Вы тут

Як аптымізаваць сістэму адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення?


З моманту набыцця суверэнітэту ў Беларусі практычна не змянялася сістэма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення. Пры гэтым з пункту гледжання эканамічных рэалій, пад якія яна і падладжвалася, у краіне адбыліся некаторыя папраўкі — зніклі і з'явіліся сельскагаспадарчыя і прамысловыя прадпрыемствы, змянілася шчыльнасць насельніцтва... Ці мае сэнс сёння задумацца аб узбуйненні раёнаў і перападпарадкаванні іх адміністрацыям на больш высокім узроўні? Ці, наадварот, лепш раздзяліць вобласці на дробныя адзінкі, зыходзячы з эканамічнай практычнасці?


Сем разоў адмерай...

На думку кандыдата эканамічных навук, загадчыка аддзела сусветнай эканомікі і знешнеэканамічных даследаванняў Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Таццяны Вярцінскай, адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне краіны не заўсёды з'яўляецца аптымальным. «Сёння ў нас існуе розніца паміж гарадамі і раёнамі па колькасці насельніцтва, па эканамічным патэнцыяле, па сацыяльнай інфраструктуры. У ідэале мы павінны арыентавацца на комплекснае развіццё рэгіёнаў», — расказала эксперт. Гэта азначае, што жыхар у любым рэгіёне павінен быць забяспечаны работай, сацыяльнай інфраструктурай, якая адпавядае экалагічнаму асяроддзю. «У мяккім варыянце працэс аптымізацыі ўжо ідзе. Гэта можна назіраць на ўзроўні сельсаветаў, калі яны аб'ядноўваюцца, асабліва там, дзе ёсць маланаселеныя вёскі. Таксама можна казаць пра тое, што шэраг гарадоў абласнога падпарадкавання, такія як Пінск, Баранавічы, Бабруйск, могуць аб'ядноўвацца з адпаведнымі раёнамі. Можна яшчэ назваць і гарадскія цэнтры ў абласцях, якія таксама могуць аб'яднацца з адпаведным раёнам», — растлумачыла спецыяліст. Але яна лічыць, што спачатку трэба дэталёва вывучыць гэтае пытанне, таму што неабгрунтаванае рашэнне можа прывесці да пашырэння зон адказнасці, перанапружання кіраўніцкіх кадраў, зніжэння якасці выканання службовых абавязкаў.

Аб надзённым і радыкальным

На думку эксперта, праблема, якую можна вырашыць у найбліжэйшы час, звязана з Мінскам. «Тут высокая канцэнтрацыя насельніцтва. Мы ведаем, што пачалі развівацца гарады-спадарожнікі. Калі яны будуць далей актыўна расці, то ўзнікне праблема кіравання імі. Такім гарадам патрабуецца свая ўласная адміністрацыя, якая дазволіць вырашаць мноства праблем у звязцы са сталіцай у рамках мінскай агламерацыі, якая фарміруецца», — растлумачыла Таццяна Вярцінская. Паводле яе слоў, на ўзроўні экспертаў абмяркоўваецца варыянт стварэння сталічнага рэгіёна. Ёсць сэнс у тым, каб аб'яднаць Мінск з прылеглымі тэрыторыямі, у якія ўключаліся б гарады-спадарожнікі, і гэта магло б стаць сур'ёзным крокам на шляху аптымізацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення.

На думку спецыяліста, навукоўцам вядомы і больш радыкальны варыянт — гэта поўнае перакройванне ўсёй адміністрацыйна-тэрытарыяльнай сеткі. «Калі мы звернемся да замежнага досведу, то заўважым, што часам тут можа дзейнічаць знешні фактар. Напрыклад, калі аб'ядноўвалася Еўропа, на ўзроўні наднацыянальных органаў паўстала пытанне аб неабходнасці ўніфікацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак па ўсёй тэрыторыі. Узнікала неабходнасць рэформаў. Такая рэформа была праведзена ў Польшчы, Літве», — расказала Таццяна Вярцінская. У Беларусі такога фактару пакуль няма. Калі ж з'явіцца неабходнасць у змяненнях, у сістэме кіравання эканомікай паўстане пытанне аб размежаванні функцый паміж абласным і раённым узроўнямі. Але навукоўцы ўжо адпрацавалі гэтыя мадэлі. Рэгіянальны ўзровень будзе адказваць за стратэгічныя кірункі, а раённыя будуць звязаны з забеспячэннем насельніцтва неабходным станам экалогіі, жыллёва-камунальнымі ўмовамі, дарожнай інфраструктурай. «Ёсць варыянт, які распрацоўваўся вельмі даўно навукоўцамі краіны. Калі гаворка ідзе пра пераход ад трохзвённай сістэмы (сельсавет, раён і вобласць, або першасны ўзровень, базавы і рэгіянальны) да двухзвённай. Гэта азначае, што замест шасці абласцей прапануецца каля 18 акруг, а замест сельсаветаў і раёнаў ствараюцца нізавыя ўзроўні, дзе больш актыўна будзе развівацца інстытут мясцовага самакіравання», — расказала Таццяна Вярцінская. Аднак, на яе думку, гэтая рэформа вельмі дарагая, бо змяняюцца ўсе дакументы, сістэма. Увасобіцца ў жыццё яна можа толькі пры ўмове крайняй неабходнасці, якой сёння няма. «Магчыма, у гэтым з'явіцца неабходнасць, калі адбудзецца лічбавая трансфармацыя краіны і больш актыўна будуць выкарыстоўвацца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі», — лічыць Таццяна Вярцінская.


Як адзначыў Дырэктар інстытута эканомікі НАН, кандыдат эканамічных навук, дацэнт Валерый БЕЛЬСКІ, пытанне змены меж тэрытарыяльных суб'ектаў краіны сёння не з'яўляецца першачарговым і актуальным. «Ёсць іншае важнае пытанне, якое заключаецца ў тым, каб змяніць некаторыя функцыі раённых адміністрацый. Часцей за ўсё кіраўніцтва ў раёне выконвае ў асноўным гаспадарчыя функцыі, падмяняючы паўнамоцтвы менеджараў прадпрыемстваў. Функцыянальнае ўдасканаленне мясцовай вертыкалі было б больш актуальным сёння», — рэзюмаваў Валерый Бельскі.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Працэс ідзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Чым можна падсілкавацца, і навошта гэта ядуць.

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.