабістым аўтамабілі. Вы можаце кожны дзень ездзіць разам, падзяляючы выдаткі на паліва паміж сабой.

Што датычыцца пераваг гэтага сэрвісу, то эканомія — як для кіроўцы, так і для спадарожнікаў — немалая. Бо тут ты плаціш менавіта за паліва, а не за паслугі перавозкі. Але варта зрабіць агаворку: кіроўцы самі прызначаюць цану за паездку, таму падман з іх боку не выключаны. Яшчэ адна перавага заключаецца ў тым, што меншая колькасць аўтамабіляў на дарогах значна зніжае трафік, а гэта вялікі плюс для горада. Найважнейшы аспект карпулінгу — памяншэнне аўтамабільных выкідаў. Іншымі словамі, карыстальнікі карпулінгу не толькі эканомяць, але клапоцяцца пра экалогію.

Вядома, ёсць і мінусы, прычым немалыя. Па-першае, большасць аўтавытворцаў не падтрымлівае падобныя сэрвісы: для іх лепш, каб кожны купіў сабе аўтамабіль, а не дзяліў адзін з іншымі. Вядома, не ўхваляюць гэта і таксаматорныя арганізацыі, бо, па сутнасці, іх функцыі выконваюць звычайныя людзі, якія не плацяць за падобную дзейнасць падаткі. Ёсць мінусы і для саміх карыстальнікаў: аўтамабіль можа трапіць у аварыю, што затрымае час паездкі. Акрамя таго, часам кіроўцу трэба заязджаць за спадарожнікамі, а гэта таксама адымае час. Магчыма, самая вялікая праблема, якая стрымлівае імклівы рост папулярнасці карпулінгу, — бяспека пасажыраў і кіроўцаў. Кіроўца можа задумаць нешта крымінальнага характару, таксама як і адзін з пасажыраў можа здзейсніць злачынства. Вядома, усё гэта толькі тэорыя. Як жа на практыцы працуе такая паслуга ў Беларусі?

Айчынныя рэаліі

Каб пачаць карыстацца гэтым сэрвісам у нашай краіне як у якасці кіроўцы, так і ў якасці пасажыра, дастаткова зарэгістравацца на адным з сайтаў у інтэрнэце. Большая іх частка — гэта сэрвісы, зарэгістраваныя ў Расіі, аднак і на іх даволі лёгка можна адшукаць маршруты на тэрыторыі нашай краіны. Усім удзельнікам, якія актыўна карыстаюцца такімі сайтамі, выстаўляецца ацэнка. Акрамя таго, многія пакідаюць каментарыі пра чалавека: як праявіў сябе ў паездцы, ці ўзнікалі праблемы. Гэта дазваляе быць упэўненым у выбары спадарожнікаў.

Існуе і айчынны сайт, прысвечаны карпулу, які быў запушчаны каля 5 гадоў таму, але, мяркуючы па ўсім, ён больш не працуе: зарэгістравацца не атрымліваецца, новыя маршруты не з'яўляюцца. А вось расійскія сайты сапраўды квітнеюць: па адным маршруце, напрыклад Мінск—Масква, выдае больш за 50 варыянтаў. У працэсе вывучэння варыянтаў для паездкі выяўляецца дзіўная рэч. Справа ў тым, што часцей за ўсё ў аўтамабілі — няхай гэта будзе седан, хэтчбэк або пазадарожнік — адно месца для вадзіцеля, а таксама тры — для пасажыраў. У рэдкіх выключэннях ёсць трэці рад сядзенняў, на якім худа-бедна змяшчаюцца дзеці, але дарослым у доўгай дарозе будзе нязручна. А сярод прапанаваных варыянтаў на тую ж Маскву фігуруе такая колькасць свабодных месцаў, як 7 або 8. У дэталях паездкі часам паказваюць марку і мадэль аўтамабіля. І, вядома, такую колькасць месцаў могуць дазволіць толькі мікрааўтобусы.

Пра што гэта сведчыць? Пра тое, што гэта, па сутнасці, звычайныя маршруткі. Напрыклад, у каментарыях да кіроўцы Данііла, які прапануе восем вольных месцаў, ёсць наступны водгук ад Аляксандра: «Нармальная паездка, толькі гэта прыватнае возніцтва на маршрутцы, без папярэджання. Трэба пісаць пра гэта загадзя». На што кіроўца парыруе: «Гэта не прыватны развоз, і дакладна не на маршрутцы, гэта асабісты аўтамабіль, проста вялікі. Перад тым, як ехаць, цікаўцеся, на чым вы едзеце». Вядома, гэта цалкам можа быць і так, аднак варта быць асцярожным: да магчымага нелегала не прад'явіш прэтэнзіі за няякасную паездку.

Наколькі выгадна карыстацца такім сэрвісам? Цана самага таннага варыянта па маршруце Мінск—Масква — крыху больш за 30 беларускіх рублёў. Калі ехаць на цягніку, то плацкарт абыдзецца мінімум у 70 рублёў, калі абраць аўтобус, то можна знайсці варыянт за 45 рублёў. Выгадна? Сапраўды, так.

Адлегласць ад Мінска да Брэста можна пераадолець за 15 беларускіх рублёў. Па гэтым маршруце можна дабрацца за 5 беларускіх рублёў у агульным вагоне цягніка, але час у шляху складзе чатыры з паловай гадзіны. Квіток на аўтобус — ад 13 рублёў, з прыпынкамі гэта таксама адбярэ больш часу.

А калі ўзяць, скажам, зусім невялікія адлегласці? Ад Мінск да Барысава — крыху больш за 60 кіламетраў. На сайтах карпулу можна знайсці варыянты ўсяго за 3 беларускія рублі. На аўтобусе ці маршрутцы — каля 4 рублёў, на цягніку — ад паўтара рубля. Увогуле, цалкам супастаўныя сумы.

Асабісты вопыт

Вядома, лепш за ўсё пра карпул могуць расказаць самі карыстальнікі. Менеджар ЕРАM Вольга Казлова здзейсніла дзве першыя паездкі літаральна на мінулым тыдні. «І я ехала не на пасажырскім сядзенні, а сама была вадзіцелем, — адзначае Вольга. — У мяне ўласны аўтамабіль, захацелася з'ездзіць да бацькоў у Віцебск».

Дзяўчына зарэгістравалася на расійскім сайце, прапанавала свой маршрут і стала чакаць. «З таго моманту, як сэрвіс пацвердзіў паездку, прайшоў літаральна дзень — і я ўжо знайшла сабе спадарожнікаў, — адзначыла Вольга. — Так, былі невялікія складанасці: некаторым спадарожнікам, якія пагадзіліся ехаць са мной, я не магла датэлефанавацца. Давялося адмовіць ім і шукаць новых пасажыраў, але і яны знайшліся вельмі хутка».

Пасля таго, як тры пасажыры былі зацверджаны, яна вывучыла іх профілі, якія былі прывязаныя да сацыяльных сетак. «У асноўным гэта былі студэнты, нічога негатыўнага я не ўбачыла», — адзначыла Вольга.

На сваю першую паездку Вольга ўстанавіла цану, якая была крыху ніжэйшай за рэкамендаваную сэрвісам, — 9 рублёў з чалавека. «Гэта танней за маршрутку, але крыху даражэй за цягнік. Але ж той жа цягнік не заўсёды ходзіць у зручны час, — патлумачыла дзяўчына. — Дарэчы, нягледзячы на ўсталяваную цану, пасажыры ўсё роўна заплацілі па 10 рублёў. На зваротную паездку была тая ж цана».

— Паліва на дарогу туды і назад я адбіла цалкам. І гэта пры тым, што мая машына не самая эканамічная. Атрымалася так, што для мяне гэтыя паездкі выйшлі бясплатнымі, так што планую і далей карыстацца падобным сэрвісам, — дадала дзяўчына.

Супрацоўніца юрыдычнай кампаніі «Мартыненка і партнёры» Юлія ДЫМША карыстаецца карпулам з гэтага года ў якасці пасажыра. «Звычайна раблю гэта раз у месяц, — кажа дзяўчына. — Езджу з Мінска ў Бярозу дадому. Калі параўноўваць з плацкартам, то выходзіць на два рублі даражэй».

Бяспека Юлію хвалявала не надта. «Усё гэта цяпер маніторыцца, у любым выпадку, калі нешта пойдзе не так і дамоўленасць не выканаецца, то магу ўсё пракантраляваць самастойна, паколькі я юрыст, — адзначыла яна. — Перш, чым паехаць, вывучаю профіль кіроўцы. Як правіла, калі ёсць фатаграфія чалавека, паказаны тэлефон, ёсць водгукі, то хутчэй за ўсё ты абярэш добры варыянт».

— Тры самыя вялікія перавагі карпулу? Па-першае, гэта хутка. Па-другое, гэта зручна, таму што кіроўца падладжваецца пад цябе, можа даставіць цябе куды заўгодна. Па-трэцяе, гэта камфортна, — рэзюмавала Юлія.

Замест заключэння

Карпул у Беларусі актыўна працуе: расійскія інтэрнэт-пляцоўкі прапаноўваюць мноства варыянтаў на розны цэнавы дыяпазон. Кожны можа знайсці сабе зручны маршрут на зручны час. Ёсць сэнс выбіраць падобны сэрвіс як на кароткія, так і на доўгія паездкі, а на апошніх з дапамогай карпулу можна сэканоміць значныя сродкі. Але ўсё ж такі асцярожнасць не перашкодзіць: варта вывучаць профілі магчымых спадарожнікаў. Карпул — выдатная альтэрнатыва, калі расклад цягнікоў і аўтобусаў не падыходзіць, а дабрацца да месца трэба хутка і пажадана ў камфортных умовах.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?