Вы тут

Самі супраць сябе?


Ніне Анатолеўне за 70. У кардыялагічнае аддзяленне яна трапіла з гіпертанічным крызам — гэта калі так званы верхні ціск дасягае 200 мм рт. сл. Літаральна за тры дні яе паставілі на ногі — артэрыяльны ціск нармалізаваўся. Больш за тое, правялі шмат нятанных відаў абследаванняў. Усё аказалася ў норме. А лечачы ўрач так і сказала: калі б вы, шаноўная спадарыня, паспрабавалі гэтак абследавацца за сваю пенсію, то... Адным словам, ніякай пенсіі Ніне Анатолеўне не хапіла б. І яна гэта разумее. Выглядае нібы ўдзячнай. Але мне цікава, адкуль жа ўзяўся рэзкі скачок. Аказалася, шмат гадоў таму пацыентка перанесла інфаркт і з таго часу ўжывае цэлы шэраг прызначаных лекавых прэпаратаў. І тут высвятляецца, што не ўжывае, а павінна ўжываць. Бо апошнім часам яна падумала адмовіцца ад... стацінаў! Гэта цэлая група лекаў, якія зніжаюць колькасць халестэрыну ў крыві. Не сакрэт, што халестэрын бывае «добры» і «дрэнны». Лекі-стаціны скіраваныя на змяншэнне колькасці менавіта «дрэннага». Высокія яго значэнні ўказваюць на такое захворванне, як атэрасклероз. А ён, у сваю чаргу, разам з высокім артэрыяльным ціскам прыводзіць да ішэмічнай хваробы сэрца і ўрэшце да інфаркту міякарда або інсульту галаўнога мозга.


«У мяне ад гэтых стацінаў галава баліць, добра будзе і без іх», — кажа Ніна Анатолеўна. Сапраўды, усе лекі, і гэтыя не выключэнне, маюць пабочныя эфекты. Сярод іх у тым ліку галаўны боль і іншыя непрыемнасці. Здараюцца яны далёка не ва ўсіх, і калі з'яўляюцца, трэба гэта абмяркоўваць са сваім урачом, каб той шукаў у вялікім арсенале лекаў тое, што падыходзіць найлепшым чынам. Аднак на практыцы пацыенты аказваюцца самі сабе дактарамі. Памяншаюць дозу прэпарату, а затым і наогул па-ціхаму адмаўляюцца ад прыёму. А пасля ў нас урачы аказваюцца вінаватымі — не пераканалі, не данеслі інфармацыю... Пэўна, гіпертанічны крыз добра данёс.

У кардыялагічным аддзяленні іншай клінікі можна бачыць на абследаванні адразу некалькі маладых хлопцаў прызыўнога ўзросту. Ім тут вымяраюць артэрыяльны ціск і ўсё той жа ўзровень халестэрыну. Здаецца, які там халестэрын у 17 гадоў?! Аказваецца яшчэ які, дый не тое што ў 17... Тыя ж стаціны «ад халестэрыну» сёння прызначаюць ужо з 8 гадоў! Калі ў дзіцяці — дрэнная спадчыннасць, у кагосьці з бацькоў быў ранні інфаркт міякарда або інсульт (у жанчын — да наступлення 55 гадоў, у мужчын — да 60 гадоў). Такая сямейная гіперхалестэрынемія можа забяспечыць дзіцяці вельмі высокі ўзровень халестэрыну — ад 8 мм/л. Займаюцца такімі пацыентамі педыятры разам з дарослымі кардыёлагамі — так сёння пачынаючы з дзіцячага ўзросту выяўляюцца групы рызыкі. Выяўляць іх выяўляюць, але што далей? Мяркуючы па тых, каго можна бачыць у клініцы, не ўсе бацькі ўсведамляюць, наколькі важна не проста выявіць, але і займацца прафілактыкай сардэчна-сасудзістай паталогіі. А паколькі не ўсведамляюць, то вось вам у 17 гадоў і ярка выражаныя гіпертонікі.

— Штогод праз наша аддзяленне праходзіць ад 70 да 100 маладых людзей з ліку прызыўнікоў, — расказвае загадчыца інфарктнага аддзялення №2 10-й мінскай гарадской клінічнай бальніцы, урач-кардыёлаг вышэйшай катэгорыі Наталля ПАЛЯЎКОВА. — Вайсковая ўрачэбная камісія накіроўвае да нас на даабследаванне, калі ёсць падазрэнні або ўжо з пастаўленым дыягназам артэрыяльнай гіпертэнзіі, анамаліямі развіцця сэрца — хордамі, пралапсамі... У палове выпадкаў маладыя людзі з павышаным ціскам маюць атлусценне. Мы высвятляем, з чым гэта звязана — з гарманальнымі парушэннямі або нерацыянальным харчаваннем і нізкай фізічнай актыўнасцю. Калі праблема носіць гарманальны характар, даём накіраванне да ўрача-эндакрынолага. Калі выяўляюцца нейкія іншыя парушэнні здароўя, то ў залежнасці ад паталогіі накіроўваем да неўролага, гастраэнтэролага... Праз два тыдні комплекснага абследавання даём рэкамендацыі па лячэнні, якое павінна ажыццяўляцца па месцы жыхарства...

Выпіскі накіроўваюцца як у ваенкамат, так і ў паліклініку, дзе ўчастковы тэрапеўт павінен працягваць лячэнне. Практыка паказвае, што лячыцца хлопцы, мякка кажучы, не спяшаюцца. Праходзіць дапрызыўнае медабследаванне неабходна кожны год, аж да наступлення 27-гадовага ўзросту, а таму спяшацца палепшыць свае паказчыкі — не рэзон. Хлопцы трымаюцца за свае паталогіі рукамі і нагамі. Прычым у прамым сэнсе.

Чым вышэйшая ступень захворвання, тым для хлопцаў, аказваецца, лепш. Хтосьці атрымлівае адтэрміноўку на паўгода-год, нехта адразу на тры. А за гэты час можна пастарацца жыць так, каб захворванне пачало прагрэсіраваць, развіліся ўскладненні.

Я гляджу на аднаго такога пацыента на калідоры клінікі і спрабую зразумець... Не, я адмаўляюся гэта разумець! Сёння армія для маладога чалавека — не зло. Усё ж такі не савецкія часы. Мае знаёмыя, што нядаўна прайшлі гэту школу жыцця, вельмі выгадна адрозніваюцца ад тых, хто такой загартоўкі не атрымаў. Гэта першае. Па-другое, пазбягаць арміі цаной свайго здароўя — вы мне выбачайце...

Як атрымалася, што ў нашым грамадстве павырастала пакаленне мужчын, гатовых стаць хронікамі і інвалідамі ўжо літаральна пасля 30, пазбавіць сябе магчымасці як мага даўжэй дапамагаць сваім бацькам? Няўжо сапраўды моладзь думае, што трапіць у хуткай будучыні з прычыны інфаркту на аперацыйны стол або расціць хворых дзяцей (а адкуль узяцца здаровым у хворага таты?) — больш выйгрышна ў параўнанні са службай у арміі? Няўжо і гэтыя пасля асмеляцца сказаць, што ім ніхто не растлумачыў, не папярэдзіў, не засцярог?

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Журналіст ўзначаліла прадстаўніцтва Міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір» у нашай краіне.

Грамадства

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі.