Вы тут

«Страчаныя абліччы» — у Літаратурным музеі Янкі Купалы


Выстава «Страчаныя абліччы», што днямі адкрылася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, па-свойму ўнікальная. Гэта праект-мемарыял, прысвечаны беларускім літаратарам, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 1920—1950-я гады. У адной экспазіцыі сабраныя асабістыя рэчы, дакументы, рэдкія зборнікі твораў, а таксама пратаколы з допытаў і нават рэчы, знойдзеныя ў Курапатах. Прадметы, выстаўленыя тут, не толькі з Літаратурнага музея Янкі Купалы: да справы падключыліся, прадставіўшы свае фонды, Музей гісторыі беларускай літаратуры, Архіў-музей літаратуры і мастацтва, Нацыянальны гістарычны музей.


Невялікі экскурс па выставе для чытачоў «Звязды» зладзіў куратар Павел КАРАЛЁЎ:

«На выставе можна ўбачыць увесь працэс пераследу літаратараў: спачатку падазрэнне ў прыхільнасці да нацыянальнай ідэі, затым першыя арышты, допыты, пасля высылкі і, у рэшце рэшт, расстрэл. Мастацкае ўвасабленне, створанае Аляксандрам Давідовічам, дазваляе нам адчуць гэта вельмі поўна.

На месцы сённяшняга музея Янкі Купалы калісьці стаяў яго дом, куды завітвалі калегі, знаёмыя. Адсюль ён, можна сказаць, дабраслаўляў многіх людзей на паэзію. І тут зведаў шматлікія пакуты, калі яго пачалі выклікаць на допыты ў ДПУ па так званай справе «Саюза вызвалення Беларусі» (сёння зразумела, што такой арганізацыі насамрэч не існавала).

Можна ўбачыць пратаколы, падпісаныя на допытах рукой Янкі Купалы. Ён гаворыць пра сваю п'есу «Тутэйшыя» і кажа, што не можа зразумець, у чым яго абвінавачваюць? І якая можа быць віна ў тым, што дома збіраліся сябры і калегі?.. Калі прыйшоў час прызнаць віну і назваць тых, што яшчэ вінаваты... У некалькіх месцах пратаколаў занатавана, што Янка Купала «не ідзе на супрацоўніцтва і ісці не хоча».

Допыты былі адной прыкметай таго часу. А другой — узнагароды. Купалу ўзнагародзілі ордэнам Леніна, Сталінскай прэміяй — можна ўбачыць адпаведныя дакументы. Гэта была дваякая сітуацыя, і паэт яе добра разумеў. Праз пяць дзён пасля допыту ён піша запіску на імя Чарвякова (за пяць дзён да спробы самагубства): «Уміраю, зважаючы на тое, што лепш смерць фізічная, чым незаслужаная смерць палітычная. Відаць, такая доля паэтаў. Застрэліўся Ясенін, павесіўся Маякоўскі. Ну і мне туды за імі дарога». Паэт спрабаваў забіць сябе, усадзіўшы нож у жывот. Але маме з жонкай, якія знаходзіліся непадалёк, удалося яго ўратаваць. У экспазіцыі прадстаўлены нож, знойдзены калісьці на папялішчы Купалавай хаты, можа быць, той самы нож...

Маецца рарытэтны рукапіс, у якім Уладзіслаў Чаржынскі ў сваіх выпісах з беларускай літаратуры алоўкам закрэсліваў імёны тых, хто ўжо арыштаваны, — Язэпа Лёсіка, Усевалада Ігнатоўскага, Максіма Гарэцкага.

Можна ўбачыць кнігу з творамі Купалы за 1918—1928 гады. Асобнікаў гэтага выдання засталося зусім няшмат. Бо яго наклад у 1930 годзе не пусцілі ў продаж. Ёсць сведчанні, што старонкі кнігі выкарыстоўвалі проста для абгортак у крамах.

У цэнтры залы можна ўбачыць абліччы, якія для нас сёння ў многім страчаны... Дзмітрый Прышчэпаў, Аляксандр Цвікевіч, Язэп Пушча і іншыя. Гэта ўсё сябры Янкі Купалы. І лёс кожнага з іх для паэта мусіў быць пэўнай асабістай трагедыяй, калі ён даведваўся пра чарговае няшчасце.

Выстава прысвечана ў тым ліку і Цішку Гартнаму, з дня нараджэння якога сёлета спаўняецца 130 гадоў. Менавіта Зміцер Жылуновіч падпісваў дэкларацыю аб стварэнні ССРБ. Аднак, на жаль, далейшы лёс склаўся трагічна. У 1930-я гады ён быў пазбаўлены многіх пасад. Жыццёвы шлях абарваўся ў Магілёве пры да канца не высветленых абставінах. У экспазіцыі можна пабачыць сямейныя здымкі Цішкі Гартнага — з жонкай, з дзецьмі. Таксама прадстаўлены дакументы, у якіх жонка Гартнага ў пазнейшыя часы дамагалася яго рэабілітацыі.

На стэндзе за шклом можна ўбачыць два прыгожыя ручнікі — адзін Максіму Гарэцкаму вышывала мама, другі Міхасю Чароту — яго цётка. Раней такія ручнікі рабіліся, калі дзяцей выпускалі ў свет... Але хто ж мог ведаць, што іх выпраўлялі ў зусім іншую, незваротную дарогу.

На выставе змешчаны фотаздымак Міхася Чарота. Ужо калі патрапіў у турму, ён напісаў на сцяне такі верш:

«Прадажных здрайцаў

ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары,

Кажу вам — я не вінаваты,

Паверце — я не вінаваты».

Шматлікія дакументальныя сведчанні распавядаюць пра тое, як хутка ў той час рабіліся абвінавачванні. Напрыклад пасведчанне Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі на імя Алеся Пальчэўскага было выдадзена ў 1936 годзе. А ўжо праз пару месяцаў яго арыштавалі. Звычайна ў такіх пасведчаннях кожны год ставілі новую пячатку. Гэта ж так і засталося з толькі адной пазнакай.

Сярод самых трапяткіх і кранальных рэчаў — крохкая галінка верасу, засушаная Уладзімірам Дубоўкам, які зведаў не адну высылку. Такія прадметы сведчаць пра тое, што рэпрэсіўная машына не магла супрацьстаяць галоўнаму — любові да Беларусі і да тых, хто побач.

Тут жа можна ўбачыць і вышыўку «Поўнач», зробленую ў лагеры ў Інце. Яна вышыта непасрэдна на лагернай вопратцы Зояй Коўш — дачкой вядомага дзеяча, святара Аляксандра Каўша, — дзяўчына таксама зведала, што такое сталінскія лагеры.

Сяргей Новік-Пяюн, Ларыса Геніюш, Андрэй Александровіч, Максім Гарэцкі, Аркадзь Смоліч, Алесь Дудар — рэчы, што маюць дачыненне да гэтых творцаў, таксама прадстаўлены ў «Страчаных абліччах».

Па-свойму ўнікальны вялікі фотаздымак першай прэм'еры «Паўлінкі» ў Маскве, 1913 года. На ім можна ўбачыць маладога Купалу, адну з першых выканальніц галоўнай ролі, Паўліну Мядзёлку, таксама Браніслава Тарашкевіча. Гэта вельмі вядомае фота, але яно мае незвычайную гісторыю... Справа ў тым, што на ім зацёрта некалькі асоб. На выяве выдрапана і зафарбавана месца, на якім быў Аркадзь Смоліч — вядомы дзеяч, аўтар «Геаграфіі Беларусі». Верагодна, яго зацёрлі, каб не паказваць сувязь з чалавекам, якога ўжо арыштавалі, — гэта было непажадана. Побач у экспазіцыі размешчаны такі ж здымак, дзе яшчэ ёсць выява Аркадзя Смоліча. Яшчэ ў аднаго чалавека быццам бы дамаляваная барада.

На інсталяцыі «Пасля вобшуку» перакулены рэчы, раскіданы кнігі... На адным са змятых аркушаў, што ляжаць на падлозе, калі яго разгарнуць, можна прачытаць верш Алеся Дудара «Пасеклі край наш» (у свой час яго перадавалі з рук у рукі). За адзін гэты твор паэт атрымаў першую высылку ў Смаленск.

У асобнай экспазіцыі выстаўлены рэчы, знойдзеныя пры раскопках у Курапатах, — гузікі, акуляры, гільзы, муштукі. На адным грабеньчыку з аднаго боку напісана: «Цяжкія хвіліны зняволенага. Мінск 25.04.1940. Думка пра вас даводзіць мяне да роспачы». А на адвароце гэтага грэбеня можна прачытаць: «26.04. Расплакаўся. Цяжкі дзень».

Сярод выяў тых, хто быў расстраляны ў тую страшную ноч, — Уладзіслаў Галубок, Міхась Чарот, Адам Бабарэка, Платон Галавач і іншыя.

Пэўнай іроніяй выглядае паштоўка з асабістага архіва Міхася Чарота. На яе пярэднім плане пазначана дата — сакавік 1917 года. Кагосьці вызвалялі з турмы пасля Лютаўскай рэвалюцыі, і на паштоўцы напісана: «Товарищ, вы свободны». Але іншай рукой, з самага верху, дапісана пытанне: «Вы, я, хто свабодны?»

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Без віны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».